Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за тысячу сьведкаў гатовыя выступіць у абарону З.Дашкевіча


Альгерд Невяроўскі,Меснк Актывісты “Маладога фронту” сабралі 1273 подпісы людзей, якія гатовыя засьведчыць у судзе, што Зьміцер Дашкевіч не злачынца, а арганізацыя, якую ён узначальвае, не рыхтавала захопу ўлады. Многія з гэтых людзей зьбіраюцца 30 кастрычніка прыйсьці да суду Кастрычніцкага раёну Менску, дзе пачнецца працэс над Дашкевічам.

Зьмітра Дашкевіча будуць судзіць паводле артыкулу 193, часткі 1 Крымінальнага кодэксу — стварэньне ці ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Цягам апошняга месяца сябры й паплечнікі Зьмітра зьвярталіся па дапамогу да амбасадаў краінаў Эўразьвязу ў Менску, у Эўракамісію і АБСЭ. Праводзілі вулічныя акцыі пратэсту. Маладафронтавец Зьміцер Хведарук сёьння распавёў, як маладафронтаўцы зьбіраюцца бараніць свайго сябра:

(Хведарук: ) “Мы падалі заявы ў Кнігу рэкордаў Гінэса, каб засьведчыць, што Беларусь — самая салідарная краіна, што ў Беларусі жывуць самыя салідарныя грамадзяне. Ад пачатку завядзеньня крымінальнай справы мы складалі сьпіс сьведак па справе “Маладога фронту”. У нашым сьпісе 1273 чалавекі, якія гатовыя сьведчыць, што “Малады фронт” — самая цудоўная арганізацыя, што яна заснаваная на хрысьціянскіх прынцыпах і нацыянальнай ідэі — і суд над ёй незаконны.

Гэтыя людзі гатовыя прыйсьці ў суд і сказаць, што Зьміцер Дашкевіч — цудоўны чалавек і проста так яго судзіць нельга. Што гэтыя папраўкі ў Крымінальны кодэкс незаконныя. Што гэта паўтарэньне сталінскага рэжыму”.

У сьпісе абаронцаў Дашкевіча — Аляксандар Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, Уладзімер Аролоў ды іншыя. Яшчэ некалькі соцень маладафронтаўцаў, іхных бацькоў і знаёмых выкліканыя позвай у суд на 31 кастрычніка. Яны зьбіраюцца засьведчыць, што належаць да арганізацыі “Малады фронт” і будуць патрабаваць судзіць іх па тым жа артыкуле, што і Зьмітра Дашкевіча. Зьміцер Хведарук працягвае:

(Хведарук: ) “Калі яны пачынаюць судзіць нас за тое, што мы маладафронтаўцы, калі мы будзем паасобку баяцца, што пасадзілі кіраўніка і нам трэба хавацца, наступнымі пасадзяць нас. Цяпер надыходзіць такі катэгарычны, радыкальны момант, калі трэба выйсьці зь ценю і сказаць, што мы “Малады фронт”, нас шмат, нас падтрымлівае грамадзтва, нас ведаюць. Проста так вы нас не засудзіце”.

Маладафронтаўцы зьбіраюцца прыйсьці да суду са сьвечкамі й партрэтамі Зьмітра Дашкевіча. 29 кастрычніка яны зьбіраюцца правесьці акцыю ў абарону Зьмітра ў рамках шэсьця на Дзяды. 30 кастрычніка акцыі салідарнасьці з Дашкевічам плянуецца правесьці ў Польшчы, Літве і Ўкраіне.
XS
SM
MD
LG