Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Уладзімер Пуцін папярэджвае Беларусь


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін адказваў на пытаньні грамадзянаў сваёй краіны ў простым тэле- й радыёэфіры. Сярод іншага ён закрануў дачыненьні Расеі зь Беларусьсю — у прыватнасьці, выказаў намер абмежаваць пастаўкі расейскай нафты на беларускія перапрацоўчыя заводы — калі ня ўдасца дамовіцца зь беларускім бокам у мытных пытаньнях.

Бранскі прадпрымальнік Міхаіл Сафонаў задаў прэзыдэнту Ўладзімеру Пуціну пытаньне: “Ці магчымае стварэньне саюзнай дзяржавы зь Беларусьсю?”, – спаслаўшыся на апошнія нэгатыўныя ацэнкі гэтага працэсу А.Лукашэнкам. Уладзімер Пуцін, “дзеля справядлівасьці” назваўшы апошняга пасьлядоўным прыхільнікам стварэньня саюзнай дзяржавы, заявіў, што расейскае кіраўніцтва выступае за тое, каб паскорыць гэты працэс:

(Пуцін: ) “Спачатку нам трэба гаварыць пра эканамічную інтэграцыю. І ў сувязі з гэтым самым галоўным я лічу пераход на адзіную валюту. Гэта б падштурхнула разьвіцьцё супольнага бізнэсу й эканамічных сувязяў паміж дзьвюма краінамі. У сувязі з гэтым зьвяртаю ўвагу на тое, што мы ніяк ня можам дамагчыся агульных стандартаў у пытаньні мытаў, як у імпарце, гэтак і ў экспарце.

Некаторыя рэчы нас турбуюць, мы глядзім на аб’ёмы нашай сырой нафты, якія паступаюць на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, глядзім на патрэбы самой рэспублікі й на тое, колькі нафтапрадуктаў пастаўляецца потым за мяжу. Нам тут, канечне ж, трэба ўпарадкаваць працэс нармальнага дыялёгу з нашымі беларускімі калегамі. Калі нам ня ўдасца дасягнуць дамоўленасьцяў, то нам прыйдзецца ўводзіць нейкія абмежаваньні”.

Уладзімер Пуцін сказаў, што цяпер узгадняюцца і палітычныя пытаньні дачыненьняў зь Беларусьсю, у тым ліку па канстытуцыйным акце, але гэта цяжка зрабіць ва ўмовах кампаніі выбараў у Дзяржаўную думу, якая цяпер пачынаецца. Але перш за ўсё для стварэньня агульнага парлямэнту патрэбная эканамічная база, заявіў Уладзімер Пуцін:

(Пуцін: ) “Нельга таксама стварыць умовы, пры якіх Расею мы зноў паставім у сытуацыю супрацьстаяньня нейкага саюзнага парлямэнту і чыста расейскага парлямэнту, надзяліўшы іх прыкладна падобнай кампэтэнцыяй і стварыўшы ўмовы для перацягваньня каната”.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Мечыслаў Грыб мяркуе, што расейскае кіраўніцтва працягвае эканамічны ціск на Беларусь. Спачатку прапанавана ў чатыры разы падвысіць кошт на газ, цяпер прагучала пагроза скараціць пастаўкі нафты.

(Грыб: ) “Гэта даволі балюча, але ў гэтым нічога новага няма. Наколькі я ведаю, 3 – 4 мільярды даляраў мы атрымліваем ад таго, што прадаем за мяжу вырабы з нафты, якую атрымліваем ад Расеі, і гэта не абкладаецца акцызнымі падаткамі. Расея ж хоча сама нешта ад гэтага мець. І мы не дабярэм гэтых мільярдаў”.

Мечыслаў Грыб мяркуе, што хаця Ўладзімер Пуцін казаў пераважна пра эканамічныя праблемы двухбаковых дачыненьняў, гэта ня значыць, што Расея адмовілася ад палітычных мэтаў адносна Беларусі.
XS
SM
MD
LG