Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жавальная гумка


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях “Свабоды” аўтар працягвае згадваць рэчы і зьявы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

Зайздрошчу сёньняшняму маладому пакаленьню. Яно не разумее выразу “ўдыганьне перад Захадам” і ягонага злавеснага сэнсу. Як і ня ведае, што такое “халодная вайна”, пад час якой ідэалягічнай зброяй абвяшчаліся ня толькі заходняя музыка, літаратура ды філязофія, але й прахаладжальныя напоі.

Пра тую ж кока-колу, з дапамогаю якой імпэрыялісты спрабавалі разбэсьціць душы савецкіх людзей, хадзілі легенды. Многія наагул лічылі яе моцным напоем. Прынамсі, так лічыў і я, прачытаўшы аднойчы ў кніжцы эпохі “халоднай вайны” пра амэрыканскую салдатню, якая ўпілася кока-колы і чаплялася да жанчын на вуліцах Заходняга Бэрліну. І калі некаму з навапалачанаў лёсіла наведаць замежжа, яго сустракалі на радзіме жарсьцьлівым пытаньнем: кока-колу піў? Заяву пра тое, што гэта прыкра салодкі прахаладжальны напой з пахам аптэкі, знаёмцы сустракалі зь недаверлівай усьмешкай.

Жавальная гумка, ці папросту жуйка, была зьявай яшчэ больш спакусьлівай, таямнічай ды ідэалягічна небясьпечнай. Упершыню я пра яе пачуў у 1964 годзе, прыехаўшы на пагасьціны ў Піцер. “Ты жавальную гумку хоць раз каштаваў?” – яшчэ ад парогу, з крывой усьмешкай на твары, спытаў стрыечны брат Лёшка. Я асуджана панурыў вочы, а братан стаў пералічваць – колькі разоў яму даводзілася жаваць замежнае смакоцьце. Лёшка паведаміў, што гумку ён дастае ў іншаземцаў. “Выходжу на Неўскі, падвальваю да якога фіна і кажу: “Паркуміё”. І жуйка ў мяне ў кішэні. А калі нарвуся на амэрыканца, дык тады…” Лёшка сумеўся – забыўся, відаць, патрэбнае слова, дастаў пацёхканы нататнік і, перагарнуўшы старонкі, выдыхнуў: “Чуінгам!”

Наступным вечарам мы апынуліся на Неўскім і я, угледзеўшы дзядзьку ў нетутэйшых белых портках, тыцнуў Лёшку ў бок. Маўляў, папрасі “чуінгаму”. Братан пужліва азірнуўся. “Тут небясьпечна. Можа міліцыя ўбачыць”. Таго году я жавальнай гумкі так і не пакаштаваў.

А вярнуўшыся з пагасьцінаў, прачытаў пра “чуінгам” нататку ў часопісе “Здоровье”. Месьцілася яна пад рубрыкай: “Пытайцеся – адказваем”, і там адзін чытач пытаўся: ці ня шкодзіць гумка здароўю. Кампэтэнтны адказ сьведчыў: шкодзіць, ды яшчэ як! Калі даваць веры часопісу, асабліва небясьпечна жаваць яе нашча. Бо пры гэтым актыўна выдзяляецца страўнікавы сок, страўнік пачынае яго перапрацоўваць, і гэта пагражае язвавай хваробай. А яшчэ пісалі, што калі гумку выпадкова праглынуць, дык могуць зьліпнуцца кішкі. У многіх чытачоў “Здоровья” пасьля такіх адкрыцьцяў зьліпліся мазгі. Вось і я -- ніякіх хваробаў не баяўся, а тут трывожна наструніўся. І ў душы падзячыў лёсу, што Лёшка ня кінуўся тады прасіць у іншаземца жавальную гумку.
XS
SM
MD
LG