Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвіслач: Шэсьце без сьцягоў (абноўлены)


Міхал Карневіч, Сьвіслач Паводле папярэдняй дамоўленасьці зь міліцыяй, шэсьце прайшло бязь бел-чырвона-белых сьцягоў. У акцыі ўдзельнічае некалькі сотняў чалавек – актывісты БНФ, АГП, БСДГ з Гарадзенскай вобласьці і Менску.

На магіле Віктара Каліноўскага выступіў лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка. Ён зазначыў, што ўшанаваньнем памяці нацыянальных герояў павінны займацца ў тым ліку і ўлады. В.Вячорка дадаў, што дзякуючы Кастусю Каліноўскаму моладзь удзельнічала ў намётавым мястэчку на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Ушанаваньне памяці паўстанцаў 1863 году працягнецца ў Якушоўцы. Там некалі стаяла сядзіба Каліноўскіх. У Якушоўцы павінен адбыцца канцэрт беларускіх бардаў.

Праваабаронца Вячаслаў Сіўчык заявіў БелаПАН, што мерапрыемства прымеркаванае да Дзядоў і праводзіцца ў памежнай Сьвіслачы, бо “гэтае месца бліжэй за ўсё зьвязанае з імем Кастуся Каліноўскага, які нарадзіўся на тэрыторыі сёньняшняй Польшчы, а пакаралі яго ў Вільні”.

Кастусь Каліноўскі – кіраўнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863 – 1864 гадоў. Ён заклікаў да стварэньня незалежнай ад Расеі і Польшчы беларускай дзяржавы. У часе паўстаньня на тэрыторыі Беларусі адбылося 56 баёў. Паўстаньне было здушанае. 128 чалавек, у тым ліку Кастусь Каліноўскі, былі пакараныя сьмерцю.

Віктар Каліноўскі – гісторык, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху. Памёр у 1862 годзе, пахаваны ў Сьвіслачы.
XS
SM
MD
LG