Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: “Без апазыцыі няма разьвіцьця, і сыстэма загнівае”


Галіна Абакунчык, Менск Ці можна давяраць выбарчым камісіям, у якіх няма прадстаўнікоў апазыцыі?

(Спадар: ) “Канечне, ніякага даверу ня можа быць. Які можа быць давер, калі там толькі адзін зацікаўлены бок — зразумела, што ўлады”.

(Спадарыня: ) “Не, абавязкова павінны быць прадстаўнікі грамадзкасьці. Каб гэта ўсё было па праўдзе, скажам так”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці можна давяраць выбарчым камісіям, у якіх адсутнічаюць прадстаўнікі апазыцыі?”

(Спадар: ) “Можна. Бо апазыцыя — гэта дурнота. Каму вы складаеце апазыцыю — народу? Няможна ж гэтага рабіць. А што, вы да ўлады хочаце? Вазьміце адсталы калгас, зрабіце яго паказальным, тады мы возьмем і апазыцыю”.

(Юнак: ) “Ні ў якім разе. Трэба, каб прадстаўнікі апазыцыі назіралі за працэсам. Бо, калі іх ня будзе, то ўлада будзе круціць, што захоча. Як гэта ўвесну было”.

(Спадар: ) “Трэба, каб былі ўсе прадстаўнікі, каб справядліва было. А чыноўнікі ў нас… Нельга давяраць чыноўнікам”.

(Спадарыня: ) “Канечне ж, чыноўнікам не даверыла б усяго гэтага. Бо яны ўсё жыцьцё падманваюць. Дык як ім давяраць?”

(Спадар: ) “Сама наяўнасьць ці адсутнасьць прадстаўнікоў апазыцыі не надае гэтым камісіям даверу, бо можна і пры іх нешта ня так рабіць. А зь іншага боку, і без апазыцыі можна давяраць”.

(Юначка: ) “Не, бо, калі з аднаго боку кантроль, то могуць быць і нейкія хібы”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці можна давяраць выбарчым камісіям, у якіх адсутнічаюць прадстаўнікі апазыцыі?”

(Юначка: ) “Пэўна не. Трэба, каб людзі былі адусюль. Бо людзі з рознымі пазыцыямі будуць сачыць, каб не было парушэньняў. Атрымоўваецца больш якасны кантроль, скажам так”.

(Спадарыня: ) “Апазыцыя, ведаеце, ня вельмі там будзе жадаць дабра людзям. Яны там ня вельмі патрэбныя. Я так лічу, як чалавек, які за радзіму, за сваю родную Беларусь”.

(Юнак: ) “Я такім камісіям не давяраю й на выбары не хаджу. І ўвогуле ўраду не давяраю”.

(Спадар: ) “Лічу, што апазыцыя, як альтэрнатыва, павінна быць абавязкова. Рэч такая, што ёсьць усясьветны закон адзінства й барацьбы супрацьлегласьцяў. Бяз гэтага няма разьвіцьця, і сыстэма загнівае. Так было, ёсьць і будзе. І ніякія ўлады зьмяніць гэтага ня змогуць. Словам, мае быць апазыцыя”.

(Юнак: ) “Тут ні пра які давер і гаворкі быць ня можа. Гэта ўсё ўжо проста сьмешна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG