Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Абрамовіча судзілі за пікет перад будынкам адміністрацыі прэзыдэнта


Галіна Абакунчык, Менск У Менску адбыўся суд над праваабаронцам з Барысава Аляксандрам Абрамовічам. Яго зьвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету каля будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Аляксандар Абрамовіч прыехаў у Менск і стаў насупраць галоўнага ўваходу ў будынак адміністрацыі з плякатам “Свабоду Казуліну й іншым палітвязьням”.

(Абрамовіч: ) “Нашая адзіная зброя ў гэтых умовах — салідарнасьць. Рэжым хоча нас запалохаць, але мы не павінны паддавацца запалохваньням і мусім выказваць салідарнасьць. Калі мы вытрымаем, то мы абавязкова пераможам. У адваротным выпадку спадар Лукашэнка будзе прыжыцьцёва пры ўладзе й яшчэ перадасьць уладу свайму сыну”.

Аляксандар Абрамовіч прастаяў з плякатам некалькі хвілінаў: да яго падбеглі супрацоўнікі аховы будынку адміністрацыі, а таксама людзі ў цывільным. Яны адабралі плякат і затрымалі спадара Абрамовіча. Вось як ён гэта пракамэнтаваў, калі быў дастаўлены ў будынак гарадзкога аддзелу міліцыі Менску:

(Абрамовіч: ) “Сытуацыя вымагае ахвяраваньня. Я не баюся, бо на маім баку праўда. Праўда перамагае”.

Абрамовіча зьвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванай акцыі. У гэты ж дзень яго судзілі ў Ленінскім раёне Менску. У студзені Абрамовіч адбыў 7 сутак у турме на Акрэсьціна за тое, што выйшаў да прэзыдэнцкай адміністрацыі з плякатам “Выбары без дыктатара Лукашэнкі”.

Разам з Аляксандрам Абрамовічам затрымалі карэспандэнтку Радыё Свабода й журналістку тыднёвіка “Белорусы и рынок” Ксенію Авімаву, якія асьвятлялі падзею. Журналісты мелі ўсе неабходныя дакумэнты, але супрацоўнікі гарадзкога аддзелу міліцыі дзьве гадзіны высьвятлялі іхныя асобы. Як пакаралі Аляксандра Абрамовіча, у судзе паведаміць адмовіліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG