Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 23 кастрычніка


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Блогер Андрэй Нікалаеў зьвяртаецца да галадоўнікаў царквы “Новае жыцьцё”, якія патрабуюць ад наведнікаў здымаць пры ўваходзе ў малельны дом значкі “За Свабоду”: “Я лічу, што “барацьба” супраць значкаў адштурхнула ад вернікаў даволі вялікую колькасьць актыўных маладых людзей, якія так ці інакш падтрымлівалі акцыю, ці проста былі ляяльныя да яе. … Уявіце сабе такое: нейкі чалавек бултыхаецца ў возеры й крычыць: “Дапамажыце, людзі! Божа, ратуй мяне!” Хрысьціянін у трусах і з крыжыкам на шыі самааддана кідаецца ў ваду. Калі ён ужо быў даплыў да гаротніка, той кажа яму: “Схавай крыжык у трусы, бо тут возера, а не царква … Усіх вернікаў і змагароў Свабоды я прашу не адварочвацца ад галадуючых пратэстантаў. А пратэстантаў прашу не адварочвацца ад тых, хто спрабуе ім дапамагчы”.

Сецявы інфармацыйна-аналітычны часопіс ”Новая Эўропа” публікуе дасьледваньне “Палітыка як “дзіцячы” вобраз жыцьця ў Беларусі”. Аўтар, які падпісваецца псэўданімам Kak.Nickto.Drugoj дасьледуе вобраз дзяцей напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Сярод іншага аўтар аналізуе афіцыйныя прапагандысцкія біг-борды з сэрыі “За Беларусь”, дзе сярод выкарыстоўваліся вобразы непаўнагадовых розных узростаў. Цытую дасьледваньне: “Вобразы інфантыльнага грамадзтва” – так завецца адзін з разьдзелаў. На думку аўтара, лёзунг “хто быў нікім – той стане ўсім” дастасоўны ня толькі да пралетарыяту часоў Карла Маркса, але і да непаўнагадовых. У несфармаванай яшчэ сацыяльным чынам моладзі ўсё наперадзе, яны маюць самыя розныя варыянты для выбару шляху і самарэалізацыі. Тое ж самае датычыць і цэлых сацыяльных груп дарослых. Дзяржава клапоціцца пра дзяцей, дзяржава клапоціцца пра дарослых грамадзянаў, якія, нібыта, маюць магчымасьць выбраць сабе новае – лепшае жыцьцё. Грамадзтва – як “дзеці” адносна дзяржавы. Аўтар задае іранічнае пытаньне: “Хіба хтосьці можа быць супраць “дзяцей”?

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць навіну пра тое, што ў вёсцы Осава Бабруйскага раёну шэсьць новых дамоў, якія ў вёсцы клічуць “прэзыдэнцкімі” здалі ў карыстаньне без вады, цяпла і электрычнасьці. У дамах вільготна, і жыць там немагчыма. Вось некаторыя камэнтары:

“А народ яшчэ верыць у сьветлую будучыню”.

“Але ж гэта нашыя з вамі (падаткаплатнікаў) грошы, якія мы бы выкарысталі больш эфэктыўна”.

Якія нацыянальныя кухні можна пакаштаваць у Менску? Якія зь іх самыя экзатычныя для Беларусі? Тыбэцкая, нэпальская, індыйская, цыганская, украінская, баўгарская… Аўтары новага сайту Relax.by заяўляюць пра намер стаць найбольш поўнай і апэратыўнай крыніцай інфармацыі пра менскія кавярні і рэстарацыі. Распавядае кіраўнік праекту Міхаліна Емяльянава:

(Емяльянава: ) “Галоўная фішка сайту – гэта будзе адзіны сайт у байнэце, які будзе прапаноўваць відэапанараму. Можаш сядзець у інтэрнэце, і пахадзіць па рэстарацыі, якую ты абраў, ты можаш заказаць сабе столік, які сам выбярэш. Як у кампутарных гульках, ты можаш цалкам прайсьціся па інтэр’еры. На дадзены момант у нас у базе 112 рэстарацыяў, і каля 170 кавярняў. У нас будзе самая сьвежая інфармацыя, самыя правільныя нумары тэлефонаў. У нас яшчэ будуць мэню з коштамі. Прычым можна напісаць усё, што заўгодна, акрамя мацюкоў, і яно будзе ў камэнтарох”.

Інтэрнэт-суполка Afisha_by анансуе прэзэнтацыю новай кнігі паэзіі Зьмітра Вішнёва пад назвай “Фараон у заапарку”. Імпрэза адбудзецца 24 лістапада а 18-й у канфэрэнц-залі менскага Палацу Мастацтваў. А з інтэрнэт-суполкі druhi front можна спампаваць верш Зьмітра Вішнёва ў аўтарскім чытаньні.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG