Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія танцы на YouTube.com – самыя папулярныя


Ганна Соусь, Прага Беларускі відэаролік, дасланы на адзін з найбольш папулярных у сьвеце сайтаў YouTube.com, ужо некалькі тыдняў зьяўляецца лідэрам паводле колькасьці праглядаў і камэнтароў. У роліку крыху болей за тры хвіліны паказваюць танцы на нейкім банкеце. Відэаролік глядзела і чытала камэнтары наша карэспандэнтка.

Сьвяточна апранутыя людзі крыху на падпітку танчаць пад расейскую папсу, праўдападобна, у арандаванай для банкету недарагой кавярні альбо сталоўцы. Кожны скочыць, як можа, аднак апэратар-аматар найчасьцей накіроўвае камэру на маладзёна, які танчыць шалёна і з імправізацыямі. Побач жа сур’ёзна вальсуюць пары.

Беларусаў, напэўна ж, зусім бы не зьдзівілі раскаваныя і гульлівыя скокі, якія дастаткова часта можна пабачыць на вясельлях да іншых урачыстасьцях. Аднак на амэрыканцаў гэты ролік зрабіў моцнае ўражаньне. Яго праглядзелі тысячы наведнікаў сайту YouTube.com, у лік фаварытаў сайту яго занесьлі 1 311 разоў, што да камэнтароў, то на сёньняшні дзень іх ужо 1 337. Вось што пішуць наведнікі сайту пра беларускія танцы:

“Выглядае як вясельле, я быў на такім у Філядэльфіі”.

“Калі б Джэксан паходзіў зь Беларусі...”

“Вось гэта танцы. Вітаем у сьвет усходнеэўрапейскага танцу”.

А што такое Беларусь наогул? Ці гэта вар’ятня? Запытваецца наведнік, а другія адказваюць: “Беларусь – месца, якое ніколі не перастала быць СССР”. “Адна з апошніх краінаў Савецкага Саюзу, замарожаная ў 1980-х гадах, а на відэа – жывыя экспанаты”.

І яшчэ адно: “Освальд быў некалі ў Менску. Цяпер мы ведаем, чаму ён звар’яцеў пасьля такіх вечарынак. Ня дзіва, што сайты для рускіх нявестаў такія пасьпяховыя, яны уцякаюць ад такіх генаў”.

“Гэта тое, што жалезная заслона робіць са сваімі грамадзянамі”. Ёсьць і прыхільныя ацэнкі: “Менск выглядае клёва. Я пераяжджаю туды”.

Але найбольш водгукаў атрымаў танцор-маладзён. “Ён балдзее на сумесі экстазі, крэку, грыбоў, польскага самагнёту і конскай мачы.

“Я паляк”, – піша іншы наведнік сайту, – “і люблю Беларусь, гэта самы танны сусед Польшчы. Там таннае піва, прыгожыя дзяўчыны, цудоўная музыка і вясёлыя вечарынкі. Я люблю беларусаў”.

Ёсьць камэнтары і з Беларусі: “Мы, беларусы, рулім па-страшнаму, асабліва калі напьемся. Іншы наведнік піша: “Ну і калгас! Нават і без танцора”.

“Як крута – толькі танчыць. Не клапаціцца пра тое, што скажуць людзі, а проста танчыць і ў выніку станавіцца інтэрнэт-зоркай”, піша наведнік YouTube.com.

Пакуль невядома, ці ведаюць самі героі відэароліку, якую рэакцыю ў сьвеце выклікалі іхныя танцы. Аднак карэспандэнты Свабоды паспрабуюць іх знайсьці і пацікавіцца іхняй рэакцыяй.

Цяпер некалькі словаў пра сам сайт YouTube.com. У лютым 2005 году яго заснавалі былыя супрацоўнікі кампаніі “PayPal” Чэд Хэрлі і Стывэн Чэн, якія цяпер, праз 19 месяцаў сталі мультымільянэрамі і жывым увасабленьнем амэрыканскай мары. Яны задумалі сайт YouTube.com, як просты інструмэнт для абмену відэафайламі. З тэхнічнага пункту гледжаньня ўсё выглядае бездакорна. Карыстальнік літаральна за два клікі мышы можа закачаць са свайго кампутара відэафайл і разьмясьціць яго ў інтэрнэце.

Наведваньне YouTube расло неверагоднымі тэмпамі: у жніўні аўдыторыя рэсурсу склала каля 74 мільёнаў чалавек. Зусім нядаўна кампанія Google набыла YouTube Inc. за $1.65 мільяраў даляраў у выглядзе акцый. Праект, які зарадзіўся на глебе энтузіязму, прынёс яго стваральнікам сотні мільёнаў даляраў. Нечаканае рашэньне Google аналітыкі ацанілі, як разумнае. Кампанія набывае гатовае рашэньне для пранікненьня на рынак відэарэклямы, а таксама атрымлівае вялізарную колькасьць наведнікаў.

Гл.таксама: Відэаролік зь беларускімі танцамі на сайце YouTube.com
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG