Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лявон Луцкевіч


Уладзімер Арлоў, Менск 17.3.1922, Вільня — 28.7.1997, Вільня. Пахаваны на віленскіх могілках Росы.

У Вільні быў празрысты сонечны кастрычніцкі вечар. Мы спыніліся каля Вострае Брамы — там, адкуль раніцою пачалося нашае доўгае падарожжа, калі я ўпершыню даведаўся, дзе дакладна быў дом Скарынавага фундатара бурмістра Якуба Бабіча; дзе жандары арыштавалі Каліноўскага; дзе месьцілася друкарня Марціна Кухты; дзе жылі Янка Купала і Янка Пазьняк...

Мой спадарожнік і праваднік, у сваіх заўсёдных зухаватым бэрэце і прыцемненых акулярах, працытаваў героя аўтабіяграфічнай аповесьці Максіма Гарэцкага “Мэлянхолія”: “Пішу да цябе зь Вільні, адкуль сьвяціла магутным сьвятлом наша старадаўняя культура...” Я выказаў думку, што мой суразмоўца павінен падтрымаць гэтае сьвятло сваёй кнігаю пра беларускую Вільню, бо, бадай, ніхто зь беларусаў ня ведае нашую духоўную Мэкку лепей за яго. Тым больш, што ягонае веданьне натхнёнае такой узьнёслай любоўю да кожнае вулачкі й старадаўняе мураванкі.

Я быў проста шчасьлівы, пачуўшы, што кніга ўжо ствараецца.

Майго правадніка звалі Лявон Луцкевіч.

Сыну аднаго з “бацькоў” Беларускай Народнай Рэспублікі, Антона Луцкевіча, лёс ня мог наканаваць лёгкага шляху. Выпускнік Віленскай беларускай гімназіі, падчас Другой сусьветнай вайны ён настаўнічаў, потым стаў афіцэрам Беларускай краёвай абароны. Пасьля працэсу над кіраўніцтвам Беларускай незалежніцкай партыі (БНП) Лявона Луцкевіча на пятнаццаць гадоў кінулі за гулагаўскі дрот. На 25 гадоў калымскіх канцлягераў быў засуджаны ягоны родны брат Юрка, таксама сябра БНП, што напрыканцы 1944-га ўдзельнічаў у падрыхтоўцы антынямецкага паўстаньня ў Менску.

Вярнуўшыся на волю, спадар Лявон усё сваё жыцьцё зьвязаў з роднай Вільняй. Ягонай жонкаю была дачка пісьменьніцы Зоські Верас Галіна. Сям’я доўгі час жыла ў славутай “Лясной хатцы”, дзе ў 1970—1980-я гады перабывала ці ня ўся беларуская інтэлігенцыя.

Лявон Луцкевіч быў адным з тых, хто адраджаў беларускае культурнае жыцьцё ў Вільні пры канцы 80-х. Ён прычыніўся да стварэньня першай беларускай суполкі “Сябрына”, а затым Таварыства беларускай культуры ў Літве. Дзядзька Лявон, у той час сябра Рады БНР, вёў беларускія перадачы на Літоўскім радыё і супрацоўнічаў з Радыё Свабода, на чыіх хвалях у аўтарскім выкананьні прагучалі ўсе тэксты з будучай кнігі, пра якую мы гаварылі каля Вострае Брамы.

На жаль, спадар Лявон ужо не пасьпеў патрымаць у руках свае “Вандроўкі па Вільні”. Яны выйшлі ў 1998 годзе ў Віленскім беларускім выдавецтве “Рунь” і, даўно чакаючы перавыданьня, дагэтуль застаюцца найлепшай беларускай кнігаю пра колішнюю сталіцу дзяржавы нашых продкаў.

Калі на выходныя вы сабраліся ў Вільню, захапіце з сабою кнігу Лявона Луцкевіча.
XS
SM
MD
LG