Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандра Скрабец: “Дзень народзінаў – сумнае сьвята”


Іна Студзінская, Менск Сёньня былому дэпутату Палаты Падстаўнікоў палізьняволенаму Сяргею Скрабцу споўнілася 43 гады. А ўчора, 24 кастрычніка быў дзень народзінаў у ягонай жонкі, спадарыні Аляксандры.

Раней Аляксандра і Сяргей аб’ядноўвалі два дні народзінаў. Распавядае Аляксандра Скрабец.

(Скрабец: ) “Як правіла, мы заўсёды сьвяткавалі менавіта 25 кастрычніка. Бо быццам бы загадзя адзначаць дзень народзінаў нельга. І мы заўсёды сумяшчалі гэтыя сьвяты. І заўсёды жартавалі, што ў нас дні народзінаў – як вясельле, таму што тосты звычайна ўсе былі за дваіх. Таму мой учорашні дзень народзінаў быў сумны. Сапраўды атрымалася сумнае сьвята. Гэта быў ужо другі дзень народзінаў бязь Сяргея”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці ёсьць нейкая магчымасьць павіншаваць Сяргея сёньня? Можна хаця б патэлефанаваць?”

(Скрабец: ) “Не, ніяк. Мы спрабавалі, але нам адмовілі…”

У дзень народзінаў спадар Скрабец разам з экс-кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандрам Казуліным ў папраўчай калёніі “Віцьба-3” трымае галадоўку пратэсту. Аляксандра Скрабец вельмі перажывае з гэтай нагоды.

(Скрабец: ) “Натуральна, я стаўлюся адмоўна да галадоўкі. Нават калі ён дома галадаў, я гэта не ўхваляла. Таму што я лекар і ведаю, што галадоўка ніколі не прыводзіць ні да чаго добрага. Адмова цалкам ад ежы ніколі не прынясе нічога добрага, асабліва ў нашай краіне”.

Сяргей Скрабец быў асуджаны 14 лютага 2006 года па абвінавачваньні ў выманьваньні крэдыту ў дзяржавы і атрымаў два з паловай гады пазбаўленьня волі. З улікам адбытага, спадару Скрабцу застаецца адбываць пакараньне яшчэ цэлы год. Кажа спадарыня Аляксандра.

(Скрабец: ) “Я па-ранейшаму спадзяюся, што будзе альбо ўмоўна-датэрміновае выхваленьне, альбо якая-небудзь амністыя. Я ўсё адно спадзяюся. І чакаю…”
XS
SM
MD
LG