Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Канец цытаты. Калекцыя тыдня (21-27.10.2006)


Радыё Свабода Самыя яскравыя выказваньні герояў нашых перадачаў, што прагучалі на нашых хвалях на гэтым тыдні, словы знамянальныя, сьмешныя і жахлівыя – на сайце “Свабоды”.

"Мая краіна выказала павагу да беларускай дзяржавы, дапамагаючы ў вяртаньні Вікі Мароз на радзіму. Цяпер чарга Беларусі, якая павінна была б дазволіць ёй вярнуцца ў Італію і быць шчасьлівай з новымі бацькамі".

Італьянскі міністар у справах Эўрапейскага зьвязу Джорджа Ля Мальфа пра сытуацыю зь беларускай сіратой.

“Нявінны чалавек… Засудзілі! Пастараліся ўжо… Маці ляжачая, ня ходзіць. Трэба яе на гаршок саджаць, дык цягнем яе”.

Віктар Садоўскі, муж асуджанай на 2 гады зьняволеньня за паклёп на Аляксандра Лукашэнку 60-гадовай Кацярыны Садоўскай, у якой дома засталася хворая 84-гадовая маці.

“На вялікі жаль, справу Садоўскай беларускае грамадзтва крыху праспала. Я сам пра гэта даведаўся досыць нядаўна... Гэта сапраўды зьдзек. Зьдзек з Садоўскай, зьдзек зь беларускага народу”.

Палітык Вячаслаў Сіўчык.

"Некаторыя рэчы нас турбуюць, мы глядзім на аб’ёмы сырой нафты, якія паступаюць на беларускія НПЗ, глядзім на патрэбнасьці самой рэспублікі і на тое, колькі нафтапрадуктаў пастаўляецца потым за мяжу... Калі нам ня ўдасца дасягнуць дамоўленасьцяў, то нам прыйдзецца ўводзіць нейкія абмежаваньні”.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падчас "наўпроставай лініі" з расейскімі грамадзянамі.

"Для беларусаў было б занадта аптымістычна працягваць спадзявацца на старыя газавыя цэны... Думаю, што Беларусь паступіла б мудра, каб пачала думаць аб тым, што будзе пасьля падвышэньня цаны на расейскі газ”.

Былы пасол ЗША ва Ўкраіне Стывэн Пайфэр.

“Калі на Беларусь будуць працягваць міжнародны ціск, то нам нічога не застанецца, як, падобна Ірану, распрацоўваць сваю ядзерную зброю”.

“Народы маюць права на супраціў любым шляхам, прытым і на прымяненьне ядзернай зброі, калі гэта будзе неабходна для адстойваньня сваіх нацыянальных інтарэсаў”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргей Касьцян.

“Пастаўленая была задача зьесьці кіляграм сала за 20 хвілін. Праўда, з хлебам, з цыбуляй, часныком і вадой. І ён “умяў” гэтае сала. А я крыху не дацягнуў, зьеў толькі палову”.

Адвакат з Кобрыну Сяргей Магонаў, які ўдзельнічаў у чэмпіянаце па паяданьні сала.

“Цяпер найбольш рэальнымі зьяўляюцца перамовы паміж Захадам і Лукашэнкам. А апазыцыя ня можа быць галоўнай дзейнай асобай гэтых перамоваў. Таму мы цяпер павінны даць свае прапановы Эўропе. Каб перамовы ішлі згодна з сцэнаром Менску, а не Брусэлю”.

Намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада" Уладзімер Нісьцюк.

"Я не магу згадзіцца з тэзісам, што апазыцыя слабая, а рэжым моцны. Напрыклад, моцны рэжым у ЗША, бо там няма розьніцы, краіна не залежыць ад таго, хто стаў прэзыдэнтам. А калі рэжым хістаецца ад любога падвышэньня цэнаў на энэрганосьбіты, то яго нельга назваць моцным".

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Юры Хадыка.

"Гэтая прэмія – узнагарода для тысячаў і тысячаў людзей, якія прадэманстравалі, асабліва вясною, і мужнасьць, і жаданьне змагацца за сваю годнасьць, за Беларусь".

Былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч пра прэмію імя Андрэя Сахарава, якую прысудзіў яму Эўрапейскі парлямэнт.

“Гэта ангажаваная сытуацыя. Відаць, абяднела Эўропа, калі больш няма каму даваць прэмію імя Сахарава. Мне як службовай асобе гэта незразумела”.

Старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Сьцяпан Сухарэнка.

“Тут няма добрай працы. А ў Расеі яны атрымлівалі нядрэнныя грошы. Таму езьдзілі туды на паўгоду. Ад нас шмат хто езьдзіць. Які тут у нас заробак? 200 тысяч рублёў фэрмэрская гаспадарка плаціць. Ці можна за 200 тысяч пракарміць сям’ю?”

Супрацоўніца Сьвяціцкага сельсавету Сьвятлана Курловіч пра землякоў, якія загінулі на заробках у Расеі.

“Кажуць, што яны атрымалі грошы, пасьля чаго іх зьбілі й падпалілі. І ў мяне знаёмыя былі, якія паехалі на заробкі ў Маскву й не вярнуліся. Кагосьці зусім там не знаходзяць. Кагосьці зьбілі так, што памяць страціў. Напрыклад, хлопец зь Ляхавічаў сваіх родных не пазнае”.

Галіна Буйкевіч, сваячка загінулых.

“Калі мы будзем паасобку баяцца, што пасадзілі кіраўніка і нам трэба хавацца, наступнымі пасадзяць нас. Цяпер надыходзіць такі катэгарычны, радыкальны момант, калі трэба выйсьці зь ценю і сказаць, што мы “Малады фронт”, нас шмат, нас падтрымлівае грамадзтва, нас ведаюць. Проста так вы нас не засудзіце”.

Сябра незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" Зьміцер Хведарук пра суд над лідэрам арганізацыі Зьмітром Дашкевічам.

“Мне іх шкада, бо самае галоўнае — гэта суд іхных дзяцей. Гэта самае страшнае, калі ты ня можаш паглядзець ім у вочы і праўдзіва адказаць на пытаньні. А калі-небудзь дзеці абавязкова іх зададуць”.

Жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Ірына Казуліна пра судзьдзяў, што вынесьлі прысуд яе мужу.
XS
SM
MD
LG