Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У акруговых выбаркамах таксама ня будзе прадстаўнікоў апазыцыі?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня завяршаецца вылучэньне кандыдатаў у склад акруговых выбарчых камісіяў, якія мусяць быць сфармаваныя не пазьней за 30 кастрычніка. Менавіта яны будуць назіраць за абраньнем дэпутатаў абласаветаў і Менскага гарадзкога савету. Многія апазыцыйныя суполкі не вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад гэтых камісіяў.

У Берасьці Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і Аб’яднаная грамадзянская партыя не вылучалі сваіх кандыдатаў у склад акруговых камісіяў. Лідэр абласной філіі АГП Сьцяпан Навасяльчан патлумачыў:

(Навасяльчан: ) “Так, гэта быў дэманстрацыйны крок у адказ на тое, што не ўключылі нашых прадстаўнікоў, якія маюць досьвед працы і дастатковы ўзровень адукацыі ў склад тэрытарыяльных камісіяў. Нас ігнаруюць. На гэтым этапе мы вырашылі: павінен быць нейкі дэмарш у адказ”.

Нагадаем, што ніводзін са 120 прэтэндэнтаў, якіх рэкамэндавала апазыцыя, ня трапіў у тэрытарыяльныя камісіі. Цяпер актывісты кажуць, што няма пэрспэктывы трапіць і ў склад акруговых камісіяў. Апазыцыйныя партыі мяркуюць падсумаваць вынікі гэтага этапу кампаніі на сваім паседжаньні 30 кастрычніка. Кіраўнік выбарчага штабу Партыі БНФ Віктар Івашкевіч заявіў:

(Івашкевіч: ) “Вылучаць у гэтыя камісіі акруговыя, калі няма гарантыяў, што там будуць нашы кандыдаты, няма сэнсу. Бо што там нам назіраць? Як у пустой акрузе, дзе адзін урадавы кандыдат, чэсна падлічваюць галасы? Мы назіраньне будзем рабіць толькі ў тых акругах, дзе будуць зарэгістраваныя нашы кандыдаты”.

Паводле кіраўніка выбарчага штабу ПКБ Аляксандра Пахлопкі, спроба вылучыцца ў склад акруговых камісіяў была, але шанцаў мала. Партыйцы будуць спрабаваць трапіць ва ўчастковыя камісіі:

(Пахлопка: ) “Па ўчастковых мы будзем многа вылучаць. Мы лічым, што пераважна ўся фальсыфікацыя робіцца на ўчастку”.

Група актывістаў з Фрунзенскага раёну Менску ў якасьці экспэрымэнту падала дакумэнты на вылучэньне ў склад камісіі шляхам збору подпісаў. Сярод іх палітоляг Алесь Лагвінец:

(Лагвінец: ) “Грамадзяне падпісаліся, 292 подпісы за пяцёх чалавек. У кожным звароце мы нават пісалі, што ў выпадку невылучэньня ў склад камісіі просім абгрунтаваць гэтае рашэньне на адрас кожнага з тых, хто падпісаўся пад дадзенай заявай. Мы ня маем вялікіх ілюзіяў, што людзей улучаць, але хочам паінфармаваць грамадзянаў, наколькі несправядлівым і непразрыстым зьяўляецца мэханізм прызначэньня людзей у камісіі”.

Нагадаем, у кожнай вобласьці будзе сфармавана 60 акруговых камісіяў. У Менску фармуюцца 9 раённых тэрытарыяльных камісіяў, якія будуць выконваць функцыі акруговых.
XS
SM
MD
LG