Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні альбом: Фібравы чамадан


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

Яшчэ гадоў сорак таму валізкі, ці, іначай, чамаданы, былі часткай хатняга інтэр’еру. Іх ставілі – з долу самы вялікі, на гары паменей – на шыфаньеры. Эпоха скурзаму тады толькі пачыналася, і чамаданы рабілі зь фібры. Матэрыял гэты выраблялі шляхам насычэньня некалькіх слаёў паперы рашчынай хлярыду цынку з наступным прасаваньнем.

Чамаданы былі даволі лёгкімі і трывалымі: куты былі абабітыя мэталёвымі бляшкамі, а ручка мацавалася колцамі зь нержавейкі. Адзіны недахоп – фібра бязьлітасна лупілася. Каб таго пазьбегнуць, на чамаданы нацягвалі чахлы з тоўстай шэрай палатніны. Пустыя чамаданы гучна грукалі, і я, малы, прасіў пры выпадку бацьку выбіць пальцамі рытм “Карэла-фінскай полькі”. У яго гэта фахова атрымлівалася. “Грыміць усімі фібрамі чамаданнай душы”, – любіў казаць пры гэтам бацька.

У чамаданах гаспадыні захоўвалі пасьцельныя рэчы і вопратку, перасыпаючы іх, у змаганьні з мольлю, нафталінам. Каб надаць чамадану прыемнага паху, у іх з восені клалі крамяную антонаўку. Мая маці аднойчы наклала яе пад самае века. Чамаданнае нутро потым і сапраўды прыемна пахла, а вось яблыкі давялося выкінуць, бо тхнулі нафталінам.

Былі яшчэ невялічкія фібравыя чамаданы. Зь імі хадзілі ў лазьню, таму называлі лазеннымі. А яшчэ зь імі хадзілі на заняткі ў вечаровую школу, бо хлопцам-пераросткам няёмка было цягаць у руках партфэлі. Хлопцы, у меру свайго эстэтычнага сьветагляду, іх упрыгожвалі: ляпілі на нутраным баку века каляровыя ілюстрацыі з часопісу “Огонёк”. Часьцей за ўсё гэта былі фатаздымкі дзяўчын. Зрэшты, маглі прыляпіць і карціну Іагансона “Выступ Леніна на 3-м зьезьдзе камсамолу”.

Неўзабаве чамаданы сталі выпускаць з замкамі, якія зачыняліся мініятурнымі ключамі. Знаёмы майго бацькі паехаў неяк адпачываць у Друскенікі, і за дзень да вяртаньня згубіў тыя самыя ключы. І цьвіком спрабаваў адчыніць, і адмыслова скручаным дроцікам… Урэшце, мусіў узломваць чамадан, а па дарозе дахаты зьвязваць яго падзертай жаночай панчохай.

У другой палове шасьцідзясятых шыфаньеры сталі замяняць паліраванымі шафамі, і фібравыя чамаданы запіхнулі пад ложкі. А ў хуткім часе наагул зьвезьлі на лецішчы, дзе ў іх сушылі цыбулю. Пагатоў, у той час зьявіліся элегантныя, з маланкай па пэрымэтры, валізы са скурзаму. На гэтым, уласна, і скончылася гісторыя фібравага чамадану.
XS
SM
MD
LG