Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 27 кастрычніка


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць навіну пра магчымасьць паставак у Беларусь газу ня толькі з Расеі. Вось некаторыя водгукі карыстальнікаў сеціва:

“Калі ў нас Саюзная дзяржава, хіба гэта само сабой не разумее, што ў нас з Расеяй мусіць быць агульная энэргетыка?”

“Успомніла бабка як дзеўкай была… Гэта трэба было рабіць яшчэ 15 гадоў таму”.

“Бунт рана ці позна будзе дакладна”.

А блогер Kiryla задае пытаньне ў сваім дзёньніку: “Па неправераных зьвестках, на запраўках у Берасьці і ў Гародні ўведзены ліміт на запраўку дызэльным палівам – 50 літраў на машыну. У Менску – 100 літраў. Хто можа праверыць ці абвергнуць гэта?”

На сайце менскай пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” сярод іншага публікуюцца інтэрвію з удзельнікамі галадоўкі за вяртаньне малельнага дому вернікам. Вось словы Марыі Канавалавай: “Прыехаўшы ў “Новае Жыцьцё”, я ня ведала, на колькі доўга будзе доўжыцца акцыя. Цяпер я выразна ўсьведамляю, што гэта вельмі важны час у маім жыцьці. Мой муж і двое дзяцей прыяжджаюць да мяне, натхняюць і падтрымліваюць. Я прыняла рашэньне быць тут да канца. Але я ня ведаю, калі надыдзе гэты момант”.

Блогер nikolaew папярэджвае пра тое, што ў Менску зьявілася банда гіпнатызёраў. Нікалаеў распавядае пра нядаўні выпадак у сваім доме ў мікрараёне Ўручча: “Суседку – самотную пажылую кабету – “абчысьцілі” гіпнатызёры. Нахабна. Разам зь ёю ў пад’езд зайшла жанчына, перакінуліся парай фразаў, разам зайшлі ў ліфт. Гаспадыня ня толькі пусьціла незнаёмку ў кватэру, але ня памятае, як у кватэры апынулася другая жанчына… І сама аддала грошы. Празь пяць хвілін ачуняла, затэлефанавала ў міліцыю. Калі меркаваць па рэакцыі міліцыі, жанчына далёка ня першая пацярпелая”.

На ўкраінскім музычным рэсурсе “Украінскі фармат” можна парчытаць водгук лідэра гурту “Воплі Відаплясава” Алега Скрыпкі пра Беларусь і беларускую рок-музыку. Скрыпка ўражаны, што беларускія гледачы ведаюць тэксты амаль усіх ягоных песень:

“Беларускае пытаньне вельмі балючае, пра гэта гаварыць складана. У нацыі, якая жыве ў вельмі складаных таталітарных умовах, высокі ўзровень культуры, яна цікавіцца розная музыкай і не знаходзіцца пад уплывам масавай культуры. Ня памятаю, хто сказаў, але ёсьць такое выслоўе: “Файныя песьні маюць тыя людзі, якія кепска жывуць”. Раней я меркаваў, што найлепшыя песьні і найлепшыя каманды – украінскія, бо наша культура вельмі моцная. Але калі я пазнаёміўся зь беларускімі гуртамі, то скажу вам, яны больш крутыя за нашыя разы ў два, магчыма. У іх вельмі моцны музычны ўзровень. Я ня ведаю з чым гэта зьвязана: з таталітарызмам ці з культурная спадчынай”.

Сёньня музычны партал “Тузін Гітоў” апублікаваў справаздачу пра полацкі фэст “Рок-кола” аглядальніка Сяргея Будкіна. Фэстываль ладзіўся 16 год запар. Галоўнай умовай сёлетняй імпрэзы сталася выкананьне ўдзельнікам кавэр-вэрсыі адной зь песьняў клясыкаў беларускай рок-сцэны гурту “Мясцовы Час”. За лепшую інтэрпрэтацыю песьні “Мясцовага Часу” гран-пры атрымаў расейскі гурт са Смаленску “Deimos”. Зь беларускіх гуртоў ляўрэатамі 1-й ступені сталіся магілеўцы з гурту “Водар Сусьвет”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 2663952 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG