Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дваццаць першы дзень галадоўкі пратэстантаў <b/>(фота)


Любоў Лунёва, Менск 21-я суткі ў будынку царквы “Новае жыцьцё” галадаюць дзевяць вернікаў. Больш за два дзясяткі чалавек далучыліся да галадоўкі пазьней. Яшчэ каля сотні пратэстантаў трымаюць пост. Вернікі патрабуюць прызнаць храм культавым будынкам і даць ім магчымасьць ладзіць там набажэнствы. Сваякі галадоўнікаў наведалі Міністэрства аховы здароўя. Яны патрабуюць, каб чыноўнікі адрэагавалі на галадоўку й забясьпечылі мэдычны кантроль.

Сёньня ў будынак царквы “Новае жыцьцё” зноў выклікалі хуткую дапамогу. Дзьве верніцы — Вольга Ніканава й Натальля Кунаўская — трымаюць галадоўку ад першага дня. Сёньня яны сябе адчулі вельмі кепска. Гаворыць Натальля Кунаўская:

(Кунаўская: ) “Cіл амаль ужо няма… Халодна… Чуваць, як сэрца б’ецца. Сэрца пачынае балець. Страўнік… Мерылі ціск, дык ніжні ціск не праслухоўваецца. Мы сёньня здавалі кроў на аналіз зь вены. Канечне, калі аналіз будзе кепскі, то я паеду ў шпіталь”.

Вольга Ніканава паскардзілася на аналягічныя сымптомы. Яе шпіталізавалі ў 1-ы клінічны шпіталь.

Сваякі галадоўнікаў наведалі Міністэрства аховы здароўя. Чыноўнікі не пагадзіліся іх прыняць. Сакратаркі казалі, што кіраўніцтва няма ў будынку. Гаворыць Сьвятлана, жонка Ўладзімера Мацкевіча, які 21-я суткі трымае галадоўку.

(Мацкевіч: ) “Прайшло тры тыдні, але няма ніякай рэакцыі ад беларускіх чыноўнікаў. Таму мы ідзем да чынавенства, каб нам далі адказ, чаму няма ніякай адказнасьці, чаму яны пераносяць адказнасьць на саміх галадоўнікаў ды на пастара, чаму ня хочуць слухаць грамадзкасьць і тых, хто галадае? Мы адказныя за тое, што адбываецца, і чыноўнікі таксама адказныя за наш стан, за ахову здароўя. Яны павінны гэта рабіць паводле Канстытуцыі”.

Сваякі галадоўнікаў патрабуюць, каб чыноўнікі зрэагавалі на галадоўку належным чынам: наладзілі сталы мэдычны кантроль за ўдзельнікамі акцыі й дапамаглі вырашыць праблему з будынкам. Яны маюць намер наведаць чыноўнікаў Менгарвыканкаму.

Вернікі плянуюць працягваць акцыю. Яны заявілі “Свабодзе”, што на зьмену тым, каго шпіталізавалі, прыходзяць новыя галадоўнікі. Дзяніс Гіль трымае галадоўку ад першага дня. Ён пакуль не пагаджаецца на шпіталізацыю. Сёньня яго наведала жонка зь дзьвюма малымі дочкамі. Гаворыць Дзяніс Гіль:

(Гіль: ) “Жонка мяне цалкам падтрымлівае. Казала: “Будзь тут, пакуль пытаньне “Новага жыцьця” ня будзе вырашанае, пакуль стан здароўя зусім стане непрымальны”. Я разумею, што мушу быць разам са сваёй сям’ёй, але я разумею, што пытаньне “Новага жыцьця” ёсьць пытаньнем будучыні маіх дзяцей і ўсяго пратэстанцкага руху ў Беларусі”.

Вернікі, нягледзячы на тое, што атрымалі папярэджаньне з суду аб адміністрацыйнай адказнасьці, заяўляюць, што свайго будынку добраахвотна не аддадуць.



Натальля Куняўская і Вольга Ніканава



XS
SM
MD
LG