Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Размова тэт-а-тэт”: без сэкс-шоў і палітыкі, але пра футбол


Севярын Квяткоўскі, Менск Рэклямку паслугі задушэўных тэлеразмоваў пэрыядычна можна сустрэць у розных камэрцыйных выданьнях Беларусі. Паслуга ня ёсьць сэксам па тэлефоне. Гэта значыць, што абанэнт не атрымае эратычнае шоў са стогнамі. Кошт хвіліны размовы– 1400 рублёў. Існуе абмежаваньне на адну размову – 20 хвілін. Гэта ля тых, хто не сочыць за часам, і адпаведна – уласнымі грашыма. На якія тэмы могуць і здольныя размаўляць працаўніцы службы “Размова тэт-а-тэт?

Чакаючы адказу на лініі, я ведаў, што дзяўчаты абавязаныя максымальна ісьці насустрач пажаданьням абанэнта ва ўсім, што не супярэчаць правілам, якія забараняюць ладзіць сэкс-шоў, і займацца пасярэдніцтвам ў рэальных знаёмствах.

(Аўтамат: ) “Вы знойдзеце поўнае разуменьне, і атрымаеце незабыўнае ўражаньне ад камунікаваньня з нашымі чароўнымі дзяўчатамі”.

Найперш я хацеў высьветліць тры рэчы: ці будуць са мной размаўляць па-беларуску, ці будуць гаварыць пра сэкс, і ці будуць гаварыць пра палітыку.

(Карэспандэнт: ) “Вы можаце размаўляць са мною па-беларуску?”

(Супрацоўніца: ) “Ну добра. Давайце паразмаўляем з вамі на гэтай цудоўнай мове. Я таксама ведаю беларускую мову, таму што я тут жыву”.

(Карэспандэнт: ) “Што вам больш за ўсё падабаецца ў сэксе?”

(Супрацоўніца: ) “Ведаеце, а я вельмі люблю групавы сэкс”.

(Карэспандэнт: ) “А за каго вы галасавалі на мінулых выбарах?”

(Супрацоўніца: ) “Я на іх нават не хадзіла. Таму ў мяне няма права гаварыць пра палітыку. Я магу тут гаварыць, але я ў ёй нічога не разумею”.

(Карэспандэнт: ) “Якія самыя папулярныя тэмы сярод мужчын, якія вам тэлефануюць?”

(Супрацоўніца: ) “Напрыклад, калі сёлета быў чэмпіянат сьвету па футболе, у гэтым годзе, многія мужчыны тэлефанавалі нам”.

(Карэспандэнт: ) “Вы цяміце ў футболе?”

(Супрацоўніца: ) “Я можа быць ня так моцна цямлю ў футболе, але па ходу працы, мне давялося ў ім разьбірацца. Я дазналася пра некаторых зорак, якія мне перад тым былі абыякавыя. Я нават дазналася што такое пінальці. Мне цяпер футбол стаўся цікавым. Яшчэ часьцяком хочуць гаварыць пра жанчын. Многія ня могуць зразумець жанчын. Перад 8 сакавіка пытаюцца “што б вы хацелі, каб вам падаравалі?” Каб мы іх больш-менш зарыентавалі ў падарунках. Усё-ткі мужчыны, яны менш такія… Ну, мужчыны ёсьць мужчыны. Трэцяя тэма, якая самая распаўсюджаная, мужчыны тэлефануюць з нагоды незадаволенасьці ў сэксе. Яны незадаволеныя сабой ці жанчынай, ці чым іншым. Дарэчы, нам тэлефануюць і дзяўчаты”.

(Карэспандэнт: ) “Пра што пытаюць?”

(Супрацоўніца: ) “Гэтак сама скардзяцца на сваіх мужчын. Альбо таму, што палаяліся са сьвякрухай. У асноўным жанчыны тэлефануюць на гэтыя тэмы. Іншых не прыгадаю”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі вам трэба працаваць за зьмену?”

(Супрацоўніца: ) “24 гадзіны за суткі. Ня верыце? Мая справа сказаць, а вашая справа верыць, ці ня верыць”.

(Карэспандэнт: ) “А вы часта праўду гаворыце? Ці падладжваецеся пад чалавека, і прыдумляеце штосьці?”

(Супрацоўніца: ) “Няхай гэта будзе маёй прафэсійнай таямніцай. Ведаеце, наша фірма на гэтым рынку даўно, і ў іх ёсьць пастаянныя кліенты, і ў іх ёсьць свае “пастаянныя” дзяўчыны”.

(Карэспандэнт:) “Ці можа мужчына ў вас працаваць, і размаўляць з жанчынамі?”

(Супрацоўніца: ) “Не, у нас жаночы калектыў”.
XS
SM
MD
LG