Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіі сілавікоў у 2007 годзе могуць паменшаць удвая (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск Пытаньне пра скарачэньне пэнсіяў падняў сёньня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Здановіч, калі ўрад адказваў на пытаньні сябраў Нацыянальнага сходу. Паводле інфармацыі дэпутата, Міністэрства фінансаў выступіла з такой ініцыятывай, каб зэканоміць 86 мільярдаў бюджэтных рублёў.

Праслухаўшы справаздачу ўраду, зь якой выступіў віцэ-прэм’ер Віктар Бура, дэпутат Здановіч пацікавіўся: калі ў краіне ўсё так добра, навошта ініцыяваць скарачэньне пэнсіяў былым вайскоўцам і прадстаўнікам іншых сілавых структураў? І ці будзе ўрад сапраўды гэта рабіць?

Віце-прэм’ер, адказваючы дэпутату, сказаў, што такое пытаньне сапраўды вывучаецца:

(Бура: ) “Пры ўсім маім жаданьні быць дакладным у адказе на пытаньне, я гэтага зрабіць не змагу, паколькі ўсё, што тычыцца сацыяльных гарантыяў і сацыяльных дабротаў, самым сур’ёзным чынам разглядаецца ўрадам. Пытаньне знаходзіцца ў дынаміцы, яно разглядаецца. Мы праводзім сустрэчы, кансультацыі, нарады разам з адміністрацыяй прэзыдэнта. Мабыць, сёньня выніковага адказу вы сапраўды не атрымаеце”.

Пазьней яшчэ адзін дэпутат зьвярнуўся з тым жа пытаньнем да намесьніка міністра фінансаў Івана Шунька. Той толькі адказаў: хіба ж намесьнік міністра можа сказаць больш, чым віцэ-прэм’ер? А на пытаньне, як наагул паўстала гэтая ідэя, намесьнік міністра адказаў:

(Шунько: ) “Гэта заўжды тычыцца таго, як зэканоміць грошы, як зэканоміць бюджэтныя грошы”.

У верасьні сярэдняя пэнсія звычайнага беларускага пэнсіянэра складала прыкладна 260 тысяч рублёў. А, прыкладам, адстаўны палкоўнік атрымліваў 680 тысяч.

Эканаміст Канстанцін Скуратовіч называе такія лічбы: у лістападзе пэнсія ў Беларусі ўзрасьце на 9%. Для гэтага зь бюджэту дадаткова спатрэбіцца 70 мільярдаў рублёў. Гэта менш, чым можна зэканоміць на сілавіках.

(Скуратовіч: ) “Я размаўляю з былымі вайскоўцамі. Абсалютная бальшыня цалкам задаволеная сваім станам. Яны атрымліваюць добрую пэнсію, шмат хто зь іх яшчэ працуе, паколькі яны маглі спыніць службу ў 45 гадоў. Як адрэагуюць людзі, калі такое здарыцца? Гэта пытаньне хутчэй для палітоляга альбо псыхоляга, альбо сацыёляга”.

Сацыёляг Алег Манаеў бачыць у магчымым разьвіцьці падзеяў некалькі варыянтаў:

(Манаеў: ) “Гэта можа быць пададзена як усталяваньне пэўнай справядлівасьці, паколькі іншыя пэнсіянэры абураюцца: чаму сілавікі, так бы мовіць, белая костка сярод іх? Другі варыянт — наўмысна ўзьняць гэтае пытаньне, а потым Лукашэнка адкруціць яго назад, як гэта было ў свой час з цэнамі. Яшчэ варыянт — гэта рэакцыя на тое, што цэны на газ будуць расьці, і ўлады ўжо шукаюць, дзе знайсьці грошы — тут падціснуць, там падціснуць”.
XS
SM
MD
LG