Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымыя перамовы апазыцыі з уладамі?


Валер Карбалевіч, Менск Эфір 25 кастрычніка Удзельнікі: намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Уладзімер Нісьцюк і намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Хадыка.

(Валер Карбалевіч: ) “Прапановы спадара Нісьцюка выклікалі даволі гучны рэзананс у асяродзьдзі незалежнага грамадзтва. Сутнасьць іх, калі казаць коратка й спрошчана, зводзіцца да наступнага. Улада ў Беларусі моцная, апазыцыя слабая, ранейшыя мэтады дзеля зьмены сытуацыі не спрацоўваюць. Таму трэба пачаць перамовы паміж кіраўніцтвам Беларусі, апазыцыяй, Захадам. Прычым, улады пойдуць на перамовы толькі з канструктыўнай апазыцыяй, саступкі павінны быць з абодвух бакоў.

Першае пытаньне, якое адразу ўзьнікае шмат у каго: спадар Нісьцюк, хто за вамі стаіць? Ад імя каго вы выступаеце? Ці ёсьць гэта пазыцыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), намесьнікам старшыні якой вы зьяўляецеся? Пытаньне тым больш актуальнае, што тое пасланьне, зь якім выступіў старшыня вашай партыі Казулін з-за кратаў, і ваша пазыцыя амаль дыямэтральна процілеглыя”.

(Уладзімер Нісьцюк: ) “Па-першае, я задаволены тым, што мае думкі выклікалі рэзананс. Бо ўрэшце ў апазыцыі пачынаецца сур’ёзная размова наконт таго, што нам рабіць далей. Таму што дасюль пераважала сіла інэрцыі. Мы прыкаціліся да прэзыдэнцкіх выбараў, выкаціліся зь іх — і коцімся далей, не спрабуючы аналізаваць вынікаў сваёй дзейнасьці.

Па-другое, я вельмі паважаю Аляксандра Казуліна, які з-за кратаў дасылае лісты, але я таксама паважаю і статутныя органы партыі. У партыі ёсьць канцэпцыя, якая называецца “Шлях да годнага жыцьця”. Там ёсьць шмат пазыцыяў, якія я выклаў у сваіх прапановах.

Напрыклад, тэзіс аб неабходнасьці пагадненьня з уладамі, аб тым, што трэба прызнаваць рэальныя палітычныя суб’екты, якія ёсьць у Беларусі. А першым, самым моцным і ўплывовым суб’ектам зьяўляецца ўлада прэзыдэнта.

Таму Аляксандар Казулін у некаторых пытаньнях выступае проста як фізычная асоба, а не як старшыня партыі. Таксама і я выступаю як фізычная асоба”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Нісьцюк, растлумачце, дайце вызначэньне — што ёсьць апазыцыя “канструктыўная” і “радыкальная”? Прывядзеце прыклады, каго вы адносіце да адной і да другой. І хто будзе вызначаць, якія партыі ці арганізацыі аднесьці да “канструктыўнай” і “радыкальнай” апазыцыі?”

(Нісьцюк: ) “Па-першае, канструктыўная апазыцыя, гэта такая апазыцыя, якая заваёўвае не сымпатыі донараў на Захадзе ці Ўсходзе, а сымпатыі сваіх выбарцаў. Народ — галоўны арбітар.

Па-другое, канструктыўная апазыцыя дэкляруе не віртуальныя праблемы барацьбы за правы чалавека ў межах Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, а дамагаецца ад уладаў усіх узроўняў рашэньня актуальных праблемаў, якія хвалююць людзей.

Па-трэцяе, канструктыўная апазыцыя павінна нешта рабіць для людзей сама. Каб грошы, якія зьяўляюцца для падтрымкі грамадзкіх структураў, пайшлі на канкрэтную справу на карысьць людзей.

Нарэшце, па-чацьвертае, канструктыўная апазыцыя павінна вярнуцца ў сыстэму ўлады. Таму што знаходзячыся цяпер у рэзэрвацыі, гета, якое стварыў Лукашэнка для апазыцыі, мы ня можам уплываць на прыняцьце дзяржаўных рашэньняў. Таму нашая роля ў дзяржаўным жыцьці роўная нулю”.

