Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я веру, што мае дзеці будуць жыць у незалежнай Беларусі”


Ганна Соўсь, Прага На гэтым тыдні слухачы “Свабоды” праз пошту і тэлефанаваньні адказвалі на пытаньне “Ў што я веру”. Гэтаксама пра сваю веру гаварылі суразмоўцы “Начной Свабоды”.

Госьця “Начной Свабоды” сямейны псыхоляг Жана Міцкевіч гэтак сказала пра сваю веру:

(Міцкевіч: ) “Найперш я веру ў чалавечую дабрыню. Па-другое, я веру ў любоў блізкіх, якія цябе заўсёды дапамагаюць. Яшчэ я лічу, што кожнаму чалавеку павінна дапамагаць уменьне і жаданьне працаваць і дасягаць прафэсіяналізму".

Станіслаў Паўлюкевіч з Парэчча, што на Гарадзеншчыне, ў лісьце на "Свабоду" піша, што верыць у такую Беларусь, каб кожны жыхар яе мог сказаць: “Я ня ведаю другой такой краіны, дзе б так свабодна чуўся чалавек”. Станіслаў Паўлюкевіч гэтаксама верыць у самога сябе і ва ўласныя сілы.

Спадарыня Валатоўская з Баранавічаў верыць у краіну Беларусь. "Яна павінна быць свабоднай, вольнай краінай. Я аб гэтым мару”, – напісала слухачка.

Слухач спадар Лявіцкі зь Берасьця піша, што ён верыць, што ненавісны яму рэжым зьнікне навечна, а зь ім і цемрашалы з тэлебачаньня з агіднымі тварамі, якія сьпяваюць пра шчасьлівае і заможнае жыцьцё.

Спадар Барадзін з Магілёва заўжды верыў і верыць у Бога, а таксама ў тое, што беларусы нарэшце будуць жыць заможна і свабодна.

Пра свае перакананьні піша ў лісьце спадар Бараесь з Асіповічаў. “У паўсядзённым жыцьці я веру толькі сабе. Яшчэ веру ў Бога як у найвышэйшую справядлівасьць”.

А вось як сказаў пра сваю веру госьць “Начной Свабоды”, кіроўца таксі з Горадні Аляксандар Сідаровіч:

(Сідаровіч: ) “Я веру, што мае дзеці будуць жыць у незалежнай Беларусі”.

Мікола Ільючык зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну перадае сваю веру вершаванымі радкамі:

Я веру ня ў словы, Ня ў сьпевы, Ня ў справы.

Я веру Богу, Што мяне знайшоў. Хлусьня ў словах, Фальш у сьпевах І мана ў справах. У Бога праўда, існасьць і жыцьцё.

Далей у лісьце Мікола Ільючык працягвае: “Бязь веры ў Бога ў сучасных умовах жыць вельмі цяжка. Прычым цяжар як маральны, так і матэрыяльны. Але Госпад дае надзею і жаданьне жыць. У Бібліі ў кнізе Выслоўяў Салямонавых ёсьць такія словы: “Сэрца цара ў руцэ Госпада...” Я ня ведаю, як гэта будзе, праз пэўных людзей альбо іншым чынам, але нешта зьменіцца”.

Далей зьвярнуся да ліста спадара Скарахода зь Менску.

“У дадзены момант я ўсёй сваёй істотаю прыкаваны да лёсу Сьвятой Пакутніцы Беларусі. Як бы актыўна, мужна і гераічна ні дзейнічалі яе слаўныя сыны і дочкі, уратаваць сёньня Радзіму ад дыктатуры ня ўдасца – вельмі ж грунтоўна яна абставіла сябе “Альфамі”, АМОНамі ды “Алмазамі”. Нягледзячы на ўсё гэта, мяне цепліць вера, што Сонца свабоды нам будзе сьвяціць", – перакананы спадар Скараход зь Менску.

А вось меркаваньне слухачкі, якая патэлефанавала на наш тэлефон-аўтаадказьнік у Менску:

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”. У што я веру? Я веру ў вас, шаноўная “Свабода”. Я веру вам, веру, што вы абароніце нашу краіну Беларусь. Я веру, што наша краіна будзе свабодная. Дзякую вам за ўвагу”.

Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
XS
SM
MD
LG