Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казімер Смулька (12.1.1894, в. Пруднікі (цяпер Мёрскі раён) — 15.9.1965, в. Скурац, Беласточчына, Польшча)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Хачу прызнацца, што пашанотліва ставячыся да дзейнасьці ўсіх беларускіх айцоў-марыянаў, якія пакінулі глыбокі сьлед у гісторыі нашага нацыянальнага й духоўнага руху, з адным зь іх я адчуваю нейкую асаблівую мэтафізычную сувязь.

Казімер Смулька прыйшоў на сьвет на цэлае жыцьцё раней за мяне, быў трынаццатым сынам у сялянскай сям’і, вучыўся ў Віленскай каталіцкай сэмінарыі й стаў манахам, але ў нашых лёсах было і нешта агульнае.

Смулька, як і я, заўсёды шкадаваў, што нідзе й ніколі ня меў магчымасьці вучыцца па-беларуску; адно што ў ягоных школах усё было па-польску, а ў маіх — па расейску.

Смулька, як і я, любіў у дзяцінстве й юнацтве чытаць па начах. Праўда, у мяне быў ліхтарык, а ў яго — сьвечка.

Ён, як і я, ніколі не гарнуўся да вайсковае службы, і ў першую сусьветную вырашыў — з рэлігійных перакананьняў — пазьбегнуць прызыву на фронт. Хаваючыся ў сваякоў, Казімер мусіў весьці начны лад жыцьця, што разам з інтэнсіўным чытаньнем прывяло да раптоўнае страты зроку. Ад таго часу ён крыху бачыў толькі ўдзень.

У 1920-м бальшавікі арыштавалі Смульку як польскага агента. У 1938-м палякі вывозілі айца Казімера з славутага Друйскага кляштару ўжо як небясьпечнага беларуса...

Рэшту свайго жыцьця ён правёў у марыянскім кляштары ў польскім Скурцы на самай мяжы зь Беларусьсю. Ня толькі ў кляштары, але і ў цэлым ордэне Смулька меў славу выдатнага спавядальніка. Цалкам страціўшы зрок, ён адпраўляў набажэнства для сьляпых, уражваючы ўсіх тым, як беспамылкова чытае па памяці Эвангельле.

Паводле аповедаў старых скурацкіх марыянаў, у кельлі ў айца Казімера заўсёды працаваў прымач, настроены на хвалі беларускае службы радыё “Вызваленьне”, а затым “Свабоды”. На пытаньні братоў, чаму ён ніколі не вымыкае радыё, айцец Казімер зазвычай адказваў: “Баюся прапусьціць навіну, што Беларусь стала вольная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG