Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Рыгор Барадулін, Францішка Сокалава і Генадзь Бураўкін


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 21 кастрычніка). Аўтары: Сяргей Абламейка, Валянціна Аксак, Міхась Скобла. Рэдактар і вядучы: Сяргей Абламейка.

EXLIBRIS

РЫГОР БАРАДУЛІН: “ПЕРАКЛАДАЦЬ ТОЕ, ШТО Я ПІШУ, МОЖА ТОЛЬКІ ГЕНІЯЛЬНЫ ВАР’ЯТ”

У Празе выйшла з друку дзьвюхмоўная беларуска-чэская кніга вершаў Рыгора Барадуліна з уступным словам Вацлава Гаўла. Пераклад зрабіла чэская беларусістка Францішка Сокалава. Яна ж выступіла ўкладальніцай кнігі і галоўным арганізатарам яе выхаду.

Ва ўступным слове Вацлаў Гавэл піша: “Калі пры дэмакратычным разьвіцьці народныя традыцыі і культура шануюцца і падтрымліваюцца, абараняюцца ад зьнешняга ціску, то ў Беларусі наадварот – перасьледуюцца і замоўчваюцца. Тым больш важна падтрымліваць нацыянальную сьвядомасьць, памяць, мову і культурную шматколернасьць. Цаню тое, як усяму гэтаму сваёй каштоўнай творчасьцю спрыяе Рыгор Барадулін”.

Зараз у нашай праграме гутарка з Рыгорам Барадуліным з нагоды выхаду яго чэскага зборніку. Гутарку вядзе Валянціна Аксак.

(Валянціна Аксак: ) “У Празе выйшла дзьвюхмоўная кніжка Рыгора Барадуліна “Жыць!”. І сёньня яе аўтар – госьць нашай менскай студыі. Скажыце, калі ласка, гэтая кніга, здаецца, ужо ня першая, якая выходзіць па-чэску ў вашай багатай творчай біяграфіі стасункаў з чэскай літаратурай, пісьменьнікамі, перакладчыкамі, чытачамі?”

(Рыгор Барадулін: ) “Не. Асобная кніга – гэта першая. Публікацыі былі і даволі часта былі, але такой урачыстай, такой велікоднай кніжкі ў мяне не было наогул”.

(Аксак: ) “А якія пачуцьці выклікала ў вас зьяўленьне гэтай кніжкі менавіта цяпер, калі ўжо, здавалася, усе літаратурныя сувязі ў беларусаў зь іншымі краінамі абарваныя?”

(Барадулін: ) “Выхад гэтай кнігі асаблівы, бо ён напомніў, што варта жыць, што беларусамі цікавяцца і што беларусы – не такая ўжо забітая нацыя, як хочацца некаторым даказаць, нават самім беларусам”.

(Аксак: ) “Ваша кніжка выйшла з прадмовай былога прэзыдэнта Чэхіі, знанага сябра беларускай культуры, беларускіх інтэлектуалаў і змагара за тое, каб Беларусь стала паўнапраўным сябрам эўрапейскае супольнасьці, Вацлава Гаўла. Што для вас значыць гэтае імя і гэтае прадстаўленьне чэскаму чытачу вашых вершаў?”

(Барадулін: ) “Гэта больш, чым прадмова. Гэта ацэнка нашай беларускай культуры, нашай беларускай літаратуры. Я не чакаў такога падарунку. Гэта нейкі Боскі падарунак. Адчуваю, што варта жыць і варта пісаць. Дзякуй Вацлаву Гаўлу, таму што для мяне гэта вышэй, чым любыя прэміі”.

(Аксак: ) “А ёсьць у вас яшчэ якія-небудзь аўтарытэты ў сёньняшнім інтэлектуальным сьвеце, да чыйго слова ў ацэнцы вашай творчасьці, да жыцьцёвай мудрасьці якіх вы прыслухоўваецеся?”

(Барадулін: ) “Апошні, хто быў, гэта Васіль Быкаў, каторы быў для мяне і братам, і сябрам, і бацькам, і ўсім. А наогул я цяпер прыслухоўваюся, што называецца, да голасу душы і ўсё ўзважваю з пазыцыі сваёй радзімы, маёй Ушаччыны. Там я часта бываю летам, і цяпер думаю асвоіць езьдзіць туды і зімой. Я ўсе гэтыя гады ў Менску пражыў, як на чужой кватэры, а душой жыў там, на Ўшаччыне”.

(Аксак: ) “Ваша апошняя кніжка ў Беларусі “Ксты” выйшла пад патранажам Чырвонага касьцёлу, і ўся яна пранізаная тэмай вечнай, тэмай лучнасьці зямнога і нябеснага. Пасьля гэтага многія казалі, што вылучыўшы менавіта гэтую кніжку на Нобэлеўскую прэмію, ініцыятары вылучэньня не ўлічылі адзін момант, што гэтыя вершы немагчыма перакласьці на іншыя мовы, настолькі яны пранізаныя тым, што называецца радзімай вашай душы, – беларускай мовай. І тым ня менш частку вершаў з “Кстоў” чэская перакладчыца Францішка Сокалава пераклала і ўключыла ў кніжку “Жыць!”. Як вы ацэньваеце яе пераклады вашых твораў?”

(Барадулін: ) “Францішка Сокалава зрабіла немагчымае проста. Яна – да вар’яцтва геніяльная. Нармальны чалавек гэтага не перакладзе. Гэта толькі геніяльна-ненармальны можа перакладаць. Я кланяюся да чорнай зямлі Францішцы Сокалавай за яе такую працу, бо яна ня проста пераклала, яна пачула мае вершы па-чэску”.

(Аксак: ) “Пытаньне да вас як намінанта на Нобэлеўскую прэмію, якую сёлета далі, на жаль, не беларусу, а турэцкаму пісьменьніку Архану Памуку. А ці сачылі вы за ўсімі гэтымі падзеямі, водгукамі на рашэньне швэдзкіх акадэмікаў, ці цікава вам усё гэта было?”

(Барадулін: ) “Я быў вельмі спакойны да гэтага, і не таму, што фігуруюся, як гаварыў Караткевіч, але таму, што ведаю, што прэміі гэтае мне ня будзе. А згадзіўся я ў гэтым коле круціцца, каб сьвет пачуў пра Беларусь, што вось і беларусы на нешта прэтэндуюць, што наша мова прэтэндуе. Мне больш за ўсё спадабалася ў гэтай гісторыі, як унучка Дамінічка сказала, што калі дзеда атрымае прэмію, мы тады рамонт у кватэры зробім”.

(Аксак: ) “Мара Дамінічкі зразумелая. А пра што сёньня марыць паэт Барадулін?”

(Барадулін: ) “У мяне такі стан, што, калі я не пішу, мне дрэнна, а калі пішу, пачуваюся лепей. Калі пішу, то адцягваюся ад штодзённасьці гэтай нашай. Я хачу, каб Беларусь была Беларусьсю, каб беларуская мова была і каб тое, што я пішу, нехта чытаў.

Ізноў я на гады багаты, Пра шлях той думаю радзей, І камары ля роднай хаты Кусаюць неяк саладзей”.

Гэта была гутарка Рыгора Барадуліна з нашай карэспандэнткай Валянцінай Аксак.

ФРАНЦІШКА СОКАЛАВА: Я ВІНШУЮ ЎСІХ БЕЛАРУСАЎ З ТЫМ, ШТО Ў ІХ ЁСЬЦЬ ТАКІЯ ВЯЛІКІЯ ЛЮДЗІ, ЯК РЫГОР БАРАДУЛІН

Кнігу Рыгора Барадуліна выдала Нацыянальная бібліятэка Чэскай Рэспублікі. Гэта вельмі незвычайны выпадак, каб бібліятэка выдавала зборнік вершаў. Сакрэт палягае ў тым, што перакладчыца Францішка Сокалава працуе ў Славянскай бібліятэцы Прагі, якая зьяўляецца часткай Нацыянальнай бібліятэкі. Якраз дзякуючы энэргіі пані Сокалавай і добраму стаўленьню да беларускай культуры і яе праблемаў з боку кіраўніцтва Нацыянальнай і Славянскай бібліятэкаў кніга Барадуліна па-чэску і ўбачыла сьвет. Таму мы запрасілі да ўдзелу ў сёньняшнім выпуску перакладчыцу Францішку Сокалаву.

(Абламейка: ) “Пані Сокалава, беларуская літаратура даволі багатая на паэтаў, сёньня на слыху некалькі дзясяткаў імёнаў як старэйшых, так і маладзейшых аўтараў. Чаму вы выбралі менавіта Рыгора Барадуліна?”

