Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 год “Нашай Ніве”: “Што начальства радзіць мужыкам?”


Зьміцер Падбярэскі, Менск “Наша Ніва” тлумачыць сваім чытачам.

У пятым нумары газэты рэдакцыя “Нашай Нівы” пад рубрыкай “Пачтовая скрынка” тлумачыць стан справаў пану Устіну з вёскі Буканосава Магілёўскай губэрні: “На Ваш лісток атказуем, што наша газэта каштуе ня 6 руб., а толькі 3 руб. у год з перасылкаю. Вы пішэце, што “Сельскій Вестнік”, “Дружэскіе Рэчы” і другіе падобные ім газэты каштуюць вельмі танна, — отож ведайце, што яны дастаюць ад правіцельства на падмогу грошы. Мы, ня маючы с правіцельствам нічога супольнаго, ніскуль не дастаем грошэй на падмогу, вось і трудна цяпер танней прадаваць “Нашу Ніву”. Як толькі у нас газэта пачне даваць даход, то тагды паменшым цэну за яе. А яшчэ цяжка нам прыходзіцца, бо друкуем газэту і рускімі, і польскімі літэрамі, каб чыталі яе усе беларусы, хто як умее. Просім пісаць да нас, што робіцца у Вашай вёсцы і у ваколіцы”.

У наступным нумары газэты за подпісам Тройца надрукавана паведамленьне зь Дзісны: “Нядзель таму две, а можэ і тры былі у нас прызвы. Народу пасходзілася з усіх старон багата. Перэд кватэрай воінскага прісуцтва сабраўся народ і, няведама скуль, пашлі па руках лісткі “да прызыўных” с подпісам “Беларускае Соціалістычнае Грамады”. Такіеж лісткі былі параскіданы перэд касцелам, дзе прысягалі некруты. Больш нічога не чуваць у нашай старане. Толькі начальства ездзіць па весках і радзіць сядзець ціха і — глаўнае — не чытаць газэт: тады, кажуць яны, усе будзе добра. Ці толькі праўду яны гавораць — ня ведаю”.
XS
SM
MD
LG