Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтаў-прызыўнікоў будуць судзіць за ўхіленьне ад войска


Вячаслаў Кулік, Менск У Беларусі ў гэтыя дні распачатая чарговая кампанія па адбору прызыўнікоў на вайсковую службу. Па дадзеных Міністэрства абароны, мэдычнаму агляду пры ваенкаматах падлягаюць больш як 30 тысяч юнакоў, але ў войскі з іх патрапіць толькі кожны трэці. Ваеннае ведамства даводзіць пра лішак прызыўнога кантынгенту ў краіне. Між тым, па афіцыйных зьвестках, у Менску і рэгіёнах ваенныя камісары ўжо ініцыююць больш як 300 крымінальных спраў за ухіленьне прызыўнікоў ад службы.

У Міністэрстве абароны даводзяць, што ранейшая юрыдычная норма адміністрацыйнай адказнасьці прызыўніка ў Беларусі абмяжоўвалася папярэджаньнем і невялікім штрафам. Аднак цяпер у краіне дзейнічае новы закон аб вайсковай службе, у адпаведнасьці зь якім недысцыплінаванасьць прызыўнікоў караецца адразу міліцэйскім перасьледам. Афіцыйна агучаныя зьвесткі пра 300 так званых злосных ухілістаў спраўджвае кіраўнік прэсавай службы Мінабароны Вячаслаў Раменьчык:

(Раменьчык: ) “У адпаведнасьці з гэтым законам былі ўнесеныя зьмены ў Крымінальны кодэкс Беларусі. Гэта абмежаваньне свабоды тэрмінам да двух гадоў альбо пазбаўленьне волі на такі ж тэрмін. Пакараньне ўводзіцца ў гэты прызыў”.

Цікаўлюся ў падпалкоўніка Раменьчыка, ці падпадаюць пад гэты перасьлед маладыя людзі з апазыцыі, якія выяжджаюць за мяжу па студэнцкай праграме Эўракамісіі. У мінулы аўторак, напрыклад, Рада міністраў паўночных краінаў абвясьціла, што забясьпечыць навучаньне 300 студэнтаў, якіх адлічылі зь беларускіх ВНУ за палітычную дзейнасьць. І вось што гаворыць на гэта Вячаслаў Раменьчык:

(Раменьчык: ) “Яны мусяць стаць на вайсковы ўлік пры амбасадзе ці консульстве Беларусі ў той ці іншай краіне. Прызыў на службу ажыцьцяўляецца да ўзросту 27 год. Тым ня менш, калі чалавек парушыў закон, ён павінен адказваць”.

Са словаў Раменьчыка, студэнты, выключаныя ў Беларусі з вучобы, страцілі права на адтэрміноўку. Дык ці трывожаць сытуацыя ў дачыненьні юнакоў прызыўнога ўзросту, якія з’ехалі ва Украіну, у Польшчу, Літву, Чэхію? На пытаньне адказвае каардынатар студэнцкай праграмы імя Кастуся Каліноўскага Іна Кулей:

(Кулей: ) “Тыя людзі, што выехалі на праграмы, каб вучыцца, не вінаватыя ў тым, што іх выгналі з навучальных установаў. Не з-за таго, што дрэнна вучыліся, альбо паводзілі сябе ня так як трэба. Пасьля гэтага яны аўтаматычна пазбавіліся права адтэрміноўкі. І сёньняшняя іх справа – вучыцца. А як быць з позвай кожны вырашае на месцы”.

Пра адносіны да патрабаваньня адбыць службу ў беларускім войску выказваецца цяперашні студэнт Беластоцкага ўнівэрсытэту Павал Капытка:

(Капытка: ) “Я б вельмі хацеў прайсьці гэтае выпрабаваньне ў сваім жыцьці. Але я жадаў бы служыць у прафэсійным войску. І таму я зараз хачу атрымаць адукацыю і, мажліва, у далейшым адслужыць. Але служаць па якойсьці сваёй спэцыяльнасьці. Ня проста, як бот, класьці шпалы ці рэйкі. Жадаю прайсьці гэтую школу ў сур’ёзным выглядзе, як гэта і мусіць выглядаць у сапраўдным беларускім войску”.

Са словаў Паўла Капыткі, больш як 60 ягоных сяброў зь Беларусі атрымалі ўжо пісьмовыя папярэджваньні аб неабходнасьці зьвярнуцца ў консульскі аддзел на рэгістрацыю прызыўнікоў.
XS
SM
MD
LG