Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Заіка: “Эканамічныя пагрозы Пуціна — ад непаслухмянасьці Лукашэнкі”


Ігар Карней, Менск 25 кастрычніка расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін выказаў намер абмежаваць пастаўкі нафты на беларускія перапрацоўчыя заводы — у выпадку, калі ня ўдасца дамовіцца зь беларускім бокам у мытных пытаньнях. Якія страты пацерпіць Беларусь у выпадку, калі гэтыя пагрозы будуць ажыцьцёўленыя?

У адпаведнасьці з паліўна-энэргетычным балянсам дзьвюх краінаў, аб’ём паставак расейскай нафты на Наваполацкі й Мазырскі нафтаперапрацоўчыя заводы сёлета складзе амаль 20 мільёнаў тон. Уласнай нафты ў Беларусі здабываецца толькі дзясятая частка ад гэтага аб’ёму.

Адсутнасьць адзіных мытных тарыфаў на нафтапрадукты прыводзіць да таго, што Расея, паводле розных ацэнак, ад перапрацоўкі нафты ў Беларусі штогоду губляе ад 3 да 5 мільярдаў даляраў. Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” эканаміст Леанід Заіка падлікі грунтуе на афіцыйных лічбах прыбыткаў двух беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў.

(Заіка: ) “Я калі лічыў, вызначыў так. Нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы стабільна маюць 28—30% нормы прыбытку. Праўда, тут яшчэ як хто лічыць — ці датычна асноўных сродкаў, ці адносна агульнага паказчыку. Але няхай гэта будзе нават 20% у адносінах кошту на нафту, і тады нават умоўна можна казаць: звыш 100 мільёнаў даляраў прыбытку штомесяц (і гэта толькі згодна з самымі-самымі сьціплымі ацэнкамі) кожны нафтаперапрацоўчы завод мае гарантавана. А ў цэлым — 1,5 мільярда за год кожны набірае адназначна”.

Паводле падлікаў расейскага боку, страты Расеі ад розьніцы мытных тарыфаў сёлета могуць перавысіць 4 мільярды даляраў. Каб часткова вырашыць праблему, кіраўніцтва Расеі прапаноўвае альбо падцягнуць беларускія мыты на нафтапрадукты да ўзроўню расейскіх, альбо кампэнсаваць страчаныя сродкі — 85% ад сумы экспартных пошлін на беларускія нафтапрадукты. Але чаму такая схема задавальняла расейскае кіраўніцтва раней і выклікае нэрвовую рэакцыю цяпер?

(Заіка: ) “Лукашэнка ня выканаў распараджэньня Пуціна аб перадачы ўлады наступнаму кандыдату на прэзыдэнта; ён не знайшоў сабе пераемніка. Ён ня слухаўся Крамля, ня слухаўся Пуціна ў гэтых сур’ёзных і адказных пытаньнях. Пайшоў на трэці тэрмін. Навошта? Гэта нядобра, бо палкоўнік Пуцін сыходзіць, высаджваецца з вагону цягніка. Але высадзіцца павінны былі так: Лукашэнка — сёлета, а праз паўтара году — Пуцін. Атрымалася, што Лукашэнка зьбіраецца сядзець надалей, а Пуціну што — запісвацца ў пэнсіянэры? Гэта сур’ёзнае палітычнае спаборніцтва, сур’ёзны палітычны выклік. Лукашэнка вырашыў паказаць Пуціну, што ён гуляе па сваіх правілах. Цяпер Пуцін дэманструе, што правілы стварае Крэмль”.

Сёньня міністар фінансаў Беларусі Мікалай Корбут пракамэнтаваў заяву Ўладзімера Пуціна пра магчымае абмежаваньне паставак нафты ў Беларусь. Корбут удакладніў, што на гэты момант дзейнічае пагадненьне, згодна зь якім кожны бок фармуе экспартныя мыты ў адпаведнасьці з нацыянальным заканадаўствам. І такі сцэнар, мяркуючы па сумах прыбыткаў ад перапрацоўкі расейскай нафты, беларускі бок цалкам задавальняе.

Нагадаем — нявырашаным застаецца пытаньне кошту расейскага газу, які плянуецца пастаўляць у Беларусь у 2007 годзе. У прапанаваным кантракце “Газпрому” гаворка па-ранейшаму ідзе пра 200 даляраў за тысячу кубамэтраў — супраць 46,68 даляра ў 2006 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG