Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні альбом: Эдыта П’еха


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

У часы, пра якія гаворка, эстрада, якую цяпер называюць “папсой”, толькі пачынала свой паход на заваёву грамадзкай сьвядомасьці. І пачынаўся ён сьціплымі крокамі сьпявачкі Эдыты П’ехі паміж столікамі, за якімі сядзелі вэтэраны вайны і працы. Маем наўвеце “Блакітны агеньчык” – эстрадную праграму, на якую запрашаліся вэтэраны і для якіх “зоркі” тадышняй сцэны сьпявалі пад фанаграму папулярныя песьні.

Першыя свае зонгі Эдыта П’еха выканала яшчэ ў пяцідзясятыя гады, у складзе ленінградзкага ансамбля “Дружба”, якім кіраваў яе муж Аляксандар Бранявіцкі. Напачатку Эдыта сьпявала па-польску, неўзабаве стала сьпяваць па-расейску, але з прыкметным акцэнтам. Паколькі савецкі слухач ва ўсе часы прагнуў пачуць штосьці замежнае, акцэнт і зрабіў сьпявачку “зоркаю”. У сярэдзіне шасьцідзясятых П’еха ня толькі сьпявала, але й дыктавала асноўныя накірункі жаночай моды. “Глядзі, які начос… а стрэлкі, стрэлкі”, – шапталіся жанкі, пазіраючы на тэлеэкран. А наступным ранкам падмалёўвалі чорным алоўкам пад вачыма такія ж стрэлкі ды беглі ў цырульню рабіць такі ж начос.

П’еха ўзыйшла на эстрадны алімп зь лёгкімі, немудрагелістымі песенькамі, якія – хай і на короткі міг – вырывалі жанчын з шэрай кухоннай будзённасьці. “Іду я к солнцу – цветёт земля-а”, – гучала з радыёкропкі, і жанчыны, адклаўшы нажы ды шумоўкі, павялічвалі гук. Аднак зь цягам часу ў рэпэртуары сьпявачкі пачалі пракідвацца, а потым і сталі дамінаваць песьні баляднага складу. “На тебе сошёлся клином белый свет”, – засьпявала ў другой палове шасьцідзясятых Эдыта П’еха, і гэтая мінорная, зьлёгку плаксівая інтанацыя надала ёй яшчэ большую папулярнасьць. Тае пары студыйныя запісы сьпявачкі сталі круціць на тэлебачаньні: яна хадзіла па асьветленай студыі, а музыкі паўставалі на заднім тле цёмнымі сылюэтамі.

Вакальны дыяпазон П’ехі быў даволі абмежаваным, а таму, асвойваючы псыхалягічны зьмест песень, яна ўжывала вакальныя кантрасты. "Навстречу ветру я кричу-у!", – гукала сьпявачка, і тут жа, пасьля барабаннага дробату, суцішна-заміраным голасам сканчвала: "Если я тебя придумала, стань таким, как я хочу”. Цяпер такія жарсьці наўрад ці крануць публіку. Даўнім жа часам публіка ідэнтыфікавала выканаўцу з песеннымі пэрсанажамі. Сюжэты песень і надрыўная інтанацыя малявалі гераіню, чые перажываньні цалкам супадалі зь перажываньнямі жаночай часткі тэлеаўдыторыі. Ці не таму суседка з восьмай кватэры, якая прыходзіла да нас “на тэлевізар”, кожнага разу шморгала носам, пачуўшы настальгічную баляду Эдыты П’ехі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG