Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

<b/>А.Мілінкевіч уганараваны прэміяй імя А.Сахарава


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Эўрапарлямэнт абвясьціў былога кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Мілінкевіча ляўрэатам прэміі імя вядомага праваабаронцы Андрэя Сахарава за 2006 год. У тройку намінантаў, акрамя Аляксандра Мілінкевіча, уваходзілі таксама былая кандыдатка на прэзыдэнта Калюмбіі Інгрыд Бэтанкур і лібанскі журналіст і дыплямат Гасан Туэні.

У інтэрвію нашаму радыё Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ня лічыць гэтую прэмію сваёй асабістай:

(Мілінкевіч: ) “Безумоўна, гэта і шчасьце, і гонар. Але я не ўспрымаю яе як сваю асабістую. Абсалютна шчыра. Гэтая прэмія — узнагарода для тысяч і тысяч людзей, якія прадэманстравалі, асабліва вясною, і мужнасьць, і жаданьне змагацца за сваю годнасьць, за Беларусь. І гэта самая высокая маральная падтрымка дэмакратычных сілаў Беларусі, што змагаліся на працягу апошніх гадоў. І сёньня змагаюцца. Таму я лічу, што не павінен браць гэтую прэмію сабе. І не зьбіраюся гэта рабіць. Прэмія пойдзе на падтрымку рэпрэсаваных людзей, якія пацярпелі падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі”.

Аляксандар Мілінкевіч спадзяецца, што ганараваньне яго сахараўскай прэміяй ускалыхне дэмакратычныя сілы Беларусі:

(Мілінкевіч: ) “Я думаю, што ва ўсіх нас павінен падняцца дух. Апошнім часам Беларусь пачалі пакрыху забываць, бо цэнтар увагі на Блізкім Усходзе. Усё ж вайна ёсьць вайна. А ўзнагарода прадэманстравала, што Беларусь застаецца ў цэнтры ўвагі Эўропы, што нас чакаюць у Эўропе, гэта для нас велізарны аванс. Амаль паўмільярда эўрапейцаў сказалі — мы з вамі!”

Прэмія, якой уганараваны беларускі палітык, носіць імя знакамітага праваабаронцы і навукоўца савецкага часу Андрэя Сахарава. Гэтае імя Аляксандар Мілінкевіч упершыню пачуў тады, калі знакаміты навуковец яшчэ не займаўся праваабарончай дзейнасьцю:

(Мілінкевіч: ) “Я фізык, і ён фізык. І я ведаў ягоныя працы, ведаў яго як найвыдатнейшага навукоўца. Калі ж Сахараў стаў народным дэпутатам, уся краіна слухала яго. І гэта быў голас праўды, голас маралі. Я асабліва цаню ў ім тое, што ён спрабаваў зрабіць палітыку маральнай. Я лічу, што гэта галоўная мэта для многіх”.

Прэмія імя А.Сахарава “За свабоду думкі“ заснаваная Эўрапарлямэнтам у 1988 годзе. Яна прызначаецца штогод за “дасягненьні ў справе абароны правоў чалавека і яго асноўных свабодаў”.
XS
SM
MD
LG