(Карбалевіч: ) “Якія партыі ці арганізацыі аднесьці да “канструктыўнай” і “радыкальнай” апазыцыі?”

(Нісьцюк: ) “Гэты падзел быў вельмі добра відаць на пачатку кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў. Тады Мілінкевіч клікаў людзей на плошчу і ставіў за мэту рэвалюцыю. А Казулін прапанаваў эвалюцыйны шлях негвалтоўных акцыяў”.

(Карбалевіч: ) “Ці правільна я зразумеў, што канструктыўная апазыцыя — гэта БСДП (Г), а радыкальная — гэта сілы, якія падтрымлівалі Мілінкевіча?”

(Нісьцюк: ) “З гэтым можна пагадзіцца. Хоць гэта вельмі грубы падыход”.

(Карбалевіч: ) “Вы сказалі, што канструктыўная апазыцыя — гэта тая, якую падтрымлівае народ. З гэтага гледзішча БСДП (Г) ня мае ніякіх пераваг у параўнаньні зь іншымі апазыцыйнымі партыямі. Зь іншага боку, больш радыкальнага палітыка, чым лідэр БСДП (Г) Казулін, падчас прэзыдэнцкіх выбараў не было. Таму тут узьнікае шмат пытаньняў наконт канструктыўнасьці й радыкалізму”.

(Юрась Хадыка: ) “Канструктыўная апазыцыя — гэта такая, якая не абмяжоўваецца лёзунгамі, а мае нейкія рэальныя чыньнікі ўзьдзеяньня на ўладу. Радыкалы не шукаюць падтрымкі Захаду, а канструктыўная апазыцыя, да якой я адношу аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, такую падтрымку знайшла там.

Я не магу згадзіцца з тэзісам, што апазыцыя слабая, а рэжым моцны. Напрыклад, моцны рэжым у ЗША, бо там няма розьніцы, краіна не залежыць ад таго, хто стаў прэзыдэнтам. А калі рэжым хістаецца ад любога падвышэньня цэнаў на энэрганосьбіты, то яго нельга назваць моцным. Так, ён валодае мэдыямі, сілавымі структурамі й зь іх дапамогаю запалохаў народ. Але гэта не прыкмета сілы. Таму, ідучы на магчымыя перамовы, мы мусім зыходзіць з пастуляту, што апазыцыя не слабая, а рэжым ня моцны”.

(Карбалевіч: ) “Цяпер наконт перамоваў. Ідэя ня новая. Спробы арганізаваць перамовы паміж уладамі й апазыцыяй з пасярэдніцтвам Захаду рабіліся ў 1997, 1999—2000 гадах. Але яны зрываліся ўладамі. Потым Захад вылучыў “пакрокавую стратэгію”, якая прадугледжвала, што на кожны крок дзеля дэмакратызацыі грамадзка-палітычнага жыцьця ў Беларусі Захад робіць крок насустрач афіцыйнаму Менску. Але апошні зноў жа ігнараваў гэтыя прапановы.

То бок, галоўная праблема — нежаданьне ўладаў да любых сур’ёзных перамоваў з апазыцыяй. І з выказваньняў Лукашэнкі вынікае, што ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў увогуле няма апазыцыі, якая б абапіралася на нейкую грамадзкую падтрымку, а ёсьць толькі кучка “адмарозкаў”. Цяпер прапануецца аднавіць перамовы. Але чаму вы думаеце, што Лукашэнка пагодзіцца на нейкія перамовы? Што можа яго прымусіць? Калі вы кажаце, што апазыцыя слабая, то які сэнс весьці перамовы з слабымі?”

(Нісьцюк: ) “Галоўная сіла Лукашэнкі — гэта падтрымка народу. Паводле зьвестак НІСЭПД (Літва) за верасень, 57% насельніцтва задаволеныя тым, як Лукашэнка кіруе краінай. Таму трэба адмовіцца ад шапказакідальніцтва.

Апазыцыя дзеля перамоваў павінна дамовіцца пра адзіныя патрабаваньні, адзіны сцэнар. Таму што можа атрымацца, што апазыцыя выйдзе на перамовы пяцьцю камандамі.

Расея рыхтуе цяпер моцны ціск на Беларусь. З аднаго боку, Масква можа пазбавіць эканамічных прэфэрэнцыяў. А зь іншага боку, пагроза гандлёвай вайны з Захадам. У гэтых умовах Лукашэнка будзе змушаны шукаць дзеля балянсу падтрымку на Захадзе. Ён ужо гэта робіць. Вось дасылае спадара Канаплёва на сустрэчу з Ван дэр Ліндэнам альбо дэлегацыю ў Жэневу для перамоваў з Міжнароднай арганізацыяй працы.

Таму цяпер з афіцыйным Менскам размову можна весьці на іншым узроўні й іншым тонам. Лепш за ўсё гэта рабіць Эўропе. Таму цяпер беларуская апазыцыя павінна вылучыць свае прапановы Эўропе, каб яна іх прапанавала Лукашэнку. Больш за тое, трэба дамагацца, каб Эўропа выступіла кансалідавана, аб’яднала намаганьні ўсіх эўрапейскіх арганізацыяў.

І іншага шляху няма. Калі нехта мне цяпер скажа, што ёсьць другія мэханізмы й мэтады перамогі над Лукашэнкам, то я сыду з палітыкі й прызнаю, што нічога не разумею ў ёй”.

(Хадыка: ) “Канечне, патрэбныя перамовы, да іх трэба рыхтавацца. Патрэба ў перамовах можа ўзьнікнуць у сярэдзіне ці пры канцы наступнага году. Партыя БНФ прыняла рашэньне распрацаваць антыкрызысную праграму на выпадак рэзкага падвышэньня цэнаў на газ. Таму што ў гэтым выпадку ў краіне можа ўзьнікнуць хаос.

Зноў жа наконт моцнага лідэра. Для мяне Лукашэнка ня ёсьць моцным лідэрам. Сапраўдны моцны лідэр — гэта, напрыклад, Вацлаў Гавал. Лукашэнка адчувае сваю слабасьць. І ён стварае ілюзію моцы й імкнецца гэта навязаць нам. Калі кіраўнік баіцца свабодных выбараў, не дапускае апазыцыю ў выбарчыя камісіі, які ж ён моцны?”

(Карбалевіч: ) “Любыя перамовы прадугледжваюць кампраміс, гатовасьць да саступак. На якія саступкі павінны й гатовыя пайсьці ўлада і апазыцыя на перамовах?”

(Нісьцюк: ) “Цяпер найбольш рэальнымі зьяўляюцца перамовы паміж Захадам і Лукашэнкам. А апазыцыя ня можа быць галоўнай дзейнай асобай гэтых перамоваў. Таму мы цяпер павінны даць свае прапановы Эўропе. Каб перамовы ішлі згодна з сцэнаром Менску, а не Брусэлю.

А вось з боку апазыцыі я не магу прапанаваць ніякіх саступак. Ды яны Лукашэнку цяпер і не патрэбныя. Яму патрэбныя саступкі ад Эўропы”.

(Хадыка: ) “Мне здаецца, што трэба захаваць тыя чатыры ўмовы, якія ў 1999 годзе вылучыла Менску АБСЭ. Гэта доступ апазыцыі да дзяржаўных мэдыяў, спыненьне перасьледу апазыцыянэраў, вызваленьне палітзьняволеных, пашырэньне функцыяў парлямэнту і прыняцьце дэмакратычнага выбарчага закону. У выпадку іх выкананьня апазыцыя атрымоўвае пэўную тэрыторыю свабоды.

У гэтых умовах ёсьць і саступкі апазыцыі. Там апазыцыя ўжо не патрабуе прызнаць нелегітымнай уладу Лукашэнкі. Няма патрабаваньня вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году. Таму вяртаньне да гэтых умоваў АБСЭ — гэта мінімальнае і цалкам канструктыўная патрабаваньне апазыцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG