Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Начная аБЛОГа” – 24 кастрычніка


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

Удзельнікі форумаў парталуTUT.by сёньня абмяркоўваюць сытуацыю на заводзе “Віцязь”. Цяпер праваахоўныя ворганы расьследуюць карупцыйныя злачынствы, удзел у якіх інкрымінуецца некаторым кіраўнікам віцебскага прадпрыемства. Гаворка ідзе пра атрыманьне хабару 100 тысячаў даляраў, нямэтавае выкарыстаньне дзяржаўных сродкаў і фінансавыя страты прадпрыемства, якія вымяраюцца мільёнамі даляраў. Цяпер “Віцязем” займаецца ня толькі міліцыя, але й Рада бясьпекі й асабіста кіраўнік краіны. Вось што мяркуюць з гэтай нагоды ўдзельнікі форумаў:

“…засваеньне іншых рынкаў не зьяўляецца злачынствам. Калі пабочныя прадпрыемствы прыбытковыя й прыносяць грошы, дык у чым праблема злачынства? Калі накраў нехта на заводзе, дык да чаго тут прэзыдэнт і рада бясьпекі? Ёсьць пракуратура й суд… відаць, не падзяліліся…”

“Праблема ў тым, што дзяржава падтрымлівала тэлевізійную вытворчасьць, а яны ў мэблевую грошы ўкладалі. То бок, нямэтавае выкарыстаньне сродкаў. Іншая справа, што хацелі як лепей – дзяржаўныя грошы ў нармальную справу пусьціць, але ініцыятыва ў нас не ўхваляецца, як вядома”.

Нехта Hedinthedark у суполцы блогераў minsk_by вырашыў зьмясьціць верш, які палічыў вельмі актуальным. Вось урывак:

“Кожны дзень праглядаю навіны, Твары вельмі схудалыя бачу, Галадае за шчасьце краіны Да старых маладыя ў прыдачу.

Вучань трэцяй сярэдняе школы, Прачытаўшы на "хартыі" тэксты, Адмаўляецца піць "бела-колу", Есьць ня хоча духмяныя кексы.

Страйкаваць стала дужа нямодна, І пратэст – у крыўляньні і толькі, Стала крута быць вельмі галодным, На канцэртах выскокваць полькі”.

Сайт Беларуская жаба прапануе новы каляж. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін размаўляе па тэлефоне з Аляксандрам Лукашэнкам. “На выпадак праблемаў з газам, Саша, тэлефануй 04”.

На форумах сайту Нашы дзеткікабеты абмяркоўваюць псыхалёгію раўнівых людзей. “Рэўнасьць грунтуецца на пачуцьці ўласнасьці, а ці можа быць уласнасьцю іншы чалавек? На мой погляд – не… – цьвердзіць Mary. – Але, якімі б ні былі прычыны, пачуцьцё рэўнасьці як эмоцыя шкоднае і для таго, хто раўнуе, і для таго, каго раўнуюць: гэта недавер, неспакой, негатыўная ўзрушанасьць для аднаго і неабходнасьць апраўдвацца, непрыемнае зьдзіўленьне для іншага”.

Bullochka у сваім інтэрнэт-дзёньніку дзеліцца жыцьцёвымі назіраньнямі й называе нататку “Плён асьветы”. “Глядзіць мая дзіцёнка мульцік пра дыназаўраў. Савецкі. Там дыназаўр нясе ў няўклюдных лапах букет першабытных папарацяў. Насустрач яму з зарасьцяў першабытных хвашчоў выходзіць дыназаўрыха. Яны – нават не абдымаюцца – сарамліва ўтыкаюцца адзін у аднаго. І крочаць у блакітную далячыць экрана… Санька камэнтуе: “Гэта яны спарвацца пайшлі”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG