Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пацячэ ў Беларусь туркмэнскі газавы “кактэйль”?


Ігар Карней, Менск У Кіеве скончыліся перамовы кіраўнікоў урадаў Украіны і Расеі. Сярод пытаньняў, якія ўздымалі Віктар Януковіч і Міхаіл Фрадкоў, была і цэнавая пэрспэктыва газавых паставак ва Ўкраіну. А якраз напярэдадні візыту расейскага прэм’ера зьявілася інфармацыя, што Ўкраіна ў наступным годзе гатовая паставіць у Беларусь 10 мільярдаў кубамэтраў газу па 130 даляраў за тысячу кубамэтраў з туркмэнскага аб’ёму, вызначанага кампаніяй “RosUkrEnergo” для Ўкраіны. Нагадаем, што расейскі манапаліст “Газпрам” прапанаваў Беларусі купляць у 2007 годзе газ па 200 даляраў за аналягічны аб’ём.

У дзень візыту расейскага прэм’ера ў Кіеў газэта “Коммеррсантъ” распаўсюдзіла інфармацыю: маляў, Беларусь звярнулася да кіраўніцтва Ўкраіны з жаданьнем набываць туркмэнскі газ, які “RosUkrEnergo” купляе ў “Газпраму” для Ўкраіны па 130 даляраў. Магчымы кошт ад перапродажу туркмэнска-украінскага “кактэйлю” не называеццца, аднак кажуць, што гэта больш выгадна, чым непасрэдна купляць газ у “Газпрама” па 200 даляраў. Магчымасьць падобнай схемы камэнтуе эканаміст Тацяна Манёнак.

(Манёнак: ) “І хоць падчас візыту ва Ўкраіну Фрадкова афіцыйна не было сказана, што чакаюцца перамовы наконт умоваў паставак прыроднага газу ў наступным годзе, але ж, здаецца, цяпер адно з самых актуальных пытаньняў для Ўкраіны – канчаткова дамовіцца з расейскім бокам аб умовах паставак, аб кошце газу. І, канешне, у гэтым выпадку даволі выгадна ўкраінцам быць салідарнымі зь беларускім бокам, зь беларускім урадам, каб нейкім чынам аказваць уціск на “Газпрам”, на манаполію, якая будзе пастаўляць газ”.

Паводле спадарыні Манёнак, Украіну і Беларусь злучае газаправод Івацэвічы-Даліна з прапускной здольнасьцю каля 8 мільярдаў кубамэтраў. Ці рэальна задзейнічаць гэты ўчастак на поўную магутнасьць? Тацяна Манёнак лічыць: рабіць гэта ў абыход “Газпраму” для беларускага кіраўніцтва досыць небясьпечна.

(Манёнак: ) “Ёсьць невялічкая газавая перамычка Таржок-Даліна-Івацэвічы, па якой прыродны газ ідзе праз Беларусь ва Ўкраіну. Калі былі больш цёплыя адносіны паміж Украінай і Расеяй, ішла гаворка, каб павялічыць магчымасьці перапампоўваньня газу на 5 мільярдаў кубамэтраў. Але я сумняваюся, што Ўкраіна зможа набыць у Расеі гэты кактэйль ад сярэднеазіяцкага газу, каб мець магчымасьць потым перапампаваць яго ў Беларусь. Трэба мець на ўвазе, што ў любым выпадку транзытная труба – гэта труба адзіная, і манаполія знаходзіцца ў “Газпрама”. Думаю, беларускі бок сур’ёзна разумее: калі нейкім чынам весьці перамовы за сьпіной у асноўнага пастаўшчыка, то гэта можа мець сур’ёзныя наступствы для беларускага боку таксама”.

Кіраўніцтва Беларусі ў газавым пытаньні трымаецца ранейшай пазыцыі: згодна з саюзнымі дамоўленасьцямі, кошт расейскага газу мусіць быць аднолькавы для суб’ектаў гаспадараньня двух краінаў. Ёсьць зьвесткі, што новы раўнд перамоваў паміж “Белтрансгазам” і “Газпрамам” пачнецца бліжэйшым часам. Таму пэрспэктыва паставак газу з Ўкраіны ў абыход Расеі пакуль што застаецца неакрэсьленай.

Напачатку 2006 году “Газпрам” агучыў намер прадаваць Беларусі прыродны газ па 200 даляраў за тысячу кубаметраў. Беларускі бок ніяк не адказаў на камэрцыйную прапанову, настойваючы на захаваньні старых коштаў – 46,68 даляра, што, маўляў, акрэсьлена саюзнымі дамоўленасьцямі. Прыблізна такія ж кошты “Газпрам” прапаноўваў і Ўкраіне, аднак, паводле папярэдняй інфармацыі, учора бакі знайшлі паразуменьне на адзнацы не вышэй 130 даляраў, што істотна меней за ранейшую прапанову.
XS
SM
MD
LG