Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нейкі вадэвіль ператвараецца запозьненае беларуска-расейская каханьне”.


Радыё Свабода Агляд званкоў за чацьвер 26 кастрычніка. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў ў Беларусі і сьвеце. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў 8-029-391-22-24.

(Міхась Сівы, Меншчына: ) “Гэта вельмі прыемна, што беларускае Радыё Свабода сказала “А” і рашуча перайшло да больш зручнага кругласутачнага кантакту са сваімі ўдзячнымі слухачамі. Але, мяркую, трэба ісьці далей па шляху дэмакратычных абнаўленьняў і крыху пашырыць двухвілінную “вілку” запісу выступаў слухачоў на аўтаадказьнік. Напомню ў гэтай сувязі, што, напрыклад, запісы сьпевакоў на патэфонных кружэлках пасьляваеннага часу на 78 абаротаў і тое працягваліся ня менш двух з паловай – трох хвілін. Таму Міхасю Забейдзе, Ларысе Александровіч, Леаніду Ўцёсаву, Клаўдзіі Шульжэнка ніколі не даводзілася наступаць на горла ўласнай песьні. А штатны супрацоўнік “Свабоды” ўжо здолее з магнітнай стужкі выбраць менавіта тое, што яму патрэбна”.

(Спадар: ) “Паважаная “Свабода,” дзякуй Богу, што ёсьць такія людзі, як Юры Віктаравіч Хадыка, якія самааддана прысьвячаюць сябе барацьбе за незалежнасьць, барацьбе за шчасьце народа. Я дзякую Богу, што гэты чалавек на працягу доўгіх год змагаецца. Ён сапраўдны змагар. І вось надоечы ён прыяжджаў у горад Бабруйск, праводзіў сэмінар, “Народныя унівэрсытэты”. Вельмі прыемна было чуць такі прыгожы беларускі говар! Як у яго ўсё добра пастаўлена! Як ён добра людзям тлумачыць пра тое, што павінна быць, як ёсьць і на што трэба спадзявацца. Вельмі прыемна, што ёсьць такія людзі, самаадданыя барацьбе за дэмакратыю, за лепшае, менавіта за лепшую будучыню. Юры Віктаравіч, я з Вамі поўнасьцю згодны. Але мне здаецца, што выбары ў мясцовыя саветы, на жаль, зноў у нас не атрымаюцца. Гэтая паганая ўлада, гэты рэжым нас абплюе, зноў якую-небудзь гадасьць пракруцяць”.

(Ларыса, Менск: ) “Набліжаюцца выбары ў мясцовыя саветы. Гэта тыя прадстаўнікі, якія будуць кантактаваць непасрэдна з выбаршчыкамі. А так як грамадзтва падзелена, і ёсьць людзі з рознымі поглядамі, дык і павінна, каб у выбарчай камісіі, як і назіральнікамі, павінны быць прадстаўнікі з апазыцыі. Тады выбары будуць больш празрыстымі. Большасьць нашых грамадзян ня вельмі цікавіцца палітыкай наогул. Яны абыякава ставяцца да гэтай зьявы. Гэта вельмі добра адчуваецца, калі ідзе апытаньне на вуліцах нашых гарадоў. Магу адказаць ад імя маіх знаёмых пэнсіянэраў. Я сама пэнсіянэрка зь вялікім стажам. Дык вось. Калі перад выбарамі нейкая колькасьць зь іх падтрымлівала апазыцыю, дык пасьля выбараў яны ўсё больш і больш падтрымліваюць сёньняшні ўрад і прэзыдэнта таксама. Нават кажуць, што Лукашэнка нам дадзены ад Бога і мы будзем яго заўсёды падтрымліваць. Гэта сьведчыць пра тое, што апазыцыю і яе дзеяньні многім не зразумелыя. А маладыя наогул не цікавяцца, ім трэба зарабляць грошы і болей яны нічога ня хочуць ведаць. Вось такое становішча на сёньняшні дзень”.

(Ніна Ярмалінская, Салігорск: ) “Зайздрошчу братам-украінцам, што ў іх ёсьць такі лідэр нацыі і прэзыдэнт, як Віктар Юшчанка, які так любіць Украіну і яе мову. Нашыя памяркоўныя палітыкі – беларусафобы без нацыянальнай ідэі ў душы. Яны дзейнічаюць па прынцыпу: спачатку трэба, а потым як ёсьць, так і добра. У выніку, іх аўтарытэт у грамадзтве вельмі нізкі”.

(Спадарыня: ) “Пуцін, адказваючы на пытаньні сваіх грамадзянаў, сказаў, што Расея – самая вялікая па тэрыторыі краіна і што Крэмль не імкнецца падпарадкаваць сабе іншыя краіны. Зманіў, бо ён пайшоў вайной на Чачню, каб утрымаць яе ў сваім падпарадкаваньні. А яго заява пара тое, што адзіна слушнае рашэньне для Беларусі – гэта ўступіць у склад Расеі. Потым адключаў газ. Нахабна патрабуе аддаць яму беларускі газаправод. З-за адмовы, пачаў тэрарызаваць Беларусь падвышэньнем коштаў на газ. Усе гэтыя дзеяньні сьведчаць пра тое, што Пуціну вельмі хочацца падпарадкаваць сабе Беларусь. У сябе ня здольны навесьці парадак. Дайшлі да такой дзікасьці, што адны расейцы пазбаўляюць жыцьця і жыльля іншых. А ён толькі слухае чыноўнікаў перад камэрай. Можна падумаць, што яны яму скажуць праўду...”

(Спадар: ) “Толькі што праслухаў размову Карбалевіча зь Нісьцюком. Нарэшце зьявіўся хоць адзін чалавек у апазыцыі, які хоць трохі думае...”

(Спадарыня, Магілёў: ) “Пакуль асуджаныя Аляксандр Казулін і ўсе астатнія палітзьняволенныя па ілжывых абвінавачваньнях ня будуць вольнымі, ніякіх перамоваў з Лукашэнкам не павінна быць. А калі Ўладзімер Нісьцюк імкнецца нас пераканаць у неабходнасьці перамоваў з Лукашэнкам, то, прабачце, як гэты чалавек мог аказацца ў адной партыі з Аляксандрам Казуліным?! Ці не ўкаранілі яго ў гэтую партыю, каб раскалоць яе знутры, Лукашэнка ці яго прыхільнікі?! Уладзімер Нісьцюк лічыць, што ўлада моцная, а апазыцыя слабая. Тым больш, якія могуць быць перамовы паміж моцным і слабым? З Вашай лёгікай, Уладзімер Нісьцюк, пераходзьце ў моцны лягер і не перашкаджайце станавіцца на ногі, як Вы лічыце, слабым. А меркаваньне Юрася Хадыкі, лічу, патрэбна поўнасьцю падтрымаць”.

(Спадар: ) “Патрэбна сустракацца з народам па месцы жыхарства кандыдатаў у дэпутаты, даводзіць думкі, праўдзівыя факты супраць улады і гэтак далей. Не патрэбна баяцца канкурэнтаў зь іншых партыяў. У мэтах прапаганды поглядаў у гэтым больш карысьці, чым адзін дэпутат. А партыі павінны змагацца самі за ўладу, а ня мець надзею на аднаго невядома адкуль высунутага. Партыя без змаганьня за ўладу гэта ня партыя, а сэкта”.

(Зіноўеў: ) “У нейкі вадэвіль ператвараецца запозьненае беларуска-расейская каханьне”.
XS
SM
MD
LG