Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Вайтовіч: “Нельга ўспрымаць сур’ёзна словы Касьцяна пра ядзерную зброю”


Валер Каліноўскі, Менск Намесьнік кіраўніка міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян у наўпроставым эфіры першага канала Беларускага радыё заявіў, што калі на Беларусь будзе працягвацца міжнародны ціск, то яна мае права распрацоўваць сваю ядзерную зброю. Ці рэальна і ці патрэбна Беларусі мець такую зброю,-- прапануем меркаваньні на гэтую тэму спадара Касьцяна і ягонага апанэнта Аляксандра Вайтовіча.

Перш за ўсё дэпутат Сяргей Касьцян вырашыў удакладніць, што ён казаў учора ў эфіры дзяржаўнага радыё:

( Касьцян: ) “Я сказаў, што калі на Беларусь будзе эканамічны ціск, а ён ужо ёсьць, то мы будзем вымушаныя будаваць атамную станцыю. А калі будзе ціск яшчэ нейкі іншы, то не выключаная магчымасьць, што мы вымушаныя будзем падумаць аб тым, што і нам, можа, трэба мець сваю ядзерную зброю”.

Пры гэтым спадар Касьцян падкрэсьліў, што гэта ягонае асабістае меркаваньне, якое нельга разглядаць як афіцыйную пазыцыю. Тое, што ў 1996 годзе Беларусь паводле міжнародных дамоваў стала без’ядзернай дзяржавай, спадар Касьцян ацэньвае нэгатыўна:

(Касьцян:) “На сёньня я шкадую, цяпер я быў бы катэгарычна супраць”.

Разам з тым спадар Касьцян выказаў спадзеў, што Беларусь і надалей застанецца пад расейскім ядзерным “парасонам”, і ёй не прыйдзецца марнаваць сродкі на стварэньне сваёй ядзернай зброі. Бо грошы больш патрэбныя для падвышэньня жыцьцёвага ўзроўню грамадзян.

Ацэньваючы чыста з навуковага пункту гледжаньня пазыцыю Сяргея Касьцяна, акадэмік Аляксандар Вайтовіч прызнаў, што ў Беларусі няма патэнцыялу для стварэньня ядзернай зброі.

(Вайтовіч: ) “У нас няма тэхналёгіяў для вырабу ядзернай зброі, яны ніколі не ствараліся ў Беларусі. Але, вядома, калі мы захочам стаць на шлях Паўночнай Карэі, загнаць народ у голад, то наогул магчыма такая распрацоўка. Таму што ніякіх там сакрэтаў няма. Усё гэта дастаткова вядома”.

Спадар Вайтовіч згадвае, што Паўночная Карэя кінула на распрацоўку ядзернай зброі ўсе свае рэсурсы, купіла адпаведных спэцыялістаў і тэхналёгіі, што падобным небясьпечным шляхам рухаецца і Іран, да ядзернай праграмы якога шмат падазрэньняў.

(Вайтовіч: ) “Любыя таталітарныя дыктатарскія рэжымы на гэта ідуць, але я думаю, што на такі шлях нам не трэба станавіцца”.

Аляксандар Вайтовіч лічыць, што словы Сяргея Касьцяна нельга ўспрымаць надта сур’ёзна, бо гэта палітык, які не нясе адказнасьці за свае заявы, не можа разьлічыць іх наступствы. Беларусі, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, ядзерныя амбіцыі ніхто не дазволіць, перакананы спадар Вайтовіч.

Нагадаем, што ў 1998 годзе тагачасны памочнік прэзыдэнта Сяргей Посахаў заклікаў вярнуць ядзерную зброю ў Рэспубліку Беларусь. Аляксандар Лукашэнка таксама неаднаразова выказваўся ў тым сэнсе, што калі б Беларусь захавала ядзерную зброю, то ў сьвеце зь ёю больш лічыліся б.
XS
SM
MD
LG