Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рыгор Сітніца: “Я веру ў Каханьне”


Радыё Свабода Рыгор Сітніца — удзельнік перадачы “Ў што я веру”

Я веру, што “Спачатку было Слова, й Слова было ў Бога, і Слова было Бог”.

Я веру, што “Бог ёсьць Любоў”, а таму першае Слова з існасьцю Бога, якое было напачатку, – гэта “Любоў”.

Я веру, што каханьне – найвышэйшы дар Госпада, які ёсьць складовай часткай Любові і бяз гэтае часткі няма й ня можа быць вялікага цэлага.

Ня маю сумненьяў, што каханьне нараджаецца не выпадкова, хоць абставіны ягонага нараджэньня часта маюць выгляд выпадковасьці. Але ж Боскія не раздаюцца проста так ды абы-каму, бо іхні сэнс – вялікая духовая праца, узыходжаньне, бо менавіта каханьне з біялягічных асобінаў мужчынскага й жаночага полу робіць сапраўдных людзей, здатных ня толькі працягнуць свой род, але і ўзвысіцца да Любові, а гэта азначае – наблізіцца да Бога.

Народжаны ў паляшуцкай сялянскай сям’і, веру, што я – дзіця сапраўднага каханьня й вялікай любові, а таму перакананы, што лёс для таго і пазнаёміў мяне з найлепшымі людзьмі гэтага сьвету – маімі татам і мамай, – каб я навучыўся ад іх каханьню й любові.

Я веру гэтым сваім словам, бо ведаю, якіх выпрабаваньняў ды непамыснае духовае працы запатрабавала ад мяне маё Каханьне, каб назаўжды стацца самай значнай падзеяй ды галоўным чыньнікам майго жыцьця, зрабіўшы яго вартым свайго найменьня.

Я веру, што людзі, якія зараз мне ня вераць, яшчэ не кахалі, альбо ня здатныя пакахаць.

У слоў “каханьне” і “любоў” дужа вялікая радня. Гэта словы “праўда, прыгажосьць, чуласьць, спагада, пяшчота, мілосьць, дабрыня”. Я ім веру.

Я веру добраму, бо добры спазнаў каханьне, а значыць – верыць яму гэтак жа, як і я. Добры хоча людзкасьці, гармоніі, ісьціны. І яму даецца, бо зь ім Любоў. Добрыя – адзінаверцы. Іхняя канфэсія – любоў. Іхняя царква – сям’я, сябрына, радзіна, Радзіма.

Веру, што Радзіма дадзеная нам для любові; а беларусы – нацыя, створаная, каб памнажаць любоў. Але, як і чалавеку, нацыі яшчэ трэба трохі падрасьці ды навучыцца любові. І тады Бог пакажа нам сваю ўзаемнасьць. І тады зло адчуе сваю паразу і пакіне нас, бо яму ніхто ня верыць. Бо ці ж можна верыць таму, што ня ёсьць раднёй Любові?

Зло не кахае. Яму кепска, калі побач жыве любоў. І каб яе зьняславіць, зло хлусіць, пляткарыць, ілжэсьведчыць.

Я ня веру злому, што гатовы поедам есьці бліжняга свайго за тое, што ён дабрэйшы, разумнейшы, закаханы. Злы таму й злуе, бо цяжка хворы на нястачу каханьня, бо не заслужыў яго, альбо пакрыўдзіў каханьне здрадаю ці душэўнай лянотай і застаўся без любові. Каб кампэнсаваць гэтую нястачу, злы прагне багацьця, славы, улады; а займеўшы іх, мае ўрэшце мітусьню, хлуд, пустэчу. Ён – ахвяра і сам сабе кат; ён – пакутнік уласнае нелюбові, варты жалю й спачуваньня.

Ды веру, што й злому дадзены шанец пакахаць, палюбіць, паверыць, тым заслужыўшы дараваньня й паратунку.

Бо я веру ў Каханьне.

Бо я веру ў Любоў.

Бо Любоў – гэта Бог.

Рыгор Сітніца – мастак і паэт. Удзельнік шматлікіх мастацкіх выставаў у Беларусі і замежжы. Творы Рыгора Сітніцы захоўваюцца ў музэях Беларусі, Польшчы, Грэцыі і Нямеччыны ды шматлікіх прыватных зборах. Вершы друкаваліся ў перыядычным друку ды калектыўных зборніках. Выкладчык калежду мастацтваў.


Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
XS
SM
MD
LG