Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд аштрафаваў Cьвятлану Мацкевіч (фота)


Радыё Свабода Сьвятлана Мацкевіч, жонка ўдзельніка галадоўкі пратэстантаў Уладзімера Мацкевіча, мусіць заплаціць 150 тысяч рублёў штрафу. Яе абвінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўніку міліцыі. 26 кастрычніка Сьвятлану Мацкевіч затрымалі ў фае Менгарвыканкаму, дзе яна разам са сваякамі галадоўнікаў спрабавала сустрэцца з прадстаўнікамі гарадзкіх уладаў.

Судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску Віктар Казак разглядаў адміністрацыйную справу Сьвятланы Мацкевіч у вялікай залі — на суд прыйшло больш за паўтары сотні чалавек. Сярод іх былі сваякі ўдзельнікаў галадоўкі пратэстантаў, а таксама прадстаўнікі амэрыканскай амбасады.

Паводле абвінаваўцы, Сьвятлана Мацкевіч разам зь іншымі сваякамі галадоўнікаў прыйшла ў Менгарвыканкам, каб сустрэцца з чыноўнікамі. Жанчыны тлумачылі, што ў іх надзвычайная нагода для сустрэчы, бо іхныя мужы 21 дзень галадаюць. Жонкі галадоўнікаў прасілі даць магчымасьць паразмаўляць з тымі чыноўнікамі, якія прымаюць рашэньні. Ім прапанавалі пачакаць. Замест чыноўнікаў, якіх чакалі жанчыны, выйшлі міліцыянты. Яны акружылі жанчын і выціснулі іх на вуліцу. Сьвятлану кінулі ў міліцэйскую машыну й адвезьлі ў міліцыю.

На судзе сьведкі-міліцыянты цьвердзілі, што яна не пагаджалася пакінуць памяшканьне і пагражала, што застанецца ў холе да раніцы. Нягледзячы на тое, што іх паказаньні не пацьвердзіліся відэазапісам, судзьдзя пакараў Сьвятлану штрафам.

Сьвятлана Мацкевіч лічыць, што суд паспрыяў выкананьню аднаго з патрабаваньняў вернікаў: афіцыйна прызнаць факт галадоўкі.

(Мацкевіч: ) “Мы хацелі выставіць патрабаваньні: прызнаць факт галадоўкі, сталы мэдычны кантроль, выканаць патрабаваньні вернікаў і зволіць спадарыню Рабіцаву. Маё затрыманьне сьведчыць аб тым, што чыноўнікі з органаў улады баяцца ісьці з намі на дыялёг. Яны баяцца глядзець нам у вочы. Яны ня хочуць, каб інфармацыя пра галадоўку, пра сапраўднае становішча нашых мужоў была распаўсюджана і прызнана як факт. А гэта ж хрысьціяне галадаюць, гэта ж нонсэнс!”


Сьвятлана Мацкевіч (зьлева) ў памяшканьні суду.
XS
SM
MD
LG