Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тэлефоны даверу не выклікаюць асаблівага даверу


Ігар Карней, Менск У адным толькі Менску працуе каля двух дзесяткаў разнастайных тэлефонаў даверу. Абанэнтам прапануюць атрымаць псыхалягічную дапамогу, паскардзіцца на нячэсных начальнікаў, падзяліцца зьвесткамі пра злачынцаў, вылекавацца ад запояў і наркаманіі і нават атрымаць сэксуальнае задавальненьне. Які плён ад існаваньня гарачых ліній і ці карыстаюцца тэлефонныя паслугі попытам?

Тэлефоны даверу можна падзяліць на дзьве групы: праз якія вам могуць дапамагчы, і тыя, пра якія вам прапануюць падзяліцца інфармацыяй. Да ліку першых адносіцца рознага кшталту псыхалягічных службаў, да другіх – нумары кампэтэнтных органаў, праз якія заклікаюць дзяліцца карыснай інфармацыяй пра розныя правапарушэньні.

Круглыя суткі працуе тэлефон даверу КДБ. Праўда, як кажуць у прэсавай службе камітэту, плёну ад тых тэлефанаваньняў ня шмат: часьцей за ўсё просяць вярнуць здрадніка-мужа ці жонку.

Працуюць такія самыя лініі ў Міністэрстве ў падатках і зборах, Міністэрстве абароны, у Дзяржаўтаінспэкцыі, у Міністэрстве ўнутраных справаў; асобныя тэлефоны даверу маюць Дэпартамэнт у справах грамадзянства і міграцыі, Упраўленьне ўнутраных справаў на транспарце, Полк патрульна-паставой службы, Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў ды іншыя.

У літаральным сэнсе да гарачага награваецца тэлефон Менскага таварыства абароны правоў спажыўцоў. Кіраўніца таварыства Ірына Афанасева кажа: штодня даводзіцца выслухоўваць некалькі дзесяткаў абураных людзей, якія скардзяцца на няякасны тавар ці паслугу ў спадзяваньні дапамогі на матэрыяльную кампэнсацыю.

(Афанасева: ) “У 1997 годзе мы адкрылі гарачую лінію. Прыкладам, летась зваротаў было больш за 6 тысячаў. У дапамогу нам была прынятая пастанова Міністэрства гандлю, узгодненая зь Мін’юстам: яшчэ раз нагадалі судзьдзям, нагадалі судам, што яны абавязаныя вяртаць грошы спажыўцам у тым выпадку, калі тыя панесьлі выдаткі падчас абароны сваіх правоў”.

Але адным зь першых, пры канцы 1990-х, запрацаваў тэлефон Кансультатыўнай службы ў пытаньнях прафіляктыкі ВІЧ/СНІД, наркаманіі, сямейных і асабістых праблемаў. Саюз беларускіх жанчын і недзяржаўны інстытут “Энвіла” арганізаваў сваю лінію для жанчын, якія былі завэрбаваныя за мяжу і перажылі гвалт. Парады ў справе маральнай і фізычнай дапамогі для жанчынаў дае гарачая лінія “Ла Страда”.

Існуе нават тэлефон даверу для цяжарных жанчын.

Як кажуць прадстаўнікі ўстановаў, якія выкарыстоўваюць такі від сувязі з грамадзянамі, некаторыя тэлефоны даверу не выклікаюць асаблівага даверу. Перадусім, тыя, па якіх абяцаюць дапамагчы “завязаць” з алькаголем ці наркотыкамі. Такія тэлефонныя мэтодыкі крытыкуе галоўны лекар Менскага гарадзкога наркалягічнага дыспансэру Сяргей Малочка.

(Малочка: ) “Калі мы гаворым пра чалавека, які раз ці два ўжыў наркотыкі, то тэарэтычна можна дапусьціць магчымасьць існаваньня такой мэтодыкі. Але калі гаворка аб сыстэме, як пацыенты нашы называюць, апынуцца “у санях”, дык пасьля некалькіх гадоў, праведзеных у сыстэме, у “санях”, казаць пра эфэктыўнасьць такіх маланкавых мэтодыках наўрад ці да месца”.

Тэлефон даверу можа адкрыць практычна любая арганізацыя – сэртыфікат ці ліцэнзія на гэта не патрэбная.
XS
SM
MD
LG