Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Безрабоціца беларускай інтэлігенцыі, асабліва праваслаўнай” (1926)


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Агляд публікацыяў у беларускай прэсе ад 27 кастрычніка розных гадоў.

“Беларуская крыніца” на гэтым тыдні 1926 году піша пра нацыянальны ўздым: “Але апроч гэтай прычыны, ёсьць яшчэ адна: безрабоціца беларускай інтэлігенцыі, асабліва праваслаўнай. А гэтай інтэлігенцыі ёсьць многа, яе болей, чым каму-колечы здаецца — яна лічыцца на тысячы… Гэту інтэлігенцыю ў Польшчы на службу не прымаюць, а калі дзе і прынялі, то неўзабаве выгналі. Вось гэта інтэлігенцыя і стала цяпер на чале народу і вядзець яго… Куды? — Яна і сама ня знае, але толькі гэта пэўна, што вядзець далей ад Польшчы… бо тут жыцьця няма”.

“ЛіМ” ў 1936 годзе друкуе наступную пастанову: “ЦВК і СНК БССР адзначаюць, што майстры і майстрыцы — калгаснікі і калгасніцы, прыцягнутыя да выканання адказных работ па вырабу беларускага сундука і вышыўкі тэксту “Пісьма беларускага народу вялікаму Сталіну” аднесліся да даручаных ім работ з велізарнай любоўю, паказаўшы высокае мастацкае майстэрства і вялікую палітычную свядомасць… За выдатныя мастацкія работы, якія маюць вялікае палітычнае значэнне, узнагародзіць граматамі ЦВК і СНК БССР: 1. Майстра калгасніка — тав.Арлова Якава Сцяпанавіча. 2. Мастака тав.Пашкевіча Мікалая Аляксандравіча”.

* “Свабода”, год 1996. На гэтым тыдні газэта друкуе зварот групы грамадзянаў Горадні: “А чаму ня сорамна Лукашэнку? Што зь ім адбылося? Ці то ён здрадзіў нам — аказаўся пярэваратнем, ці то заеўся — ня вытрымаў выпрабаваньня ўладаю, ці то заўсёды быў хлусам? Насуперак нашым чаканьням аказалася, што Лукашэнка ня проста пустаслоў, як Гарбачоў, а куды горш — чалавек, які ня можа жыць бяз хлусьні. А яшчэ мы праміргалі, што ён тыповы “лятун”, які за ўсё сваё жыцьцё ні на адной працы не затрымліваўся і двух гадоў — а прэзыдэнтам хоча быць, як мінімум, 12”.
XS
SM
MD
LG