Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах адбылася традыцыйная талака (фота)


Іна Студзінская, Менск Напярэдадні Дзядоў ва ўрочышчы Курапаты адбылася традыцыйная талака. Людзі сталага веку і моладзь прыбіралі тэрыторыю, зграбалі апалае лісьце, высаджвалі зімовыя расьліны, рамантавалі крыжы. Бо заўтра сюды прыйдуць тысячы людзей. На талацэ ў Курапатах пабывала наша карэспандэнтка.

Талака ў Курапатах адбываецца кожную суботу, але сёньня тут надзвычай шмат моладзі, студэнтаў. І калі жанчыны больш сталага веку зграбаюць лісьце, выкопваюць летнія кветкі ці, наадварот, высаджваюць зімовыя расьліны, то моладзь арудуе сякерамі, вырубае падлесак, рамантуе крыжы. Гутару са студэнтамі Віктарам і Надзеяй, які бываюць тут кожную суботу:

(Віктар: ) “Гэта народны мэмарыял. Мы адчуваем, што павінны захоўваць сымбаль. Сымбаль пакутаў народу Беларусі ў часы сталінскага генацыду. Мы павінны ахоўваць яго. Калі ў нас ёсьць вольны час, мы абавязкова сюды прыходзім”.

(Надзея: ) “Мы абавязкова прыходзім разам, гэта наша калектыўная ідэя”.



(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, а ў сям’і быў хто-небудзь рэпрэсаваны, ці загінуў?”

(Надзея: ) “Мне невядома”.

(Віктар: ) “Асабіста маю сям’ю не закранула гэта трагедыя, але яна закранула маю нацыю”.

Пётра Шашкель быў рэпрэсаваны ў 1946 годзе, калі яму было 2 гады. А ягонага брата наагул рэпрэсавалі ў 2 месяцы. Гаворыць Пётра Шашкель:

(Шашкель: ) “Мы былі асуджаныя да 5 гадоў ссылкі. Кінутыя былі ў Баранавіцкую турму КДБ “Крывое кола”, а потым была перасыльная турма ў Воршы. І этапам у Сыбір. Разам з маці. Бацька быў раней забраны, і мы нават ня ведаем, дзе пахаваны. Бог зьміласьцівіўся над намі – удалося выжыць. Мы рэабілітаваныя толькі ў 1996 годзе, праз 50 гадоў!”



Прычым пра тое, што яны рэабілітаваныя, Пётра Шашкель і ягоны брат даведаліся толькі з кнігі “Памяць”, улады нават не паведамілі ім пра гэта. Пётра Шашкель не прапусьціў ніводных “Дзядоў”, пачынаючы з памятнага 1988 году.

На беларускай зямлі дзесяткі, сотні месцаў, дзе былі масавыя расстрэлы. Гэта Лошыца, Парк Чалюскінцаў у Менску, вёска Андрэеўшчына, дзе знаходзіцца знакамітая Кабылянская гара пад Воршай… Але Курапаты сталі сымбалічным месцам, кажа сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі:

(Чахольскі: ) “У кожнай сям’і, калі паглядзець у карані, ёсьць людзі, якіх рэпрэсавала Савецкая ўлада, бальшавікі. Ці гэтыя людзі памерлі ў ГУЛАГу, ці яны расстраляныя дзесьці на Калыме, ці ў шматлікіх Курапатах на Беларусі… Курапаты – гэта канцэнтрацыя таго злачынства, што зьдзейсьнілі бальшавікі на Беларусі. 21 гектар расстраляных людзей… Тут расстраляны сотні тысяч. Гэта месца – Галгофа Беларусі”.

У нядзелю, 29 кастрычніка, адбудзецца традыцыйнае шэсьце ў Курапаты. Збор – станцыя мэтро “Парк Чалюскінцаў”, каля гадзіньнікавага заводу а 10-й 30. Шэсьце і мітынг дазволеныя гарадзкімі ўладамі.
XS
SM
MD
LG