Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У людзей ёсьць комплексы, і на дарозе яны іх праяўляюць”


Іна Студзінская, Менск Вядомыя ў Беларусі людзей пра забаўныя гісторыі за стрыном.

Фотамастак і паэт Георгі Ліхтаровіч за рулём 35 гадоў, зьмяніў 6 аўтамабіляў. Зараз езьдзіць на “Форд-мандэа”. А першае сваё аўто –“Запарожац” чырвонага колеру – набыў на дваіх зь сябрам. І вось яны выправіліся ў Маскву. Там ім трэба было патрапіць ў Міністэрства зьнешняга гандлю, якое знаходзілася на Смаленскай плошчы, дзе і МЗС. Прыпаркавацца было вельмі цяжка. Убачылі вольнае месца каля самага ганку МЗС. Уціснуліся… Вяртаюцца праз гадзіну.

(Ліхтаровіч: ) “Падыходзім да нашага “браневіка” чырвонага. Міліцыянт лётае вакол: “Куды вы сталі? Зараз Андрэй Андрэевіч прыедзе!” Я пачухаў патыліцу і думаю: “Што тут Вазьнясенскаму рабіць каля афіцыйнага будынку”. Потым я зразумеў, што гэта месца Андрэя Андрэевіча Грамыкі, які кіраваў у той час Міністэрствам замежных справаў. Мы вымушаныя былі хуценька ад’ехаць у бок, аддаўшы правы. Я тут зразумеў, што ўсё, канец сьвету! Бо калі правы забяруць у Маскве, то іх я не атрымаю, напэўна, ужо ніколі. А ў нас заўсёды, калі мы ехалі ў Маскву, былі наборы шакалядных бутэлечак “камунаркаўскіх”. Я кажу: “Можа, я вам бутэльку пастаўлю?” Міліцыянт аж пачырванеў ад ганьбы. І калі я дастаў гэтую маленькую бутэлечку, ён палагоднеў. Высьветлілася, што гэты хлопец зь Беларусі”.

Журналістка Ірына Халіп – аўтааматарка з 10-гадовым стажам. 5 гадоў запар езьдзіць на “Мазьдзе-626”. За рулём заўсёды слухае опэрныя арыі на італьянскай мове. Сьцьвярджае, што супрацоўнікі ДАІ на дарозе да жанчыны за рулём ставяцца надзвычай прыязна, ветліва, чаго нельга сказаць пра мужчынаў-кіроўцаў.

(Халіп: ) “Я не памятаю, каб ДАІшнікі спрабавалі сапсаваць мне настрой ці спынілі мяне несправядліва. Ніколі такога не было. ДАІшнікі нават часам заплюшчваюць вочы на нейкія дробныя парушэньні, калі ты не ствараеш аварыйную сытуацыю на дарозе. А вось з аўтааматарамі-мужчынамі значна складаней. Яны паводзяць сябе як і ў жыцьці – я маю на ўвазе звычайны мужчынскі шавінізм. Паверце, значна прасьцей, калі на суседніх палосах таксама жанчыны. Жанчыны адна адну заўсёды зразумеюць, дарогу саступяць, дапамогуць… Аж мужчынаў мне гэтага звычайна чакаць не даводзілася”.

Алег Улевіч – вядоўца адмысловага дадатку да “Комсомольской правды” в Белоруссии” “Аўтамабілі”. Стаж за рулём – 10 гадоў. Скончыў курсы экстрымальнага кіраваньня. Праводзіў тэст джыпу “УАЗ-патрыёт”. Паехаў у родную вёску Жукаў Барок, што пад Стоўбцамі.

(Улевіч: ) “Машына гэта дае пачуцьцё ўседазволенасьці. Праяжджаў я каля Нёману. Падумаў: “А чаму б не пераехаць Нёман на ёй?” Я ведаў, дзе там ёсьць брод. Але праз той брод езьдзілі толькі трактары. Канечне, было вельмі страшна, калі ехаў, бо хвалі былі амаль што на капоце. Усё ж такі пераехаў. Зьбеглася ўся вёска, уся вёска камандавала, дзе ня так глыбока. Потым вырашыў паказаць гэту машыну кіраўнікі нашага калгасу. Уражаньні ў чалавека былі фантастычныя! Ён лётаў на гэтым джыпе па ўзараным полі паміж трактароў і марыў пра тое, каб прыдбаць гэту машыну. Шкада, канечне, што не такія багатыя нашы калгасы. А ён вымушаны езьдзіць на сваім старым “козьліку” яшчэ савецкіх часоў, у якога дзьверы адвальваюцца”.

Бізнэсоўка Іна аддае перавагу маленькім дамскім зграбненькім аўто. Стаж кіроўцы – 5 гадоў.

(Іна: ) “Прыгожая жанчына ў прыгожай машынцы пачувае сябе вельмі добра. Я езьдзіла на “Ford – K”, машынка маленькая, прыгожая, такую крыўдзіць на дарозе – проста грэх. Ня крыўдзілі. Я б не казала пра мужчынскі шавінізм на дарозе”.

(Карэспандэнтка: ) “А як супрацоўнікі ДАІ ставяцца да прыгожай жанчыны на прыгожым аўто?”

(Іна: ) “Я так рэдка зь імі кантактавала, што нават і ня ведаю. Бо я вельмі законапаслухмяная асоба. Складана ведаеце ў якім месцы? У аўтасэрвісе складана. Бо якога б колеру ні былі твае валасы, заўсёды лічаць, што прыехала бляндынка, якая нічога не разумее. З аўтамэханікамі складана. А на дарозе – не”.

Рок-музыка Лявон Вольскі сьцярджае, што паводле таго, якія налепкі на машыне, можна вызначыць характар кіроўцы аўто.

(Вольскі: ) “Той, хто лепіць “BY”, як напісана ў правілах, чорныя літары на белам тле, гэтыя людзі такія індыфэрэнтныя, якія досыць нармальна езьдзяць на дарозе, ня лётаюць, ня шоргаюцца з аднаго шэрагу ў другі. Не абавязкова выхаваныя, але і не хамаватыя. Ёсьць чырвона-зялёныя налепкі, бывае такое, што і па дзьве налепяць, ды яшчэ і наперадзе чырвона-зялёны сьцяжок. Звычайна, гэта народ такі просты: альбо пралетарыят, альбо прыехалі зь вёскі, альбо ідэалягічна падкаваныя. На мой погляд, большая частка гэтых людзей езьдзяць досыць аварыйна”.

(Карэспандэнтка: ) “А бел-чырвона-белыя налепкі?”

(Вольскі: ) “Мне самому сорамна, калі я, да прыкладу, сьпяшаюся (а ў мяне бел-чырвона-белая налепка), пачынаю абганяць, падразаць, зьдекваюцца: “апазыцыянэр”. Таму павінна быць адказнасьць, калі бел-чырвона-белую лепяць, і езьдзіць трэба досыць акуратна”.

(Карэспандэнтка: ) “А ўсялякія надпісы жартаўлівыя?”

(Вольскі: ) “У людзей ёсьць комплексы, і на дарозе яны неяк іх праяўляюць. Чалавек, які ў жыцьці “забіты”, па-расейску кажучы, “подкаблучник”, на дарозе ён львом можа быць. Той, хто, напрыклад, “абмежаваньне хуткасьці 2900 км” ззаду клеіць, адразу зразумела, што чалавек недалёкі. Калі напісана “street races” альбо “night races”, то ясна, што гэта людзі, якія займаюцца экстрымальнымі начнымі гонкамі. Хаця досьлед, наадварот, паказвае, што тыя, якія займаюцца такімі гонкамі, яны вельмі акуратна езьдзяць. Вось парадокс у чым”.
XS
SM
MD
LG