(Сокалава: ) “Насамрэч я выбрала шматлікіх вашых паэтаў... Мяне цікавіць беларуская паэзія. Я буду гаварыць бяз патасу. На мой погляд, ёсьць пачуцьці і рэчы, аб якіх ня трэба гаварыць публічна, але дзейнічаць.

Калі напрыканцы зімы я даведалася пра намінацыю Рыгора Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію, я адразу вырашыла нешта зрабіць. Таму што было немагчыма не рабіць нічога. Калі я ўспомню, як нам падчас Хартыі-77 даваў дапамогу ўвесь сьвет, у тым ліку ў кампаніі за атрыманьне Нобэлеўскай прэміі нашым паэтам Яраславам Сэйфэртам, дык разумею, што цяпер трэба пазнаёміць чэскую публіку з Рыгорам Барадуліным як найхутчэй. З дапамогай шматлікіх чэскіх і беларускіх сяброў удалося пазнаёміць чэскага чытача з Барадуліным сёлета ў траўні ў часопісе “Adva. Kulturní týdeník”, а потым я шукала магчымасьці, як укласьці і выдаць кнігай малы выбар вершаў. Гэта было цяжка, але ўрэшце ў нашай бібліятэцы ўдалося гэтае выданьне рэалізаваць.

Я хачу выказаць шчырую падзяку дырэктару Нацыянальнай бібліятэкі Чэскай Рэспублікі Ўласьцімілу Ежку і дырэктару Славянскай бібліятэкі Лукашу Бабку, якія з радасьцю і глыбокай сымпатыяй да Беларусі дапамаглі гэты праект ажыцьцявіць.

(Абламейка: ) “Таго, хто ведае чэскую мову, ня могуць не зьдзіўляць вашыя пераклады – настолькі там дакладна перададзеныя рыфма, рытм, памер барадулінскіх вершаў. Сам Барадулін, пазнаёміўшыся з кнігай (ён троху ведае чэскую мову), называў вашы пераклады геніяльнымі. Як Вам працавалася над перакладамі барадулінскай паэзіі?”

(Сокалава: ) “Гэтая праца была сапраўды вялікая, хоць я ўжо даўно пазнаёмілася і з паэзіяй Барадуліна, і з самім майстрам. Два гады таму я чытала яму ў Празе свае пераклады яго вершаў на сьвяткаваньні ўрачыстасьці 25 Сакавіка. Ён вельмі галянтны і мяне хваліў, але я ж сама ведаю свае слабыя бакі. Калі ж гутарка ішла пра публікацыю, то трэба было наблізіцца да яго сьвету, адчуць сябе як бы на яго хвалях. Мне дапамагло тое, што я належу да таго ж пакаленьня – я на год маладзейшая, а таксама тое, што падчас вайны я жыла ў вёсцы. Хай майстра прабачыць: мае пераклады – гэта толькі слабыя копіі ягоных малюнкаў. Падчас працы над перакладам мне дапамагалі шматлікія беларускія сябры, якія добра ведаюць мову, але самі мелі праблемы зь лексыкай. Я шукала словы ў розных слоўніках, у тым ліку і польскіх, расейскіх – этымалягічных ды іншых. Я рада, што магла рабіць такую складаную, але прыгожую працу. Чым далей, тым больш вершы Барадуліна мне падабаліся. Я віншую ўсіх беларусаў з тым, што ў іх ёсьць такія вялікія людзі, як Рыгор Барадулін. А яшчэ хочацца сказаць: Нобэлеўская прэмія – гэта не такая істотная рэч. Яе калісьці не атрымаў чэскі геніяльны паэт-містык Отакар Бжэзіна, што яму не перашкодзіла застацца геніем”.

А зараз для знаёмства слухачоў з кнігай прапануем іх увазе некалькі вершаў. Спачатку беларускі арыгінал, а тады чэскі пераклад Францішкі Сокалавай.

БЫЦЬ!

Ігару Сарокіну

Быць Беларусам – Гэта значыць Свайго ні гуку не забыць, Усё чужое перайначыць, Каб Беларусі вечнай быць!

Быць Беларусам – Гэта значыць Вясёла з сумнай долі кпіць, Да Бога сьцежку верай значыць, Нагбом з карца надзеі піць.

