Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэта як трэба баяцца свайго народу, каб пісаць такія правілы!”


Ігар Карней, Менск 29 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень аўтамабіліста. У Беларусі 3 мільёны транспартных сродкаў. Штогод аўтапарк Беларусі павялічваецца на 100-150 тысяч аўтамабіляў. Абсалютную бальшыню складаюць машыны з прыватнага аўтапарку.

Ад пачатку году набылі моц новыя Правілы дарожнага руху, перагляд якіх ініцыяваў Аляксандар Лукашэнка. Па-за законам апынуліся зацемненыя шыбы машынаў, дадатковыя ліхтары, спойлеры ды іншая аўтамабільная экіпіроўка, а таксама аўто, аздобленыя графіці. Зьявілася палёгка – цяпер уключаць альбо не ліхтары ўвосень і ўзімку можна з уласнага жаданьня, таксама легалізавалі дэтэктары вымярэньня хуткасьці, гэтак званыя антырадары.

Ня мела плёну ліставаньне групы незадаволеных кіроўцаў з Адміністрацыяй прэзыдэнта і Міністэрствам транспарту. Кіроўцы спасылаліся на пагадненьне, падпісанае 10 гадоў таму Аляксандрам Лукашэнкам з кіраўніцтвам Эўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. У дакумэнце акрэсьленыя правілы эксплюатацыі аўтамашынаў з таніраваным шклом.

Адзін з ініцыятараў ліставаньня Андрэй Ханін.

(Ханін: ) “Беларусь далучылася да міжнародных правілаў Эўрапейскай эканамічнай камісіі ААН у пункце нормаў бясьпекі. І адзін з пунктаў, №43 якраз і гаворыць аб патрабаваньнях да прапускальнасьці сьвятла ў аўтамабілі. У прыватнасьці, гаворка ідзе толькі пра пярэднія лабавыя шыбы, пра заднія шыбы гаворкі ніякай увогуле няма, бо вельмі шмат машынаў спэцыяльнага прызначэньня, у якіх задніх вокнаў у прынцыпе быць ня можа. Яны могуць быць закладзеныя, вобразна кажучы, нейкай фанэрай ці жалезам. Таму ў дадзеным выпадку парушаецца вось гэтае палажэньне”.

Як сьведчаць аўтааматары, новыя правілы, звужаючы правы аўтамабілістаў, пашыраюць паўнамоцтвы разнастайных кантралёраў. Так, цяпер спыняць аўтамабіль для дагляду могуць ня толькі супрацоўнікі ДАІ, але і прадстаўнікі іншых установаў– ад КДБ і Міністэрства ў надзвычайных становішчаў да Інспэкцыі ў ахове жывёльнага і расьліннага сьвету.

Кіраўнік Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч бачыць у гэтым наступ як на правы кіроўцаў, так і на правы асобы.

(Маркевіч: ) “Ідзе татальны кантроль літаральна за ўсім. Гэта на колькі трэба баяцца свайго народу, каб такое дазваляць! Правілы пішуцца літаральна з чыстага аркуша. Заўтра загадаюць спыняць тралейбусы і даглядаць, што кожны вязе ў заплечніку”.

2006 год адметны для аўтамабільнай прамысловасьці Беларусі. Фактычна ў краіне зьявіўся свой “нацыянальны” аўтамабіль. За аснову ўзяты іранскі “Саманд”, сканструяваны на базе маральна састарэлага “Пежо-405”. Зборка “Самандаў” пачалася ў пасёлку Абчак пад Менскам. Аднак спадар Маркевіч ня верыць, што “Саманд” стане нацыянальным ужо з-за свайго не беларускага кошту.

(Маркевіч: ) “12 тысяч для беларуса – гэта сур’ёзныя грошы. Нават калі чалавек атрымлівае штомесяц тысячу даляраў, ён мусіць ня есьці, ня піць цягам году, правільна? А як жа тады пражыць?”
XS
SM
MD
LG