Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Опэрны тэатар пасьля рамонту стане на два паверхі вышэй


Радыё Свабода, Менск Агляд недзяржаўнага друку 25 кастрычніка

“Бобруйский курьер” у сераду піша пра галадоўку сябраў незалежнага прафсаюзу “Белшыны”. Распавядае бабруйскі журналіст Віктар Качан.

(Качан: ) “У аўторак да іх прыехала прадстаўніца Менскага офісу АБСЭ, у панядзелак прыязжалі салігорскія шахцёры, каб падтрымаць іх. Намесьнік дырэктара “Белшыны” Аляксандар Казлоў паабяцаў ім выплаціць усё, што не даплацілі. Што да юрыдычнага адрасу, то ўсё залежыць ад гарвыканкаму, калі гарвыканкам дазволіць, то і кіраўніцтва прадпрыемства дазволіць”.

Архівы Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы ствараюць інфармацыйна-пошукавую сыстэму па родзе Радзівілаў, паведамляе “Наша Ніва”. У архіве Беларусі знаходзяцца больш за 26 тысяч дакумэнтаў князёў Радзівілаў, першыя зь якіх датуюцца XIV стагодзьдзем, апошнія – 1939 годам. Значная частка матэрыялаў знаходзіцца ў Галоўным архіве старадаўніх актаў у Варшаве. Невялікую колькасьць дакумэнтаў маюць архівы Літвы і Ўкраіны. Мэта праекту – ўзьяднаньне ў інфармацыйна-пошукавай сыстэме некалі вядомага нясьвіскага архіўнага комплексу.

“Комсомольская правда в Белоруссии”. “Опэрны тэатар стане на два паверхі вышэй”. Падчас рамонту ў сутарэньнях тэатру знайшлі дзьве мармуровыя магільныя пліты. На адной – жаночае імя, на другой дакладна чытаецца надпіс: “Тут пахаваны яфрэйтар 218 танкавага палка Гюнтэр Келер. Загінуў 12 жніўня 1943 года”. Супрацоўнікі тэатру адразу ж патэлефанавалі ў нямецкую амбасаду. Помнікі ўжо забралі.

“Газэта Слонімская” : “Паляўнічыя змагаюцца з шаленствам”. Сёлета зарэгістраваныя выпадкі шаленства хатняй жывёлы: кароў і коней, козаў, авечак, катоў, сабак і нават хамяка. У дзікай прыродзе (акрамя лісіц, ваўкоў і янотаў) былі зарэгістраваны выпадкі шаленства баброў, андатраў, сусьлікаў і дзікоў. Па інфармацыі Мінпрыроды, у бліжэйшы час плянуецца правесьці вакцынацыю лісіц, ваўкоў і янотападобных сабак. Па зімовых падліках, у беларускіх лясах налічвалася 1,5 тысячы ваўкоў, каля 50 тысяч лісіц і больш за 10 тысяч янотападобных сабак. З улікам таго, што летам у гэтых драпежнікаў зьявіўся маладняк, іх колькасьць павялічылася як мінімум удвая, мяркуюць спэцыялісты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG