Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Бамжы" калгасных палеткаў


Міхал Стэльмак, Замасточча Пад Менскам на саўгасных палетках працуюць сталічныя беспрацоўныя. Тут яны адбываюць павіннасьць – грамадзкія работы. У 1997 годзе быў прыняты прэзыдэнцкі дэкрэт, паводле якога для атрыманьня дапамогі па беспрацоўі трэба выконваць так званыя грамадзкія працы. Тэрмін гэтых адпрацовак вызнаюць выканаўчыя камітэты.

Я знаходжуся ў вёсцы Замасточча Менскага раёну. Гэта – цэнтральная сядзіба саўгасу “Менскі”. Гутару зь мясцовымі жыхарамі, якія на палетках не працуюць:

(Людміла: ) “Зарплаты няма. Вось і гаспадарка. Хто будзе працаваць за 120-150 тысяч рублёў?! Аплата кватэры зімою даражэй каштуе. Вось вам і адказ. Я не зьвязана з саўгасам з 2000 году. Я не магла пражыць за тую заплату, што атрымлівала. Усе адсюль зыходзяць. Добрыя спэцыялісты сышлі”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Бамжы” езьдзяць рабіць. Тут праца ёсьць дык езьдзяць”.

(Карэспандэнт: ) “А чым яны займаюцца?”

(Валянціна: ) “Капусту, бульбу, моркву перабіраюць”.

(Уладзімер: ) “Працуюць. Я адзін раз з імі працаваў. Цяпер там сарціруюць цыбулю”.

“Бамжамі” вяскоўцы называюць беспрацоўных жыхароў Менску, якіх накіроўвае сюды сталічны цэнтар занятасьці. Сёньня іх тут каля трох дзесяткаў чалавек. На полі непадалёк ад вёскі яны ўбіраюць буракі:



(Галіна: ) “Так. Мы тут прыбіраем. Падымаем калгас”.

(Вера: ) “У іншых калгасах хоць абед возяць. А ў нас ніякіх абедаў, нічога. Маўляў, бярыце свае абеды”.

(Святлана: ) “За такую працу нам давалі толькі па адным вядры бульбы. Гэта кіляграмаў 7-8. Цяпер толькі пачалі па два вядры. Бульба ерундовая, дык яны ўжо пачалі па два вядры даваць”.

(Алена: ) “Раней яны давалі грашыма. У прынцыпе грашыма нявыгадна. Чаму? Таму што расцэнкі засталіся можа трохгадовай даўніны”.

Кіруе працай гараджанаў саўгасны аграном Жана Зьмітровіч. Вось як яна адгукаецца пра сваіх падначаленых:

(Зьмітровіч: ) “Тут няма каго хваліць. Прадукцыю яны мне адгружаюць нікудышную. Людзей просіш, але яны прыяжджаюць, толькі набраць сабе сумкі. Паглядзіце на іх твары. І прыяжджаюць п’яныя. Я ня ведаю, як іх там садзяць і як іх адпраўляюць”.

Працуюць на грамадзкіх работах пераважна асобы, якія прэтэндуюць на атрыманьне дапамогі па беспрацоўі. Яна складае ўсяго дзьве базавыя велічыні альбо 62 тысячы рублёў. Таму шмат беспрацоўных ігнаруе грамадзкія работы. Бальшыня з тых, хто адпрацоўваюць -- людзі невялікага дабрабыту і асобы, што злоўжываюць алькаголем. Яны ўпэўненыя, што іхная праца на калгасных палетках запатрабаваная. Беспрацоўны Аляксандр:

(Аляксандр: ) “Кажуць бамжы… А хто ж ім убярэ?! Мы ж усё ўбіраем у холад і сьнег. Хутка пойдзе капуста, маразы. А трэба ж будзе ўбіраць. Тут жа няма каму ў саўгасе ўбіраць”.

XS
SM
MD
LG