Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Астраўцоў прэзэнтуе “Кактэйль Молатава”


Валянціна Аксак, Менск “Кактэйль Молатава” – так называецца новая кніга празаіка і нашага калегі з Горадні Сяргея Астраўцова, якую ён прэзэнтуе сёньня ў Менску.

Першую сваю кнігу прозы Сяргей Астраўцоў выдаў у 1993 годзе. Гэта былі “Янычары”. “Цэнзарскія нажніцы” выйшлі ў 2000-м годзе, а тры гады таму была кніга “Эсэ і зацемкі”. Цяпер вось – “Кактэйль Молатава”.

Назовы – як адбіткі духу часу, у якім пісаліся самі творы. Хаця наўпроставых спасылак да гэтых адназначных назоваў у тонкай сюжэтнай і стылістычнай канве чытач ня знойдзе. Нават словазлучэньня назову апошняй на яе старонках няма. Сяргей гаворыць, што яно ўзнікла, як сугучны даўнім відовішчам настрой.

(Астраўцоў: ) “Адно зь першых апавяданьняў у мяне было пра 1968 год, пра Прагу. Я там ня быў, але я бачыў, як туды савецкае войска з ГДР паехала. І адна з такіх рэчаў, якая мяне тады ўразіла (я яшчэ школьнікам тады быў), – гэта “кактэйль Молатава”. Я пачуў пра яго і бачыў па тэлевізары, як ім падпальвалі танкі ў Празе на Вацлаўскай плошчы”.

Сяргей Астаўцоў пісаў сваю кнігу пад уражаньнем вандровак па Эўропе і пад радыёакампанэмэнт міжнародных навінаў, якія часта нагадвалі зводкі з баявых франтоў.

(Астраўцоў: ) “Часта паведамлялі пра нейкія сутычкі па ўсёй Эўропе. То анархісты зьбіраліся і выступалі супраць глябалізму, супраць сустрэч прадстаўнікоў багатых краінаў. Нешта такое то ў Празе было, то ў Страсбуры, то ў Афінах. І ад гэтых навінаў нейкі такі рытм стылістычны ў мяне ўзьнік і я вырашыў, што ня буду чакаць для гэтага назову іншага часу, а вазьму цяпер”.

“Кактэйль Молатава” пісаўся на пачатку новага стагодзьдзя. Сяргей гаворыць, што аніякіх алюзій тады на сёньняшнюю беларускую рэчаіснасьць ні ў назове кнігі, ні ў яе зьмесьце не было, хаця ў чытача, безумоўна, будзе спакуса цяпер іх адшукаць. Але знойдзе ён дакладнае аўтарскае адчуваньне хуткаплыннасці і хутказьменнасьці сёньняшняга часу, ягонага руху, які часта пераходзіць у выбуховаць. Імклівая сучаснасьць надзеленая пазнавальнымі дэталямі і рэаліямі, якія чытач ня толькі пазнае, але і зьдзівіцца нечаканаму ракурсу аўтарскага бачаньня. А на сёньняшняй прэзэнтацыі можа яшчэ і паспрачацца пра гэта з аўтарам. Імпрэза адбудзецца ў памяшканьні Беларускага ПЭН-цэнтру ў Менску. Пачатак а 18-30.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG