Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Gazetа Wyborczа”: “Галадовак у Беларусі будзе ўсё больш і больш...”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Лукашэнка баіцца ўжо толькі галадовак” – такі загаловак мае вялікі артыкул у сёньняшнім нумары найбуйнейшага штодзёньніка Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы – “Gazety Wyborczej”, прысьвечаны беларускім галадоўнікам.

“Gazetа Wyborczа” піша, што беларускія апазыцыянэры ўсё часьцей абвяшчаюць галадоўкі пратэсту – і на волі, і ў турмах. “Беларускія ўлады навучыліся супрацьстаяць вулічным маніфэстацыям і іншыям акцыям супраціву, але супраць галадовак ня маюць што зрабіць і хаця б крыху саступаюць”, – штодзёньнік цытуе Валера Леванеўскага, які шмат галадаў у вязьніцах.

“Wyborczа” падрабязна апісвае галадоўкі Алены Захожай, Аляксандра Казуліна і Сяргея Скрабца, а таксама вернікаў-пратэстантаў і падкрэсьлівае, што галадоўнікі ўжо маюць “некалькі малых перамогаў” – улады не пайшлі на тое, каб сілай разагнаць мітынг пратэстантаў, на волі застаўся пастар.

Газэта адзначае, што раней у Беларусі ўлады жорстка распраўляліся з удзельнікамі галадовак, як, прыкладам 11 гадоў таму, калі дэпутатаў Вряхоўнага Савету, якія аб’явілі галадоўку супраць рэфэрэндуму, зьбілі і сілай выцягнулі з залі паседжаньняў парлямэнту.

“Незалежныя палітолягі лічаць, што галадовак у Беларусі будзе ўсё больш і больш... Тым, хто ня згодны з рэжымам, застаецца толькі такая драматычная форма пратэсту, як галадоўка, тым больш, што яна прыносіць вынікі”, – гаворыцца ў артыкуле “Лукашэнка баіцца ўжо толькі галадовак” што зьмешчаны у сёньняшнім нумары “Gazety Wyborczej”.
XS
SM
MD
LG