Быць Беларусам – Гэта значыць За родны Край згараць на дым, Па-беларуску чуць і бачыць На гэтым сьвеце і на тым.

BÝT!

Iharu Sarokinu

Být Bělorus, co to má být? Svůj jazyk v srdci zachovat a cizí po svém přebírat, aby zem mohla věčně žít.

Být Bělorusem, co to je? Žertovat nad svou vlastní bídou, jít cestou k Bohu s pevnou vírou, lačně pít z korbele naděje.

Být Bělorus, co to má být? Na popel za svou zemi shořet a běloruský cit a pohled na tom i na onom světě mít!

РАБІНАВАЯ НОЧ

...Пустка пушчы... ...Пастка пашчы... ...Малюнак маланак... ...Варыяцыя вар’яцтва... ...Муры мары... ...Страха страху... ...Крокі крыку...

NOC BARVY JEŘABIN

Poustky pouští... Propast pastí... Blikot blesků... Bláznovství bláznů... Stěny snění... Střecha strachu... Kroky křiku...

КСТЫ (І)

Гасподзь! Затрымацца дазволь На гэтай грэшнай зямлі, Зрабі ласкавейшы мой боль, Душы раўнавагу пашлі.

Праз ноч, Што жыцьцём нараклі, Я йшоў на тваё сьвятло. Гублялася сьцежка ў быльлі, Ды ў сэрцы сьвітаньне жыло.

Гасподзь! Прагані мой страх, Што сьледам ідзе за мной. Я з праху зямнога прах, Вінюся зямной віной...

Пачую Цябе і глухі, Аддзячыць хачу стакроць. Правіны мае і грахі Даруй, літасьцівы Гасподзь...

KŘÍŽE (I)

Můj Pane! Ještě aspoň chvíli pobýt mně na té hříšné zemi přej. Ulehči bolest, vrať mi síly a duši rovnováhu dej!

Tou nocí, kterou žitím zvali, mé kroky za Tvým světlem šly. Ač cesty býlím zarůstaly, mé srdce žilo svítáním.

Můj Pane, odežeň ten strach, který mi stále v stopách kráčí. Já, který jsem jen prachu prach, přiznávám svoje viny s pláčem.

Budu Tě slyšet, třeba hluchý. Vše stonásobně zaplatím. Má provinění, hříchy, dluhy odpusť mi, Pane slitovný...

ЖЫВІ!

У вечнасьці сьлед на ілбе Ад пацалунка бяды. З сабою нават сябе Не забярэш туды.

Час – Човен на быстрыні. Намеры – Салодкі дым. Жыві ў сягоньняшнім дні, Каб заўтрашні стаў тваім

ŽIJ!

Na čele věčnosti zbyl šrám po hrůzném políbení. Možnost vzít s sebou něco tam – dokonce sám sebe – není.

Čas je člun letící po vodě. Tvé touhy jen sladký dým. Pamatuj na to, žij dnešním dnem, aby byl zítřek tvůj.

Кніга Рыгора Барадуліна ў перакладзе Францішкі Сокалавай прадаецца ў кніжным кіёску Нацыянальнай і Славянскай бібліятэкі ў Празе.

АЎТАР І ТВОР

ГЕНАДЗЬ БУРАЎКІН: “ХАЙ ГРАМАДОЙ КІРУЕ РОЗУМ, А НЕ ХАРЫЗМА І ХЛУСЬНЯ”

22 кастрычніка, у нядзелю — 15-ы зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, які сёлета ў жніўні быў выселены з Дому літаратара і такім чынам пазбаўлены юрыдычнага адрасу. Ці павінны пісьменьнікі ісьці на кампрамісы з уладай? Наколькі доўга могуць існаваць у Беларусі два пісьменьніцкія саюзы — апальны і наваствораны з дапамогай дзяржавы? Як пісьменьнікам у такіх няпростых умовах захаваць сваю арганізацыю?

Напярэдадні зьезду на пытаньні Міхася Скоблы адказаў вядомы паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін.

(Міхась Скобла: ) “Генадзь Мікалаевіч, незвычайнасьць чарговага зьезду ў тым, што ўпершыню за трыццаць гадоў пісьменьнікам улада не дазволіла сабрацца ў Доме літаратара. Зразумела, чым можа займацца літаратар сам-насам — пісаць. А калі іх зьбярэцца 506 (столькі на сёньня ў саюзе сяброў), што яны павінны рабіць?”

