Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спаўняецца 175 гадоў паўстаньню ў Дзісенскім павеце


Радыё Свабода, Менск Агляд недзяржаўнай прэсы 26 кастрычніка

“Народная Воля”. Амаль год месца кіраўніка Дэпартамэнту па кінэматаграфіі было вакантным, і вось днямі Мінкульт зацьвердзіў кандыдатуру абсалютна невядомага ў кіношных колах Максіма Буданава. На пытаньне карэспандэнткі “Народнай Волі”, якое дачыненьне спадар Буданаў мае да кіно, той адказаў: “Зусім неабавязкова быць рэжысэрам ці акторам для таго, каб кіраваць галіной. Я музыкант па адукацыі, спэцыялізацыя – духавое аддзяленьне”. Цікавая ў Беларусі кадравая палітыка, канстатуе газэта: Нацбанк ачольвае будаўнік, Міністэрствам спорту кіраваў генэрал, генпракурорам быў прызначаны чалавек без вышэйшай юрыдычнай адукацыі.

Адметна, што ў складзе Віцебскай абласной і гарадзкой выбарчых камісіяў аднолькавая колькасьць сябраў – па 13 чалавек, адзначае “Витебский курьер”. Пры гэтым у іх няма ніводнага прадстаўніка ад апазыцыйных партыяў і рухаў. Ёсьць прадстаўнікі БРСМ, вэтэранскіх арганізацыяў, савету жанчын і па аднаму сябру Лібэральна-дэмакратычнай партыі і Камуністычнай партыі Беларусі.

Шантаж як сродак задушэньня незалежных СМІ. Днямі рэдакцыя “Газэты Слонімскай» страціла чарговую гандлёвую кропку. Індывідуальнага прадпрымальніка, які ў прыватнай краме прадаваў газэту, выклікалі ва ўпраўленьне адукацыі Слонімскага райвыканкама, дзе паставілі ўльтыматум: ён павінен спыніць продаж незалежнай газэты. У зваротным выпадку яму скасуюць дамову на арэнду памяшканьня, дзе месьціцца крама. Будынак, дзе прадпрымальнік арганізаваў свой бізнэс, належыць упраўленьню адукацыі.

“Вольнае Глыбокае” пачало вялікую публікацыю, прысьвечаную 175-годзьдзю паўстаньня 1831 года ў Дзісенскім павеце. Распавядае рэдактар “Вольнага Глыбокага” Уладзімер Скрабатун.

(Скрабатун: ) “Кіраўніком войска паўстаньня быў адстаўны падпалкоўнік з Глыбокага Валенці Брахоцкі, старшынём паўстанскага камітэту быў памешчык з Плісы Рамуальд Падліпенка. Сярод паўстанцаў была Эмілія Плятэр, якую называлі “беларускай Жаннай д’Арк”, вядомая беларуская фальклярыстка і паэтка, ганаровы камандзір роты пяхотнага паўстанцкага паўка”.

“Ранак плюс”. Сьветлагорскі гарвыканкам абвясьціў “амністыю” злосным неплацельшчыкам за камунальныя паслугі, якіх у горадзе 11% ад агульнай колькасьці кватэраўладальнікаў. Да канца кастрычніка яны могуць пагасіць запазычанасьць без выплаты пені.

“6 сотак – гэта ўжо ня модна?” задае рытарычнае пытаньне тыднёвік. Адмова ад зямельных участкаў стала на Сьветлагоршчыне масавай зьявай, зьліквідавана 10 садовых таварыстваў. За апошнія 5 гадоў ніводзін гараджанін не зьвярнуўся з просьбай выдзеліць дачны ўчастак.
XS
SM
MD
LG