Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя адмовілася шукаць вандалаў з аршанскіх могілках


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Дырэктар камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Аршанскі спэцкамбінат” Віктар Дзяржыцкі напісаў у міліцыю скаргу на невядомых вандалаў, якія ўжо цягам месяца псуюць агароджы ды помнікі на хрысьціянскіх і габрэйскіх могілках па вуліцы Энгельса. У адказ на свой ліст ён атрымаў фактычную адмову разьбірацца з гэтай справай.

Паводле спадара Дзяржыцкага, з гарадзкога аддзела міліцыі яму даслалі паведамленьне, што цяпер злачынцаў знайсьці немагчыма. Аднак у тым выпадку, калі вандалы ўсё-ткі трапяць пад увагу міліцыянтаў, іх чакае адміністрацыйная адказнасьць за нанесены ўрон.

Дырэктар “Аршанскага спэцкамбіната” ацэньвае страты гарадзкой камунальнай гаспадаркі ў два з паловай мільёны рублёў – прыкладна столькі каштуюць 100 пагонных мэтраў жалезабэтоннай агароджы, разбуранай на тэрыторыі абодвух могілак. Прычым агароджу вакол брацкай магілы на габрэйскіх могілках, дзе пахаваныя 7 тысяч ахвяр Галакосту, расстраляных у часе Другой сусьветнай вайны, невядомыя вандалы паламалі цалкам.

Урон, нанесены надмагільным помнікам – 17-ці на габрэйскіх могілках і 10-ці на хрысьціянскіх – Віктар Дзяржыцкі падлічыць не бярэцца. Некаторыя з паламаных помнікаў былі дужа дарагія, каштавалі па некалькі мільёнаў рублёў. На ягоную думку, вандалы дзейнічалі хаатычна – ня маючы на мэце разбурэньне канкрэтных пахаваньняў.

Аднаўляць разбураныя помнікі давядзецца сваякам пахаваных на аршанскіх могілках, бо міліцыя не прымае адмысловых захадаў, каб знайсьці злачынцаў ды спагнаць зь іх грошы. Сродкі на новую агароджу, мажліва, будуць выдаткаваны з гарадзкога бюджэту.
XS
SM
MD
LG