(Генадзь Бураўкін: ) “Найперш яны павінны падзяліцца тым, што яны за гэты час, ад зьезду да зьезду, напісалі, тымі праблемамі, якія іх хвалююць. 15-ы зьезд своеасаблівы яшчэ і тым, што адбываецца ён у вельмі няпросты пэрыяд для Саюзу пісьменьнікаў. Калі сям’я распадаецца, разломваецца, для сям’і гэта бяда. Я ня думаю, што зьяўленьне яшчэ аднаго пісьменьніцкага саюзу пойдзе на карысьць нашай літаратуры. У чым задачы пісьменьніцкіх арганізацый? Спрыяць разьвіцьцю літаратуры. Калі ж у Саюзе пісьменьнікаў бачаць не арганізацыю, якая спрыяе літаратуры, а арганізацыю, якая спрыяе ўладзе, то я ня думаю, што такі саюз можа працаваць на карысьць культуры і духоўнага жыцьця народу”.

(Скобла: ) “У сьнежні гэтага году мае адбыцца і зьезд другога саюзу пісьменьнікаў, якім кіруе міліцэйскі генэрал. Са старога саюзу ў новы перайшлі 74 пісьменьнікі. Гэта шмат. А ці няма такой пагрозы, што праўладны саюз будзе і надалей папаўняцца творчымі кадрамі з саюзу, кіраванага Алесем Пашкевічам?”

(Бураўкін: ) “Я перакананы, што яны будуць старацца гэта рабіць. Тут для мяне няма ніякіх сумненьняў. Я нядаўна прачытаў у газэце “Літаратура і мастацтва” інтэрвію аднаго з тых, хто быў у нашым саюзе, нават уваходзіў у Раду нашага саюзу, а потым перайшоў у другі саюз. Адна фраза ў тым інтэрвію мяне ўразіла. Ён там гаварыў ня толькі ад сябе, але і ад іншых: “Мы ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў адчувалі сябе чужымі”. Вы разумееце, ён адчуваў сябе чужым для Максіма Танка, для Аркадзя Куляшова, для Івана Мележа, для Петруся Броўкі, для Пімена Панчанкі, для Ўладзімера Караткевіча, для Васіля Быкава... Аказваецца, яны для яго былі чужыя! А цяпер ён знайшоў тую пісьменьніцкую арганізацыю, тых калегаў, для якіх ён родны, адной крыві і адных перакананьняў! Паўтараю, мяне гэта ўразіла. Што ж, калі ў той саюз перайшлі такія людзі, якія пачуваліся чужымі ў нашым саюзе, то гэта вельмі добра. Бо жыць сярод чужых, працаваць на нейкія няблізкія табе ідэі — гэта для пісьменьніка самае страшнае. Гэта значыць — падначальваць сябе, ламаць свой талент, свой характар”.

(Скобла: ) “Сёньня існаваньне Саюзу беларускіх пісьменьнікаў апынулася пад пагрозай — дзяржава пазбавіла яго юрыдычнага адрасу. Новастворанаму саюзу дзяржава, наадварот, спрыяе. Як доўга могуць існаваць у нашай краіне два саюзы пісьменьнікаў?”

(Бураўкін: ) “Відавочнае жаданьне некаторых чыноўнікаў ад ідэалёгіі ліквідаваць Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Але пакуль што ён ёсьць. Я думаю, для дзяржавы будзе вельмі нядобра, калі найлепшыя пісьменьніцкія таленты пасьля, крый Бог, закрыцьця саюзу, будуць проста самі па сабе. Бо я перакананы, калі будзе забаронены наш саюз, ні Рыгор Барадулін, ні Ніл Гілевіч, ні Сяргей Законьнікаў, ні Віктар Казько, ні Ўладзімер Някляеў ня пойдуць у той, дазволены, саюз. Можа стацца так, што найлепшыя беларускія пісьменьнікі створаць свой саюз, які будзе зарэгістраваны ў Вільні, Кіеве, Варшаве ці Маскве. Гэта ненармальна. Для дзяржавы гэта ганебна”.

(Скобла: ) “Мне прыгадаўся ваш верш “Кампрамісы”, які вы напісалі ў сорак гадоў: “Ах, кампрамісы, кампрамісы… / Табе ваду заменяць супам, / худы сяньнік пухавіком, / ты толькі волю дай уступкам, / сярод ваўкоў завый ваўком”. Вы па-ранейшаму такі бескампрамісны?”

(Бураўкін: ) “Я і сёньня пад гэтым вершам падпішуся, гэта мае прынцыпы. Можа быць, я за жыцьцё памякчэў і памудрэў. Але галоўнае — беларускую справу, беларушчыну, беларускую мову, беларускую літаратуру – як лічыў сьвятым для сябе, так і лічу. Як адстойваў іх, так і буду адстойваць да канца маіх дзён”.

ГЕНАДЗЬ БУРАЎКІН. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

* * * Нічога выдумляць ня трэба — Ні парываньняў незямных, Ні перакуленага неба, Ні ведзьмакоў, ні вадзяных,

Ні хітрых ворагаў замежных, Ні ўласных волатаў лясных, Ні выратоўнікаў заежджых Альбо прарокаў запісных.

Хай будзе, як было вякамі У рэчаіснасьці жывой — Зямля з травою пад нагамі, А небасхіл над галавой.

Хай у запозьненай бяседзе З душы здымаюць сум цяжкі І памяркоўныя суседзі, І гаманкія сваякі.

Хай не дае драмаць бярозам Вясёлых птушак мітусьня, І грамадой кіруе розум, А не харызма і хлусьня!

* * * Ах, колькі разьвялося ў нас гісторыкаў! Ледзь хто ў кішэню пакладзе дыплём, Тутэйшых не адолеўшы пагоркаў, Аж на Парнас шыбуе напралом.

Нашто глытаць зьляжалы пыл архіваў, Нашто вякі былыя варушыць? Куды прасьцей бяз рызыкі і зрываў Зьдзімаць пушынкі зь сёньняшніх вышынь.

Для апанэнтаў запасьціся сажай, Наклікаць падазронасьці прыліў. Хіба так важна, што навука скажа? Абы начальнік гучна пахваліў.

Абклееных высокімі чынамі, Ніхто ўжо іх з пасадаў не саб’е, Яны саманадзейна пачынаюць Летазьлічэньне новае зь сябе.

Абсмоктваюць цытаты і адсоткі, Густым ялеем змазваюць талмуд... Няўжо зусім забыліся, што ўсё-ткі Гісторыя ім вынесе прысуд?!

* * * Для мяне ўсё зачынена На зямлі і ўгары, Калі зь мілай Айчынаю Я хачу гаварыць.

Хай Эўропа і Азія Пастаяць за бугром, Калі словы падказвае Мне раскацісты гром.

Мэцэнаты з гешэфтамі Збоку сьцішацца хай, Калі песьні нашэптвае Мне бярозавы гай.

І гасконцы з этрускамі Хай глядзяць у нудзе, Як душа беларуская Раду зь небам вядзе.

* * * Ах, як мне хацелася быць заўжды спакойным! Мудрым і абачлівым, не судзьдзёй, ня воінам,

А ва ўсім разважлівым і да ўсіх ласкавым, І такім любімым, як сьпявак з Ла Скала.

Суцяшаў зьнявераных я б з тэлеэкрана, Мне б стаяць даверылі ля дзяржаўных ранаў.

Мной бы ганарыліся ліхвяры і клеркі, На мяне б маліліся старцы і калекі.

Толькі як ты здолееш гэтакае шчасьце Да майго характару хоць на міг прыкласьці?

Калі ўсю душу маю не аднойчы трэсла, Як я бачыў муміі на высокіх крэслах…

Дзе, з чыёй парадаю шлях знайсьці да сонца, Калі бой зь няпраўдаю гэтакі бясконцы,

Калі дух прыгнечаны і слабее сіла, А хлусьня адвечная Край запаланіла?!

Дык не папікайце, што я лішне злосны, Гнеўны і яршысты, проста невыносны.

Лепш дапамажыце быць зусім інакшым, Калі добра жыць мне стане ў Краі нашым.

* * * Што ж ты, сэрца, мяне падводзіш, Нечакана трывогу б’еш? Я ня веру, што на падыходзе Мой апошні зямны рубеж.

Мне з маёю душой беларускай Столькі выпала калатні! Так што ты даруй перагрузкі, Што прынесьлі пакутныя дні.

Перасіліць зыгзагі эпохі Скора здолее родны Край. Так што ты патрымайся трохі, Патрывай яшчэ, патрывай!..
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG