Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ствараецца 369 акруговых выбарчых камісіяў


Уладзімер Глод, Менск Пасьля фармаваньня тэрытарыяльных выбаркамаў у Беларусі пачалі вылучаць кандыдатаў у акруговыя камісіі. Менавіта яны будуць назіраць за абраньнем дэпутатаў абласных і Менскага гарадзкога саветаў. Такіх дэпутатаў будзе 415: 60 — у кожнай вобласьці й 55 — у сталіцы. Многія апазыцыйныя структуры вылучаць сваіх прадстаўнікоў у акруговыя камісіі не зьбіраюцца.

У абласьцях па-рознаму адрэагавалі на тое, што ніводзін з 120 прэтэндэнтаў, якіх рэкамэндавала апазыцыя, ня трапіў у склад тэрытарыяльных камісіяў. Прыкладам, кіраўнік абласной філіі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі паведаміў: сацыял-дэмакраты, а таксама Аб’яднаная грамадзянская партыя й Партыя камуністаў беларуская, якія напярэдадні выбарчай кампаніі падпісалі заяву пра сумесныя дзеяньні, вылучаць сваіх прадстаўнікоў у акруговыя камісіі ня будуць:

(Маслоўскі: ) “Мы вылучалі ў тэрытарыяльныя камісіі — прычым, прапаноўвалі вельмі годных людзей зь юрыдычнай адукацыяй, вялікім досьведам, якія мелі ўжо досьвед працы на выбарах. Але ўсіх іх улады “пракінулі”. Таму на гэтым этапе акруговыя камісіі мы байкатуем. Якраз учора мы гэта абмяркоўвалі й вырашылі, што пасылаць сваіх людзей ня будзем. Гэта тычыцца Берасьцейскай вобласьці і трох партыяў”.

Праўда, пазьней кіраўнік Берасьцейскай філіі Партыі камуністаў Беларускай Леанід Майструк паведаміў, што ў пяць акруговых камісіяў ужо падалі дакумэнты. Магчыма, ПКБ прапануе сваіх вылучэнцаў яшчэ ў дзьве камісіі:

(Майструк: ) “Рэч у тым, што адпаведнае рашэньне прынятае ў нас на пленуме. І мы ўжо аддалі дакумэнты ў акруговыя камісіі — па дзьве ў Берасьці й Баранавічах, у адну — у Берасьцейскім раёне, там, дзе плянуюць вылучацца кандыдатамі нашы партыйцы. Таму спадар Маслоўскі, якому я ўсё патлумачыў, папрасіў у нас прабачэньня”.

Гэтак жа, зьвяртаючы ўвагу толькі на тыя акругі, дзе будуць вылучацца свае кандыдаты, вядуць выбарчую кампанію прадстаўнікі Партыі БНФ на Магілёўшчыне. Пра гэта гаворыць кіраўнік абласной філіі Рыгор Кастусёў:

(Кастусёў: ) “У мяне такое меркаваньне, што, нягледзячы на ўсе нашы намаганьні, ніхто ў акруговыя камісіі ня пройдзе. Шчыра кажучы, на ўсіх папярэдніх выбарах — прэзыдэнцкіх, парлямэнцкіх, мясцовых — ніводзін наш прадстаўнік у камісіі не трапляў. І таму мы не зьбіраемся марнаваць час і займацца гэтым вельмі моцна. Спробы будуць, але нешматлікія. І спадзяваньняў, што нашы людзі трапяць у камісіі, няма ніякіх”.

27 кастрычніка — апошні дзень вылучэньня кандыдатаў у склад камісіяў, якія маюць быць сфармаваныя не пазьней за 30 кастрычніка.
XS
SM
MD
LG