Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Летні альбом”: вясковыя бібліятэкаркі


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях “Свабоды” аўтар працягвае згадваць рэчы і зьявы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

Шмат жыцьцёвых выпрабаваньняў выпадала на долю маладых бібліятэкарак, што ажыцьцяўлялі культурна-асьветную працу на вёсцы. Дзяўчатам не было адбою ад залётнікаў.

Восеньскім днём 1970 году я зайшоў у адну вясковую бібліятэку і пачуў здушаныя воклічы. Яны даляталі з-за стэляжоў: “Пусьці... чуеш?!” Неўзабаве стэляж захістаўся, на падлогу звалілася пісаная зялёным атрамантам бірка “Квітней, Беларусь!”, і з кніжных нетраў выбегла заплаканая бібліятэкарка. Неўзабаве з-за стэляжа, задаволена пасьміхаючыся, выплыў малады мэханізатар у ватоўцы.

Спэцыялісты бібліятэчнай справы мусілі ня толькі адбівацца ад залётнікаў, але й несьці кнігу ў масы, фармаваць чытацкі густ. За савецкім часам вясковаму бібліятэкару даводзіўся ня толькі агульны, але й індывідуальны плян кнігавыдачы. Так, кожны вясковы жыхар павінен быў у год прачытаць ня меней за 12 кніг, перш ад усяго грамадзка-палітычнай, сельскагаспадарчай ды атэістычнай тэматыкі. Карціна вымалёўвалася сюррэалістычная: падпіты трактарыст убіваецца ўвечары ў хату і пачынае знаёміцца з матэрыяламі XXIV зьезду КПСС.

Адна вядомая пісьменьніца, якая пачынала працоўную кар’еру ў вясковай бібліятэцы, распавядала, як аднойчы ўпісала ў фармуляр вясковаму дурылу, што два разы на год ляжаў у вар’ятні, некалькі ленінскіх працаў. На бяду, прыехала праверка з раёну, і адзін з правяральцаў, які ведаў дурылу, пагартаў фармуляр. Ад сур’ёзных наступстваў – а гаворка ішла пра палітычнае блюзьнерства – будучую пісьменьніцу ўратавалі маладыя гады.

Пасьля кожнага партыйнага зьезду і пленумаў па пытаньнях сельскай гаспадаркі бібліятэкаркі афармлялі тэматычныя стэнды. На стэндах, пад напятымі ніткамі, зьмяшчаліся брашуры з брэжнеўскімі прамовамі і матэрыяламі зьездаў, газэты з інфармацыяй аб пленуме ЦК КПСС ды іншая непатрэбшчына. Афармляліся і стэнды сельскагаспадарчай тэматыкі, кшталту “Новае ў жывёлагадоўлі”. Іх вешалі непасрэдна ў вясковым клюбе, і падчас скокаў ад грукату кірзавых ботаў брашуры па жывёлагадоўлі падалі на падлогу.

Вялікай праблемай было сабраць выдадзеныя кнігі. Добра яшчэ, калі той жа шамякінскі раман, хай і з чорнай падпалінай ад патэльні, адшукваўся. Часьцяком, аднак, чытачы незваротна гублялі кнігі, і даводзілася складаць акты на сьпісаньне. Існавалі адпаведныя нарматывы сьпісаньня, і, каб кампэнсаваць страты, грошы, калі іх не ўдавалася “выбіць” з чытачоў, вылічвалі са сьціплага заробку вясковых бібліятэкарак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG