Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт-гандаль рыхтуецца да новага парадку


Міхал Стэльмак, Менск Якія пэрспэктывы інтэрнэт-гандлю ў Беларусі? Гэтае пытаньне стала надзённым пасьля нядаўняга прыняцця Саветам Міністраў пастановы, якая неўзабаве ўступіць у дзеяньне і якая зьмяняе правілы на айчынным рынку. Бізнэс-партал Bel.Biz і Міжнародная фінансавая карпарацыя зладзілі ў Менску “круглы стол” з удзелам прадстаўнікоў уладаў й бізнэсу, дзе абмяркоўваўся заўтрашні дзень беларускага гандлю у Сеціве.

У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, каля чатырохсот інтэрнэт-крамаў. Яны гандлююць бытавой тэхнікай, кнігамі, мэбляй, цацкамі й іншымі рэчамі. Тысячы спажыўцоў карыстаецца іх паслугамі. Улады лічаць, што гандаль праз Сеціва разьвіваецца актыўна, але стыхійна. У гэтай сувязі, як зазначыла намесьнік начальніка ўправы арганізацыі гандлю й паслуг Міністэрства гандлю Ларыса Міронава, у дзяржавы й узьнікла жаданьне яго ўпарадкаваць:

(Міронава: ) “Для таго, каб прадаваць у розьніцу праз інтэрнэт, суб’ект прадпрымальніцкай дзейнасьці абавязаны стварыць інтэрнэт-краму. І толькі ў такім выпадку пачынаць гандаль. Дадзена паняцьце, што такое інтэрнэт-крама. Ён вызначаны як сайт суб’екта-гандлю, разьмешчаны на сэрвэры і зарэгістраваны ў даменнай прасторы Рэспубліцы Беларусь”.

Урадавая пастанова выклікала шырокі розгалас у асяродзьдзі бінэсоўцаў, якія займаюцца інтэрнэт-гандлем. Многія зь іх у разубленасьці. Гаворыць прадстаўнік фірмы “АргументЪ” Дзяніс Матвееў:

(Матвееў: ) “Сытуацыя ў наступным: большасьць інтэрнэт-крамаў ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць праз так званыя гандлёвыя пляцоўкі як, напрыклад, shop.by. Узьнікае пытаньне, што рабіць удзельнікам рынку, якія зарэгістравалі даменнае імя трэцяга ўзроўню? Якім дакумэнтам павінна ажыцьцяўляцца пацьверджаньне інтэрнэт-сайту на сэрвэрах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь?”

Не ведаюць, як выканаць урадавую пастанову і ў фірме “Альфа-Лаерс”. Намесьнік дырэктара Аляксандр Раманюк:

(Раманюк: ) “Наша дзяржава, калі пачне рэгуляваць, то яна нарэгулюе гэта так, што інтэрнэт-крамаў з даменным імем by не будзе. А будзе з даменным імем ru. І ў Рэспубліцы Беларусь гэта працаваць не будзе. А ў Расеі гэта працаваць будзе. І яны будуць атрымліваць грошы”.

Скепптычна ацэньвае новы парадак беларускага інтэрнэт-гандлю і кіраўнік фірмы “Залаты ключ” Марк Бернштэйн:

(Бернштэйн: ) “З майго пункту гледжаньня пастанова стварыла праблем больш, чымсьці можа вырашыць”.
XS
SM
MD
LG