Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт абароны рэпрэсаваных заклікае вызваліць палітвязьняў


Радыё Свабода Сёньня Камітэт абароны рэпрэсаваных "Салідарнасьць" распаўсюдзіў зварот, у якім выказвае пратэст супраць узмацненьня рэпрэсій у дачыненьні да моладзі. Камітэт патрабуе вызваліць усіх маладых палітвязьняў, скасаваць усе прысуды, вынесеныя паводле палітычных матываў.

Камітэт нагадвае, што ў пэрыяд перадвыбарчай кампаніі і сакавіка 2006 года ў Беларусі было вынесена 13 крымінальных прысудаў на пазбаўленьне волі паводле палітычных матываў, заведзена 94 крымінальныя справы, асуджана на шматсуткавае зьняволеньне ў турме 797 чалавек, агульная колькасьць вынесеных штрафаў склала 15 000 даляраў. Вясной гэтага года з навучальных установаў былі выключаныя або недапушчаныя да іспытаў 393 студэнты, 49 асьпірантаў і магістрантаў.

“Махавік рэпрэсіяў набыў нечаканую сілу. Надзвычай жорсткімі сталі прысуды, вынесеныя маладым актывістам за распаўсюд улётак -- 2 гады “хіміі” 19-гадоваму Змітру Зубро і 20-гадоваму Аляксандру Казакову, за палітычныя графіці -- 2 гады “хіміі” 20 –гадоваму Артуру Фінькевічу. За кратамі апынуліся сябры “Партнэрства”, нядаўнія студэнты ЭГУ, лепшыя з лепшых, абвінавачаныя ў замаху на інтарэсы дзяржавы пры падрыхтоўцы незалежнага назіраньня. Мікалай Астрэйка і Цімафей Дранчук былі асуджаны на 2 і 1 год турэмнага зьняволеньня, шэсьць месяцаў правялі ў турме Аляксандр Шалайка і Эніра Браніцкая.

Камітэт нагадвае, што ў сакавіку былі распачатыя крымінальныя справы супраць 10 маладафронтаўцаў у розных рэгіёнах краіны за ўдзел у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Праз 6 месяцаў справы большасьці з іх былі закрытыя, але перасьлед лідэра “Маладога Фронту” Зміцера Дашкевіча прывёў да яго арышту і суду, які пачынаецца 30 кастрычніка.

“Зміцер Дашкевіч, арыштаваны 15 верасьня, не зрабіў ніякага злачынства. Гэта добра выхаваны, сур’ёзны, мэтанакіраваны чалавек, які вырашыў прысвяціць сябе служэньню справе нацыянальнага адраджэньня. Ён зьяўляецца студэнтам аддзяленьня беларусістыкі Віленскага Пэдагагічнага Ўнівэрсытэту і вернікам эвангельскай царквы. Яго маральныя прынцыпы ня толькі не дазваляюць яму ўжываць гвалтоўныя мэтады барацьбы, але, наадварот, зрабілі яго больш чулым, дабразычлівым, сяброўскім”, — зазначаецца з звароце камітэту “Салідарнасьць”.

“Нас, бацькоў і родных маладых палітвязьняў, турбуе перасьлед моладзі паводле палітычных матываў. Выклікае наш гнеўны пратэст тое, што рэпрэсіі накіраваны супраць лепшых прадстаўнікоў краіны, самых перадавых, таленавітых, супраць тых, хто здольны арганізаваць і натхніць аднагодкаў і ісьці разам зь імі да лепшай Беларусі. Грамадзкія арганізацыі і рухі, бацькі, незалежная прэса і міжнародная супольнасьць, усе сумленныя грамадзяне павінны тэрмінова прыкласьці ўсе намаганьні, каб спыніць жорсткі перасьлед моладзі, даць будучыню нашым дзецям! Калі мы не спынім махавік рэпрэсій зараз, то заўтра новыя ахвяры трапяць за краты. Мы павінны быць пільнымі і не маўчаць, бо заўтра наша краіна можа цалкам ператварыцца ў зону ўзмоцненага рэжыму”,-- зазначаецца ў звароце.

Камітэт абароны рэпрэсаваных патрабуе вызваліць усіх маладых палітвязьняў, скасаваць усе прысуды, вынесеныя паводле палітычных матываў.
XS
SM
MD
LG