Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Падарожную зорку” за лепшыя “Фота Свабоды”


Радыё Свабода Чатыры ўдзельнікі конкурсу “Фота Свабоды” атрымалі ўзнагароды за найлепшыя фатаздымкі тыдня. Радыёпрыймачы “Roadstar” уручылі Касі Штырліц, Аляксею, Ільлю Богдану й Андрэю Дзюбайлу.

Кася Штырліц зь Менску вучыцца на культуроляга і працуе ў Інстытуце праблемаў культуры. Яе бацька прафэсійны кінаапэратар і таксама захапляўся фатаграфіяй, мае адмысловую літаратуру. Кася кажа, што пайшла па сьлядах бацькі й стараецца прафэсійна займацца фота.

Штырліц — гэта псэўданім Касі. Яна вырашыла не пісаць пад здымкам сваё прозьвішча, каб пазьбегнуць непрыемнасьцяў. Здымак, які перамог на конкурсе й за які яна атрымала прыймач ад Радыё Свабода, быў зьмешчаны на нашым сайце, ён называўся “Раскол”. Кася кажа, што зрабіла яго выпадкова падчас фотасэсіі ў старым горадзе, на менскай вуліцы Кірыла й Мятода.

На першым пляне фота — стары будынак зь вялікай шчылінай. А на другім пляне відаць вежы былога Бэрнардынскага касьцёлу, а цяпер праваслаўнай катэдры. Кася ўбачыла тут сымбалічны раскол, які адбыўся ў рэлігіі.

Кася Штырліц сказала: “Я буду ўдзельнічаць у конкурсе далей і ўжо накіравала шмат фатаздымкаў, і маю новыя, якія я прывезла з Польшчы. Я стала слухаю перадачы Радыё Свабода цягам апошніх двух гадоў і чытаю навіны на інтэрнэт-старонцы”.



Пераможцы конкурсу “Фота Свабоды” настройваюць прыймачы, якія яны атрымалі за лепшыя фота тыдня

23-гадовы Аляксей, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, называе сябе фотааматарам. “Мой здымак быў з канцэрту “Песьні свабоды”, прысьвечанага Дню незалежнасьці Беларусі. Гэта бел-чырвона-белыя сьцягі, якія лунаюць у сьвятле пражэктароў. Дзень незалежнасьці й бел-чырвона-белыя сьцягі я лічу вартымі ўвагі, было пазытыўнае ўражаньне. Я першы раз паслаў фатаздымак і перамог”. Аляксей слухае Радыё Свабода праз інтэрнэт і чытае вэб-старонку. “У мяне прыймач ёсьць, але там такі хруст, што “Свабоды” не пачуеш. Спадзяюся, што на гэтым прыймачы, які я выйграў, будзе прасьцей”, — кажа Аляксей.

21-гадовы Андрэй Дзюбайла — студэнт Беларуска-расейскага унівэрсытэту ў Магілёве. У верасьні ён упершыню быў на Крапівеньскім полі, дзе адзначалі ўгодкі Аршанскай бітвы. На гэтым полі Андрэй зрабіў здымкі, якія даслаў на конкурс. “Паколькі са мной быў мой фотаапарат, я вырашыў зрабіць сэрыю здымкаў для Радыё Свабода. Я вырашыў, што гэтая падзея будзе цікавай іншым слухачам і чытачам сайту Радыё Свабода. Дасылаючы свае здымкі я прадчуваў, што яны стануць пераможцамі на тыдні. На мой погляд, яны былі дастаткова ўдалыя і добра перадавалі атмасфэру сьвята, якое адбывалася на Крапівеньскім полі”.

19-гадовы Ільля Богдан зь Менску вучыцца ў Беларускім інстытуце правазнаўства на спэцыяльнасьці паліталёгія. Ён даслаў на Радыё Свабода сэрыю фатаздымкаў пад назвай “Невядомы Менск”. Гэта плошча Свабоды, Траецкае прадмесьце ды іншыя мясьціны. “Проста было нейкае натхненьне, хацелася нешта зрабіць, і паспрыяла добрае надвор’е. Фатаздымкі даволі прыгожыя атрымаліся, і я потым вырашыў даслаць іх менавіта на конкурс Радыё Свабода. Гэта было файна, што конкурс абвясьцілі пасьля выбараў, пасьля плошчы… На жаль, у мяне не было фатаздымкаў адтуль, але хапала розных ідэяў. Калі ты пасылаеш фатаздымак і бачыш, што яго запосьцілі на “Свабодзе”, гэта ўжо прыемна”.

Ільля таксама фотааматар, а здымкі рабіў простым лічбавым фотаапаратам.

“Тут самае галоўнае — твой погляд на нешта, твае ідэі й проста ты, бо мы ўсе розныя, і ідэі ў кожнага розныя. Можа, я нешта пабачыў своеасаблівае ў гэтых мясьцінах. Нехта іншы заўважыў бы нейкія новыя будынкі ці людзей. У мяне ёсьць цяпер такая цікавая задума — таксама стварыць сэрыю фота крыху іншай тэматыкі. Хочацца працягваць, і хочацца, каб гэты конкурс працягваўся. Цяпер гэта адзінае месца, куды ты можаш даслаць фатаздымкі. І гэта ўжо як добрая традыцыя”.



"Фота Свабоды" – Ваш погляд на беларускае жыцьцё. Дасылайце (з кароткім апісаньнем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сытуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай "fota Svabody".

Максымальны памер аднаго файлу – 1 мэгабайт. Рэкамэндаваны памер фатаздымку: ад 450 да 600 піксэляў у шырыню.

Паведаміце сваю кантактную інфармацыю.

Найлепшыя здымкі будуць апублікаваныя на сайце Радыё Свабода. Пераможцы атрымаюць узнагароды.

Галоўны прыз дня – вашыя фота на сайце "Свабоды"; Галоўны прыз тыдня – радыёпрымач “Roadstar”; Галоўны прыз году – паездка ў Прагу.

Таксама напішыце нам на svaboda@rferl.org, якія з апублікаваных фатаздымкаў вы лічыце найлепшымі. Мы ўлічым вашыя меркаваньні пры вызначэньні пераможцаў.

Ваша Свабода – Ваша фота! Увесь 2006 год!

Дасылаючы здымак на svaboda.org, Вы павінны ведаць, што фатаздымак трапляе пад правілы Радыё Свабода. Здымак не аплачваецца, але мы пакідаем за сабой права скарыстаць яго на сайтах Радыё Свабода, а таксама ў іншых СМІ. Пры гэтым Вы захоўваеце аўтарскае права на здымак, і мы пазначаем Ваша імя пад здымкам. Але Радыё Свабода ня можа гарантаваць, што мы апублікуем усе вашыя здымкі. Пры адборы да публікацыі перавага даецца актуальным здымкам падзеяў, людзей, сытуацый. Архіўныя фота, краявіды, помнікі, мастацкія партрэты, натурморты і да т.п. публікуюцца па меры магчымасьці. Радыё Свабода захоўвае за сабой права рэдагаваць камэнтары да фатаздымкаў. Радыёпрымачы, а таксама галоўны прыз – паездка ў Прагу – будуць разыгрывацца толькі сярод жыхароў Беларусі. Здымкі рэпартажнага характару павінны быць зроблены без ужываньня Фоташопу і іншых мантажных сродкаў і прыёмаў, якія скажаюць рэальную карціну. Падобныя здымкі будуць зьнятыя з сайту, а іхныя аўтары выключаны зь ліку ўдзельнікаў конкурсу.
XS
SM
MD
LG