Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Poluli: “Мае хобі — у гародзе корпаюся і жанчын люблю!”


Радыё Свабода Ці адпавядае ваш занятак таму, што вы робіце лепей за ўсё? Апытаньне на вуліцах Віцебску.

(Спадарыня: ) “Я працавала выкладчыцай у тэхнікуме. І калі ішла на пэнсію, мне здавалася, што з сэрца капае кроў – я дужа любіла сваю работу. Але гэта не замінала мне любіць танцы. Я магла б стаць балерынай! Але стала пэдагогам”.

(Хлопец: ) “Я працую будаўніком ужо шэсьць гадоў. Ды люблю спорт – бегаць па стадыёне, займацца боксам. Калі б я пачаў гэта рабіць раней, ды больш упарта, можа, і грошы зарабляў бы спортам”.

(Спадарыня: ) “Усім, што я любіла рабіць раней, я цяпер абсалютна не займаюся – у мяне на гэта бракуе часу, а то й жаданьня. Паводле прафэсіі я бухгальтар, але сесьці, заняцца паперамі – гэта для мяне ня дужа цікава, бо я чалавек энэргічны, мне трэба зносіны, людзі. Цяпер у мяне ёсьць для гэтага магчымасьці – гэта бізнэс”.

(Хлопец: ) “Я ўмею рабіць рамонты. Я ўмею капаць бульбу. Але паводле адукацыі я тэхноляг-канструктар швейных вырабаў. Адукацыя прыдаецца мне толькі ў зносінах з жанчынай: я адразу бачу, апранутая яна добра ці ня добра”.

(Дзяўчына: ) “Я працую бухгальтарам, гэта мая прафэсія. Але люблю маляваць. Нават хацела быць мадэльерам, а потым даведалася, што гэта непэрспэктыўна – што цяжка будзе потым сябе рэалізаваць, што вельмі шмат людзей з такой адукацыяй, якія нідзе не працуюць”.

(Спадар: ) “Ну, я працую настаўнікам выяўленчага мастацтва і працы. Не магу сказаць, што мне не падабаецца гэтая прафэсія. І ёсьць яшчэ ў мяне хобі – для душы я магу напісаць карціну алеем”.

(Дзяўчына: ) “Я дужа задаволеная сваёй спэцыяльнасьцю. Я працую майстрам манікюру – нарошчваю пазногці. Мне гэта падабаецца, але калі ў мяне дрэнны настрой, то я вышываю крыжыкам”.

(Спадар: ) “Я сьлесар механазборачных работ. Вучэльню скончыў, пайшоў працаваць на завод. А яшчэ? На лецішча ежджу, у гародзе корпаюся. І жанчын люблю!”
XS
SM
MD
LG