Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Андрэй Пяткевіч (13.6.1966 – 29.4.1995)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Сябры казалі, што вялікае й мізэрнае, высокае й нізкае, прарочае і аблуднае спалучалася ў ім — “паэце ад Бога” — арганічна, як ні ў кога іншага, сам жа Андрэй заставаўся пры гэтым цэльным, як крышталь. Я сустракаўся зь ім усяго тройчы, і першае ўражаньне — о, як шмат зацятасьці, вальналюбнасьці й бунтоўнасьці ў гэтым, нечым падобным да дзядка-лесавічка худзенькім юнаку з хворым сэрцам — з кожным разам рабілася ўсё мацнейшым.

Тыя зьвесткі пра Андрэя, што я атрымліваў ад ягоных і маіх калегаў з Таварыства вольных літаратараў, стваралі жыцьцяпіс, падобны да легенды.

У 1989-м на вечарыне ў Гарадзенскім унівэрсытэце студэнт Пяткевіч, вядомы як адзін з стваральнікаў сумнеўнай суполкі “Верш-гурт Дыяген”, прадэклямаваў свой паэтычны твор “Над нашай краінаю свастыкай зорка...” Вынікам гэбісцкіх допытаў сталася публікацыя ў газэце “Пагоня” скандальнага Андрэевага артыкулу “Паэт і камітэт”.

Працягваць навучаньне пасьля ўсіх гэтых падзеяй ён ня здолеў і вярнуўся ў родную наваградзкую вёску, дзе жыў на інвалідную пэнсію й сродкі ад зьбіраньня зёлак. У вольны ад гэтага грамадзкакарыснага занятку час Андрэй пісаў.

Хто мяне чакае ўночы? Можа, д’ябал, мо Хрыстос? Ці ўспамінаў нашых вочы, Вечна мокрыя ад сьлёз.

Ды каму, скажы, патрэбны Я на хутары сваім? Усьміхнуўся месяц срэбны, Што калісьці быў жывым.

Тыя гады былі для яго пэрыядам своеасаблівага Богашукальніцтва. “Я хаця лічу сябе поствернікам, але “Бог” заўсёды пішу зь вялікай літары”,— прызнаваўся Андрэй.

Заўзята й вынаходліва змагаючыся з хлусьнёй ў розных яе іпастасях, Пяткевіч зарэкамэндаваў сябе ўмелым і вясёлым кансьпіратарам і містыфікатарам. 14 ліпеня 1990 году сьвіслацкая раёнка “Заветы Ильича” надрукавала ягоную бяскрыўдную, на першы погляд, рыфмаванку, што, як неўзабаве выявілася, была шкодніцкім акравершам “КПСС — наш вораг”. Асаблівую пікантнасьць публікацыі надавала тое, што верш зьявіўся ў тым самым нумары, дзе паведамлялася пра ХХVІІІ зьезд КПСС, а зь першай паласы ўсьміхаўся Міхаіл Гарбачоў.

Празь некалькі гадоў Андрэй напіша пра “нашчадкаў Маркса”, якія зусім нядаўна руйнавалі храмы, а цяпер аднаўляюць іх,

...Каб без Хрыста ня ўстаць, ні сесьці. А ў тыя храмы ходзяць хамы, Што апанэнтаў хочуць зьесьці...

Андрэю прапаноўвалі аднавіцца ў alma mater. Ён адказаў вершам:

Мая бочка — калгас, А я сам — Дыяген.

Не вярнуся да вас, Не схілю я кален!

Ён жыў з прадчуваньнем блізкае сьмерці і свой падрыхтаваны да друку першы зборнік назваў з пранізьліва-вусьцішнай шчырасьцю – “Шчасьлівым сканаць”.

Дзень ягонага разьвітаньня з гэтым сьветам невыпадкова зусім побач з датай першага ініцыяванага рэжымам рэфэрэндуму. Андрэй зацята спрачаўся з аднавяскоўцамі і з бацькамі. Аднойчы сэрца канчаткова стамілася. Пасьля сынавай сьмерці ўсе ягоныя дзёньнікі й сшыткі зь вершамі бацька аддаў агню...

Сёлета Андрэй мог бы адзначыць усяго сорак.

А я, напэўна, застануся з птушкамі, Пакіну людзям непатрэбны тлум. Дзе ветрык раніцай туманы гушкае, Я адзіноту зноў сваю нясу...
XS
SM
MD
LG